Тры багатыры

 

Адзін з пашыраных стэрэатыпаў пра Нямеччыну — гэта тое, што Нямеччыны дзьве, заходняя і ўсходняя. Цікава, што ня менш значная лінія падзелу Нямеччыны пралягае між Поўначчу і Поўднем. Пры гэтым гэтая мяжа дзейсная як для старых, так і для новых земляў. Поўдзень нашмат багацейшы за Поўнач па даходах на чалавека. Тут ніжэйшае беспрацоўе, лепшыя сацыяльныя паказчыкі. Найзаможнейшымі зьяўляюцца тры зямлі: Баварыя, Бадэн-Вюртэмбэрг і Гесэн. Але й “новыя” паўднёвыя землі таксама, на дзіва, багацейшыя за сваіх паўночных суседзяў.

Прычынаў гэтага шмат, але найперш называюць гістарычна добрую сыстэму адукацыі, якая задавальняе патрэбы ў падрыхтаваных спэцыялістах для такіх фірмаў, як Daіmler-Chrysler, BMW, Audi, Opel. Пры разьвітай аўтамабільнай прамысловасьці не забываюцца на поўдні і пра тэхналёгіі будучыні — урад Гесэну спрабуе ператварыць сваю зямлю ў цэнтар разьвіцьця біятэхналёгіяў і геннай інжынэрыі.

Паўднёвыя землі вядуць большы міжнародны гандаль і больш адкрываюцца замежным інвэстыцыям, лічачы, што будучыня належыць як найбольшай адкрытасьці.

Тут, на Поўдні, імкнуцца ўсяляк зьменшыць варожасьць да іншаземцаў. Так, напрыклад, з заводаў Flughafen AG проста звальняюць за выказваньні супраць іншаземцаў.

Землі Поўдня пачынаюць бунтаваць супраць сыстэмы пераразьмеркаваньня фінансавых сродкаў на карысьць бяднейшых «ляндаў». Так што, магчыма, на поўдні Нямеччыны высьпявае аналяг італьянскай аўтанамісцкай поўначы, Паданіі.

Сяргей Радштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0