Антынароднае рашэньне

 

Улады прынялі-ткі пастанову забараніць ужываць у назвах партыяў ці грамадзкіх аб’яднаньняў словы “народны” ды “нацыянальны”

 

Фэнамэнальная пастанова, нават ніякага камэнтару не патрабуе. Праблемы цяпер паўстаюць перад БСДП “Народная грамада” ды Беларускім Народным Фронтам. Як зазначалася на пазачарговым Сойме руху і Партыі БНФ учора, гэтая пастанова — удар менавіта па БНФ, бо толькі ў яго слова “народны” зьяўляецца асноўным назватворным.

“Назва Беларускага Народнага Фронту заслужана прысутнічае ня толькі ў «Беларускай энцыкляпэдыі» ды «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», але і ў грамадзкай сьвядомасьці, і нікому ня ўдасца яе сьцерці, — адзначаецца ў заяве прэс-службы БНФ. Забарона на слова “народны” — цемрашальская, бо гэтае самае азначэньне маюць шматлікія палітычныя й грамадзкія арганізацыі іншых краінаў. Так, народныя партыі многіх краінаў Эўропы аб’яднаныя ў фракцыю Эўрапарлямэнту, якая так і называецца: Эўрапейская Народная Партыя”.

Але пакуль што справы такія, што назву неяк мяняць прыходзіцца. Ува Фронце не казалі пра якія перайменаваньні. Прыдумалі наступнае: зараз Партыя Беларускага Народнага Фронту так і мае называцца — Партыя БНФ (ПБНФ). А рух Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”— Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне”. Без расшыфроўкі абрэвіятураў. І хай Мінюст даказвае, што БНФ не азначае Баршчэўскі плюс Фёдараў.

Н.Дз.

P.S. Іншая рэч, што якраз абрэвіятура БНФ для часткі людзей намаганьнямі ўладаў цьвёрда набыла адмоўную афарбоўку. І на расшыфроўку яны не зважаюць. Неяк у практычных мэтах папулярызацыі можа й можна было б неяк зьмяніць назву, каб абрэвіятура памянялася. Але на загад хунты апазыцыя свае назвы мяняць ня хоча. Вось утвораць нацыянальныя сілы шырокую кааліцыю — і назву новую й добрую прыдумаюць.

 

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ учора на сойме вырашыла падаць у суд на «палату» ў сувязі зь ейнымі зьменамі ў Закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0