Анатоль Прасаловіч

Праз форткі, вароты, аркі...

 

Брама. Ці ня ў Брахме зь яго сьвятарамі-браманамі пачатак твой? Ці ня твой адбітак у велічнай Брахмапутры, што праз усю праматку Індыю коціць свае каламутныя воды ў Бэнгалію, сілкуючыся сьнегам неабсяжных гімалайскіх узгор’яў?

Што засталося ад цябе, брама мая? Слуцкая, ты стаіш самотна на радасьць куцым натоўпам турыстаў, а затлумлены нясьвіжац аббяжыць цябе, трохсотгадовую, сігане па сваіх патрэбах у твой жаўтлявы праём, што памятае Радзівілаў ды васалаў іхных. Шмат каго ты прапусьціла празь сябе.

Няма маёй брамы, Рагачэўскай, празь якую чатырыста гадоў таму зарваўся, халера на яго, Севярын Налівайка ды папаліў места слаўнае Магілеў. Няма й варты, якая пыталася папераў у продкаў маіх, зьбяднелай падруцкай шляхты, што йшла ў «губэрню» па сваіх справах найпільнейшых.

Холмская брама Берасьцейскае крэпасьці куляў выбойнамі плача, але зь енку ейнага зрабілі фарс-вадэвіль. Трыюмфальная арка брамы Ружанскае сёньня нагадвае ўваход у калгасную фэрму. У колішнім сапегаўскім палацы каго толькі ні стрэнеш: тут табе і каровы, і індыкі, і паўсюдныя пеўні нацыі беларускай.

У Менску з брамаў захавалася хіба што Кальварыйская. «Pax vobus», — абвяшчае яна. «Мір вам»...

Дый мірскія брамы, што некалі баранілі край мой, сталіся цяперака проста мірнымі. Мірнымі сузіральнікамі свайго скону. Нікому, відаць, не патрэбныя вы, брамы зямлі беларускай, бо й брамнікаў ужо нямашака.

Адно, бадай, у футболе спамянецеся вы раз-пораз, калі не паклічуць вас «варотамі».

Ці ня ў брамах бярэмя справы нашай, ці ня ў іх сынтэз беларускай ідэі?

У нас у вёсцы брама завецца «хворткай». Ад лацінскага «fortus» — моцны.

Раўнютка дзесяць гадоў таму немцы Заходняга ды Ўсходняга Бэрлінаў упершыню за амаль паўстагодзьдзя сустракалі Новы год разам, вядома ж, пад Брандэнбурскай брамай. Божа, а калі ж і мне ўжо пашчасьціць на шчодрык быць пад віленскай Брамай Вострай?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0