Дудзiчы

Зь лістапада мы падарожнічаем «менскімі нетрамі», адкрываючы відавочныя, але незаўважаныя куткі беларускага мэгаполісу. Сёньня вясковы лірнік павёў нас у іншую дарогу — ад сяла да сяла, ад хутару да хутару, у нетры Беларусі, да яе сэрца. Тапаграфія і фізіялёгія беларускай вёскі — у новай рубрыцы «Нашай Нівы».

Калi б гадоў зь дзесяць таму хто-небудзь сказаў мне, што хутка пра нашыя старыя Дудзiчы не спамяне толькі хiба якая зусiм цьмяная менская газэта, што пацягнуцца па новай — бязь ямiнаў ды агромнiстых калюжын! — гравейцы калёны чырвоных «Iкарусаў» з абыякавымi шкалярамi, бялюткiх «Нэаплянаў» зь цiкаўнымi немцамi й французамi ды самазадаволеных даражэнных самаходаў зь нетаропкiмi тлустымi бiзнэсоўцамi, я б, напэўна, шчыра расьсьмяяўся. I, як вiдно, дарэмна...

Старадаўнiя Дудзiчы дзьвюма скрыжаванымi вулiцамi палеглi на адлогай тэрасе разважлiвае цягам году, але шалёнае ўвесну Пцiчы. Калiсьцi людзкое селiшча й рака жылi адным супольным жыцьцём. Вадою зьяжджалiся купцы на славутыя дудзiцкiя кiрмашы, што ладзiлiся ледзьве ня кожны месяц; вада, абрынаючыся на колы вялiкага млыну, малола тутэйшую збажыну на лёгкую хлебную муку; на вадзе сьцiшаных пцiцкiх старыцаў ды адмысловага каналу для веславаньня, гайдаючыся на хвалях у лодках, спачывала гарачаю летняю парой шляхецкая моладзь з панскага маёнтку — родавага гнязда Ельскiх. Так было. Сёньня скалечанае жыцьцё чалавечае грамады, лiчы, нiяк ня лучыцца са спакойным рухам цёмнае рачное вады. Хiба што часам лядашчая вясковая моладзь, сабраўшыся несуладнаю гурай ды закiнуўшы драцiну на слуп, наглушыць жменю драбненькiх плотак цi ментузоў, або ўвалiцца ў ваду дурное калгаснае цяля.

Цяперашнiя Дудзiчы складаюцца зь пяцi частак. Раён скрыжаваньня вясковых вулiц носiць сакавiтую назву Крыжык. Уласна Дудзiчы горнуцца да праваслаўных могiлак i крамы. Пятнаццаць хатаў, што непасрэдна суседзяць з ракою, раскiнутыя па абодвух берагох ды злучаныя хiсткiмi кладкамi (старадаўнi драўляны мост разам з млынам спалены ў вайну савецкiмi партызанамi), носяць назоў Пцiч. Паўсталы цягам сацыялiстычных пяцiгодак усходнi працяг вёскi зьдзеклiва названы Культурай. Пятая ж частка — зусiм новая вулiца аднолькавых калгасных катэджаў — безназоўная. Ёсьць тут, аднак, яшчэ адна дзiвосная старадаўняя назва — Кобань. Але гэта ўжо сумная й непрыгожая старонка тутэйшае найноўшае гiсторыi.

За саветамi Дудзiчы забылiся на сваю даўнiну. Дзiўна, але правёўшы тут добрую палову дзяцiнства, я ўпершыню даведаўся пра славутых Ельскiх, Уладзiмера Дудзiцкага ды Ўладзiмера Хадыку толькi значна пазьней i з кнiжак. Вяскоўцы памятаюць сёньня толькi, што быў калiсьцi ў Дудзiчах пан. З цэглы раскiданага яшчэ на пачатку бальшавiцкага часу панскага палацу, фактычна на ягоным падмурку, калгас збудаваў велькi сьвiнарнiк. Прастаяў ён няшмат, i сёньня ня знойдзеш тут анi палацу, анi сьвiнарнiку, анi хаця тае старадаўняе цэглы. Толькi крапiва шугае вышэй за чалавечы рост. Згадкаю мiнуўшчыны засталiся адно зарослыя лазой рэшты веславальнага каналу, што пераразаў колiсь пляскатую шыйку лукавiны Пцiчы, ды яшчэ Кобань...

