Паштовая скрынка

 

Вадзіму Б. Ідзе сьнег, сьвеціць сонца, вы абдымаецеся, нясеце байдарку, вакол вялікі горад, казачны краявід... І — нічога акрамя гэтага.

Зьмітру Б. з Дубровенскага раёну. Моўныя памылкі мы зьбіраем, але для ўнутранага карыстаньня. Пра варыянтнасьць: калі адны кажуць «у лясах», а іншыя «у лясох», дык мабыць абедзьве формы маюць права на існаваньне ў пісьмовых тэкстах. Гэтак сама ў пэўных стылёвых мэтах апраўдана ўжываць словы «цела» і «плоць», «моч» і «мача» і г.д.

Язэпу Л. з Салігорску. «Не было стагодзьдзя, каб беларускі народ не пакутаваў ад сваіх суседзяў». А ХІІІ-е? А ХV-е? А ці ёсьць увогуле нейкі сярэднеэўрапейскі народ, які б цэлае стагодзьдзе не «пакутаваў ад суседзяў»? «Расейцы, немцы, палякі і іншыя народы заўсёды лічылі сваім абавязкам «несьці крыж» пакутнай Беларусі. Кожны зь іх зьдзекаваўся з нашага народу, мовы, культуры». Якім гэта чынам немцы «зьдзекаваліся з нашае мовы і культуры»? Што за «іншыя народы»? «Такога яшчэ не было, каб незалежная краіна добраахвотна лезла ў стальныя абцуговыя абдымкі Расейскай Імпэрыі». А Багдан Хмяльніцкі? А Таргавіцкая канфэдэрацыя? А грузіны? Любыя калянізатары — і ангельцы ў Эгіпце, і французы ў Марока, і расейцы ў Казахстане — заўсёды афармлялі захопы як добраахвотнае далучэньне.

Рыторыка, так характэрная для посткамуністычнай публіцыстыкі, цяпер успрымаецца як сатыра і гумар. It has had its day. Абурэньне можа кандэнсавацца ня толькі ў агітацыю за шчасьце, але і, напрыклад, у сумленную кроніку рэчаіснасьці.

Заклікаў да ўзброенай барацьбы мы друкаваць ня можам.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0