Сіла ўплыву

 

Ларыса Сімаковіч, арганізатарка першага пікету супраць разбурэньня будынку тэатру, музычны кіраўнік Майстроўні, а цяпер кіраўнік дзіцячага ансамблю беларускага тэлебачаньня «Госьціца», лічыць, што яе з Майстроўняй зьвёў той выпадак, які заканамерны.

 

— Пачалося ўсё з сустрэчы ў Мастацкім Музэі на лекцыі мастацтвазнаўцы Надзеі Высоцкай, аўтаркі манаграфіі «Абразы Беларусі». На гэтыя лекцыі неяк самі сабою сьцякаліся цікаўныя, тыя, каму гэтыя праблемы — мовы і мастацтва — балелі. Распавядала яна па-расейску, я ёй задала нейкае пытаньне. І мяне неяк прыкмецілі Вячоркі, якія ўжо былі разам, але яшчэ ня мужам і жонкаю, падышлі да мяне з просьбай дапамагчы развучыць калядныя песьні, паколькі я музыка.

 

— Ці згодныя Вы з тым, што гэта быў першы ў пасьлясталінскі час арганізаваны беларускі рух?

— Тады я пра гэта ня думала. Цяпер магу пагадзіцца. Бо мы супрацьстаялі.

Я і цяпер кажу сваім выхаванцам: адзінае, чым можна супрацьстаяць гэтай пануючай шэрасьці — гэта сваёй беларускай мовай. У мяне ў «Госьціцы» дзяўчынкі, таму я ім кажу: «Са зброяй вы ня выйдзеце, нават на мітынг ня пойдзеце, бо вы дзяўчаты, а там невядома як скончыцца, дык вылучайцеся хоць мовай».

Я працую на БТ. Я тут можа адна з усяго трох-чатырох беларускамоўных. Але, працуючы на БТ, дзяржаўным тэлебачаньні, я ўсё раблю супраць дзяржавы — такой дзяржавы, якая ўсё робіць супраць мовы, мастацтва, культуры.

 

— Вы верыце, што адзін з тых, каго Вы вучылі сьпяваць у Майстроўні, можа ўзначаліць беларускую дзяржаву?

— У жыцьці й цуды здараюцца, а гэта са сфэры рэальнага. Вячорка — гэта найлепшы варыянт для Беларусі, у прыстойнасьці ягонай я не сумняюся, у тым, што ён нясе з сабой сьветлае, добрае, нетрывіяльнае. Чалавек, які прайшоў шлях Майстроўні, прасякнуўся маладосьцю, апантанасьцю, сьвятлом, аптымізмам. Калі ён прыйдзе да ўлады, ён будзе не пустым, не выпадковым, як цяперашні кіраўнік, а поўны гэтым сьвятлом.

 

— Ці стала ў грамадзтве за гэтыя 20 гадоў болей нон-канфармістаў ці меней, і ад чаго залежыць іхная колькасьць?

— Ня ведаю. Я працую з аднадумцамі, і мы на працы абмяркоўваем тое, пра што гавораць і на кожнай кухні: Марш Свабоды, палітыку... Да нас у ансамбаль прыходзяць розныя падлеткі. Як і ўсе падлеткі, яны прагнуць з аднаго боку быць, як усе, а з другога, ня быць такім, як усе падлеткі. Мы тут іх выхоўваем.

Маю выхаванку Маню Сазонаву ў Беларускай Акадэміі Мастацтваў — яна на курсе ў Раеўскага — віншуюць з Днём нараджэньня 21 сьнежня, вывешваючы на дратах над праспэктам насупраць Акадэміі бел-чырвона-белы сьцяг. Вось які ўплыў зрабіла на сваіх калег мая выхаванка сваёй беларускамоўнасьцю і асобай. Я шчасьліва, што ў мяне такія выхаванкі. Гэта пра сілу ўплыву.

 

— Рэпрэсіяў тады баяліся?

— Сіла і энэргія маладосьці засьціла наступствы. Мы пра гэта ня думалі. Але калі пад’ехаў козьлік, і нас забралі пасьля першага пікету і пратрымалі ў пастарунку ноч, аказалася, што мы ўнутрана гатовыя да гэтага.

Рэпрэсіі былі. Мяне выгналі з Кансэрваторыі... Неафіцыйна, не наўпрост за гэта. Цяпер я ў «Госьціцы». Прыемна, што пасьля таго, як наша «Госьціца» 25 траўня паказала ў Філярмоніі спэктакаль «Жах. Сучасная байка» нехта зьмясьціў у «НН» прыватную абвестку «Няхай жыве «Госьціца».

Гутарыў А.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0