Кобань (цi Кобан) — гэта сорам Дудзiчаў. Пачынаючы зь пятага стагодзьдзя да нашае эры, аж да пятага стагодзьдзя нашае тут было гарадзiшча. Пазьней, напэўна, стагодзьдзi ў шаснаццатым (зь якога, дарэчы, i вядомае мястэчка Дудзiчы) на гэтым жа месцы паўсталi каталiцкiя (калi дакладна, дык унiяцкiя) могiлкi. З канца ж дваццатых гадоў нашага стагодзьдзя Кобань была занядбаная ды паступова пачала наўпрост зьнiшчацца. Спачатку людзi расьцягнулi цэглу, зь якое былi збудаваныя фамiльныя шляхецкiя скляпы. Потым высеклi магутныя хвоi, што ў два шэрагi абкружалi калiсьцi узгорак, дзе месьцiлiся могiлкi. Нарэшце ж, падагнаўшы пачвары-экскаватары, пачалi зрываць сам узгорак, звозячы каштоўны ў гэтых глiнiстых мясьцiнах пясок на калгасныя будоўлi. Добра памятаю, як хлапчанём, рыючыся ля падножжа адвеснае пясчанае сьцяны кар’ера, раптоўна выграб пабiты расколінамi надмагiльны камень. Мне тады зрабiлася страшна...

Дзякаваць Богу, сёньня становiшча крыху выправiлася. Знайшлi ды аднавiлi пахаваньнi некаторых Ельскiх, у прыватнасьцi, Аляксандра Карлавiча, паставiлi ды ўсьвяцiлi памятны крыж. На невялiчкай пцiцкай выспачцы паўстала драўляная пастава музыкi са скрыпкаю, гэтак падобная на Мiхала Ельскага. Ужо колькi гадоў у Музэi матэрыяльнае культуры, збудаваным за ракою на ўскрайку пасёлачка Пцiч, ладзяцца «Ельскiя чытаньнi» ды «Фэсты старасьвецкае культуры». Але ж i гэтая тычына аб двох канцох...

Зусiм недалёка ад апошняе пцiчанскае хаты была даўней мясьцiна, што называлася Галiмшчына. Зарослы мурогам каменны падмурак хаты, перарывiсты земляны валок на месцы хлява, спадзiстая ямiна там, дзе месьцiўся калодзеж, круглая сажалка зь векавымi пахiленымi вербамi, старая вузлаватая iгруша. Раней тут быў хутар. Кажуць, ягоны валадар Галiмскi быў дужа спраўным гаспадаром. Адно сьвiней трымаў цэлы статак. Дзеля гэтае нагоды ён адгароджваў велькi кавалак забалочанага ды зарослага лазьняком ляснога берагу. Вiдаць тутэйшыя ваўкi былi ня надта прагныя, затое белыя сьвiньнi з гэтае загарадкi часта парасiлiся палошчатымi парсючкамi-дзiчкамi... За бальшавiцкiм часам Галiмскi з усёй сям’ёй быў забiты. Але Галiмшчына засталася ўтульнаю ды прывабнай, крыху загадкаваю й чыстай. А побач адзiнокаю лясною выспаю пасярод зялёнае лугавiны кiваў вершалiнамi маленькi яловы барок.

Сёньня Галiмшчыны няма. Якраз на яеным месцы i збудаваны вядомы ўжо Музэй матэрыяльнае культуры. Высокiя сьпiчастыя дахi, гасьцёвыя залi, пякарня, ганчарня, кузьня, выставы старадаўняга сялянскага начыньня ды «аўта-рэтра». Яшчэ канюшня зь верхавымi коньмi, хлеў зь дзясяткам кароваў, авечкамi, козамi, аслом ды понi; зробленыя на стары манер фурманкi ды маленечкi бровар на мясцовыя патрэбы. А яшчэ... завалены сьмецьцем колiшнi яловы барок, спляжаная кiнутым жалезьзем, дротам, трубамi і скамянелым цэмэнтам сенажаць ды нахабныя бамбiзы-ахоўнiкi. Афiцыйна гэта называецца музэй Дудуткi, а прамiж сабой — зусiм не прыгожым старадаўнiм назовам Галiмшчына, а жахлiвым словам «прамзона».

Увечары, калi ўсе чужынцы-вiзыторы зьяжджаюць нарэшце дахаты, на вёску зноў апускаецца цiшыня. На сакавiта чорным небе ясачкамi блiскаюць дрыготкiя зоры, i чуваць, як задуменна бруiць пцiцкая вада, саскокваючы з рэштаў колiшняе плацiны. Дудзiчы.

Андрэй Захаранка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0