Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Мае бібліятэкі

 

Бібліятэкі — гэта соты цывілізацыі. А найвышэйшая місія на сьвеце — стацца пчалой.

Лепшыя часы майго дзяцінства прайшлі ў менскіх бібліятэках. Ня ведаю, ці захавалася на сёньня былая сыстэма бібліятэк пры домакіраўніцтвах: звычайная хрушчоўская кватэра на першым паверсе, бібліятэкарка-пэнсіянэрка, зашмальцаваныя кніжкі, пераплеценыя ў аднолькавыя кардонныя вокладкі цёмна-сіняга ці гарчычнага колеру, а дэфіцытная літаратура прыхаваная для знаёмых. Зь пяці гадоў я набыла статус «запісанай у бібліятэку».

Але адной бібліятэкі мне было мала. Адначасова наведвала дзьве-тры. Акрым домакіраўніцкіх, хадзіла і ў цэнтральную дзіцячую бібліятэку, тую, што непадалёк ад жоўтага будынку КГБ. Побач зь бібліятэкай, ля суседніх манумэнтальных дзьвераў, вісела шыльда — «Галоўнае ўпраўленьне па ахове дзяржаўных тайнаў у друку». Дасюль не магу пазбавіцца падазрэньня, што такое суседзтва мела выхаваўчы падтэкст.

Я брала чатыры-пяць кніжак і не супакойвалася, пакуль не прачытвала іх усе запар. Дзень, два, тры... Да цемры ў вачах. Больш помню прачытанага, чым сапраўдных падзеяў. У кнігах была воля і пошук таямніцы... Не, не дзяржаўнай. Проста — таямніцы.

Ад тых часоў дзіцячых бібліятэк застаўся ў мяне трывалы стэрэатып — цікавая кніга павінна быць зашмальцаванай, з махрыстымі па краях старонкамі, са сьлядамі ад ежы.. І я амаль інстынктыўна прыводжу ў такі стан свае ўлюбёныя кніжкі. Яшчэ адзін стэрэатып — ежа не смакуе, не спалучаная з працэсам чытаньня.

Менавіта там, у цэнтральнай бібліятэцы, я ў першы — і, па-мойму, у апошні раз, сутыкнулася са спробай выхаваўчай працы з боку бібліятэчнага мэтадыста. Мне было прыблізна гадоў дзесяць. Ва ўсіх «ахопленых» мною бібліятэках супрацоўнікі досыць нэйтральна ставіліся да майго паглынаньня кніжак. Але аднойчы каля бібліятэкаркі, якая цярпліва перапісвала абраную літаратуру, аказалася цётка, якая перагарнула некалькі разоў маю абанэмэнтную кніжку і сурова пацікавілася, ці я праўда прачытваю ўсе гэтыя кнігі? І пра што напісана, напрыклад, вось у гэтай, якую я сёньня здавала? Я нецярпліва паціснула плячыма, уся ў прадчуваньні хвіліны, калі грымнуся дома на канапу з чарговым томікам, але цётка працягвала сваю працу. Яна зноў-такі сурова спытала, чаму я, такая вялікая дзяўчынка, чытаю казкі. Трэба браць іншыя кніжкі, карысныя: напрыклад, Паляжаевай ці пра піянэраў-герояў.

Дасюль, замест такіх дыскусіяў, як і тады, моўчкі бяру тое, што мне трэба, і сыходжу.

Наша хатняя бібліятэка складалася са збракаваных тамоў, некалі вынесеных бабуляй пад час працы ў друкарні «Чырвоная зорка». Падбор што трэба: савецкі шпіёнскі раман «Над Цісай», «Месячны камень» Уілкі Колінза і «Джэйн Эйр» Шарлёты Брантэ. А галоўнае — «Прыгоды Мюнгаўзэна» і «Залаты ключык» у перакладзе на беларускую мову. Плюс падручнікі майго стрыечнага брата, які паступаў ва ўнівэрсытэт вывучаць марксісцка-ленінскую філязофію і жыў у нас на кватэры. Да пятае клясы я адолела «Ўводзіны ў марксісцка-ленінскую філязофію», зь якіх найбольш спадабаліся тлумачэньні пра суб’ектыўных і аб’ектыўных ідэалістаў (цытатамі зь якіх я «забівала» школьных настаўнікаў) і разьдзел пад крамольным назовам «Унутраныя супярэчнасьці сацыялізму». Апошні разьдзел увогуле стаўся маёй салодкай таямніцай, падставай для мары пра ўвасабленьне подзьвігаў герояў-рэвалюцыянэраў у новых часавых абставінах. Я нават зьбірала зьвесткі пра падпольныя крамы і атэлье для абслугоўваньня партыйнай эліты... Марыла пра падпольны гурток... Але гэта было, зразумела, пазьней, у пару юнага нігілізму.

А хатняя бібліятэка папаўнялася. У асноўным — праз таварыства кнігалюбаў. На працы разьмяркоўваліся дэфіцытныя кнігі, людзі цягнулі талёнчыкі — каму пашчасьціць.

Аднойчы трапіла я і на падпольны кніжны рынак. Ён знаходзіўся на адной са станцыяў прыгараднай электрычкі, дакладней, між дзьвюма станцыямі. У прызначаны час вагоны электрычкі напаўнялі асобы маладога і сярэдняга веку са сьлядамі незапатрабаванага інтэлекту на тварах, зь цяжкімі сумкамі. Яны не размаўлялі адзін з адным і ўвогуле рабілі выгляд, што ні з кім тут не знаёмыя і едуць да бабулі ў калгас. Але па выйсьці на прыгарадныя прасторы, за пару кілямэтраў ад станцыі, на шырокай паляне, схаванай з усіх бакоў кустамі, яны пераўвасабляліся. На траве расьсьцілалі цыраты, раскладвалі кнігі. Абліччы завастраліся, вочы загараліся... Ніхто не гаварыў пра грошы. «Пяць» значыла — пяць рублёў, «тры-пяць» — тры рублі пяцьдзясят капеек. «Я зьбіраю Брэдбэры»... «Я зьбіраю Гэмінгуэя...» «Сем-пяць...» «Пятнаццаць...» І празь якую гадзіну палянка з прымятай травой заставалася нявінна бязьлюднай.

Сёньня я амаль не хаджу ў бібліятэкі. Хіба толькі на сустрэчу з чытачамі. Бібліятэкі страчваюць свой таямнічы арэол і значэньне... А можа, гэта толькі для мяне?.. Можа, мне нецікава проста таму, што дзесьці там, на паліцах, згубленая і мая кніжка, і што няма ні ў адным з тамоў дзяржаўнай таямніцы, якая б, знойдзеная мною, перамяніла б наш сьвет?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0