Калядны зварот да суайчыньнікаў Старшыні Рады БНР спн.Івонкі Сурвіллы

 

Дарагія суродзічы!

Віншую вас з Каляднымі сьвятамі і з Новым 2000-м годам. Жадаю вам шчасьця, здароўя і дабрабыту.

Цяжка, аднак, як гэтага вымагае традыцыя, жадаць вясёлых сьвятаў, калі будучыня вашая робіцца з кожным днём больш праблематычнай. Дамова з Масквой, хаця яна і незаконная, ды падпісаў яе ўжо не прэзыдэнт, якому вы даручылі свой лёс, а чалавек, які здрадзіў ваш давер, мяне асабліва трывожыць. Яна дазволіць Маскве адкрыта акупаваць нашую краіну, ствараць свае вайсковыя базы ды засельваць яе чужынцамі, варожымі да ўсяго беларускага. Нават у выпадку вольных выбараў яны будуць галасаваць не за Беларусь, не за вашыя інтарэсы, а за вашае паняволеньне, за інтарэсы вашага суседа.

Магчыма і непрыстойна прыпамінаць у гэты сьвяточны пэрыяд так прыкрую рэчаіснасьць, але вашая доля, дарагія суродзічы, ваш дабрабыт, вашая жыцьцяздольнасьць увесь час у маіх думках.

Моцна прашу вас: не дапусьцеце ўзурпатара і яго кагэбісцкага акружэньня ператварыць незалежную Рэспубліку Беларусь у расейскую правінцыю, а то і ў наступную Чачэнію; не дапусьцеце чужынцаў адабраць ад вас ваш беларускі дом, бо толькі калі вы будзеце гаспадарамі ў сваім доме, асягнеце той дабрабыт, аб якім вы марыце.

Дык жадаю вам, дарагія суродзічы, мужнасьці ды адвагі ў змаганьні за лепшую долю.

Калядныя і навагоднія сьвяты ёсьць ва ўсім сьвеце часам пераходу, пачынаньня новых надзеяў. Дай Божа, каб мы ўсе ня толькі гэта адчулі на парозе 2000-га году, але і узялі рашэньне да гэтага спрычыніцца.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Івонка Сурвілла.

24 сьнежня 1999 году, Атава


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0