Лісты ў рэдакцыю

 

***

Вось звычайная думка, якую чуеш у тэлевiзары ледзь ня кожны дзень: калi ЗША бомбамi спрабавалi пазбавiць Мiлошавiча магчымасьцi праводзiць этнiчныя чысткi ў Косаве, дык сусьветная супольнасьць з разуменьнем успрыняла гэта, але калi Расея спрабуе пазбавiць некаторых чачэнцаў магчымасьцi выкрадаць людзей дзеля выкупу i займацца тэрарызмам, дык сустракае аднадушнае асуджэньне. У Расеi гэта называюць «падвойным стандартам» i лiчаць прыкметай злосных намераў Захаду адносна Расеi.

Мне ж здаецца, што да падзеяў у Расеi на Захадзе падыходзяць зь меркамі, якія Захаду падказвае расейская клясычная літаратура. У прыватнасьцi, чачэнскiя падзеi яўна асацыююцца з раманам Дастаеўскага «Злачынства і кара». У ролi Раскольнiкава выступае Расея, у вобразе старой — Чачэнiя, а мiжнародная супольнасьць уяўляецца судом, што пакараў Раскольнiкава зь яго ж згоды. Пад час першай вайны на Захадзе маўчалі і чакалi, што сюжэт будзе адпаведны: хоць расейскiя войскi i ўварвуцца ў Чачэнію, разбураць гарады, спаляць бiблiятэкi; але потым Расея пакаецца ў сваiх грахах — гэта значыць, прызнае незалежнасьць Iчкерыi й дапаможа ёй у адбудове. Але Расея надта намагаецца даказаць на ўвесь сьвет сваю велiч — імкненьне, якое ў расейскай лiтаратуры ацэньвалі вельмі адмоўна (успомнiм крытыку велiчы Напалеона ў рамане «Вайна і мір»). Гэта і выклікала крытыку заходнiх дзяржаваў.

Гэтак званы «падвойны стандарт» ёсьць проста вынiкам павагi Захаду да расейскай культуры. Тое, што Захад падыходзiць да кожнай краiны з гледзішча яе ж культуры, i прывяло да таго, што лiтаратура, якой Расея так хвалiцца й ганарыцца, абярнулася цяпер супраць самой Расеi. I гэта вельмi добра для суседнiх з Расеяй меншых за яе краiн, такiх як Беларусь, бо ў канфлiкце памiж дзяржаўнымi iнтарэсамi такой краiны i Расеi Захад будзе браць бок меншай краiны.

Сяргей Карбоўскі, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0