Трэцяя частка самага папулярнага незалежнага праекту мінулай вясны. На дыску прадстаўленыя песьні, створаныя пад уражаньнем Плошчы. Кожны натхніўся па‑свойму: былыя ліцэісты з «Партызанскай школы» зрабілі на свой лад аптымістычную «Freedom» Пола Макартні, рэпэры з «Чырвоным па Белым» раззлавана і бескампрамісна канстатавалі: «Людзі, як жывёлы». Хадановіч, як заўжды, адрэагаваў зь іроніяй: «А ў іх палатках — шпрыцы і порна, а ў іх бутэльках не кефір» — пяе ён на манер «Бэля Чао».

А вось інструмэнтал «Плошча Каліноўскага» Віталя Артыста зь Bez Bilet’у гучыць як рэквіем. На складанцы — ня толькі прадстаўнікі розных стылёвых кірункаў, але і розных пакаленьняў. Гуру Вольскі і Кулінковіч тут суседнічаюць з пачаткоўцамі, якія ці ня той вясной‑2006 упершыню ўзяліся за інструмэнт. Іх усіх яднае шчырасьць пачуцьцяў і чысьціня памкненьняў. І гэта ня той выпадак, калі трэба прыдзірацца да выканальніцкага ўзроўню і тэхнічных хібаў запісу.

«Песьні Свабоды» — гэта больш, чым звычайны музычны праект. Гэта Маніфэст, напісаны з дапамогай гітараў ды бубнаў, гэта — Крык душы, выяўлены з дапамогай скрыпак ды віялянчэлі. І гэта Вера ў лепшае, выказаная галасамі 24 удзельнікаў складанкі. Выдатна падсумоўвае ўсё выказанае апошні трэк у выкананьні Аляксандра Кулінковіча з праекту «Салідарны зь Беларусьсю»: «Свабоду не аддам ніколі!» Для ўсіх вальнадумных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?