Радзіла рэбёнка, а ўсё грэбёт і грэбёт
22 сьнежня на малой лядовай арэне сталічнага Палацу спорту Аляксандар Лукашэнка віншаваў юнацкую хакейную зборную Беларусі зь перамогай на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў групе”Б”
Сярод выхаванцаў Уладзімера Меленчука да ўзнагароды быў вылучаны і лядовы снайпэр, форвард юніёраў Андрэй Мароз, які пад час адной гульні, нібы выпадкова, як сьцьвярджае “Зьвязда”, запусьціў шайбу ў бок гасьцявой ложы, у якой усьсядаў Лукашэнка ды ягонае абкружэньне. Па словах тае ж “Зьвязды”, ППРБ не пакрыўдзіўся на хакеіста, бо “ў хакеі нават балельшчыкам трэба быць гатовымі адбіць шайбу”. Аднак мы лічым, што аб узнагародзе зусім яшчэ ня дзеда Мароза варта было б паклапаціцца і галоўнаму МФаўскаму снайпэру Лі Гарві Скочку.
Цікава, што Лукашэнка аддзячваў нашым юнакам, быўшы апрануты па поўным хакейным раскладзе, між тым як самыя спартоўцы красаваліся на лёдзе ў звычайных касьцюмах. На думку журналіста радыё “Рацыя” Багдана Арлова, калі прыйдзе час узнагароджваць слынную акадэмічную вясьлярку Кацярыну Хадатовіч-Карстэн, Лукашэнка гэта зробіць, седзячы ў каноэ ці якой пірозе і аддана шчыруючы вяслом па паверхні Менскага вадаканалу. Менавіта пра яе на нядаўняй нарадзе, прысьвечанай праблемам айчыннага спорту, Лукашэнка сказаў: “Адна Хадатовіч радзіла рэбёнка, а ўсё грэбёт і грэбёт, грэбёт і грэбёт”.
Анатоль Прасаловіч