ГОРКІ-РОК

 

У мінулы панядзелак у Горкі, што на Магілёўшчыне, на запрашэньне магілёўскага таварыства «Кола сяброў» і горацкай Сельскагаспадарчай Акадэміі рушылі беларускія рокеры. Упершыню за больш як чатырохсотгадовую гісторыю гораду мясцовыя рок-фэны чакалі «Ulis», «Новае Неба», «Палац», «Краму» і загадкавы гурт «Чыстае неба». Так атрымалася, што замест трох апошніх былі «Цмокі» — каманда, народжаная ў сьценах філфаку БДУ, праз што вызначаецца сярод найноўшай хвалі ня толькі добрай музычнай энэргетыкай, але й дасьціпнымі тэкстамі. «Цмокі» прызналіся, што горацкі выступ — для іх калядны падарунак, бо дэкан забараніў іхны выступ на філфаку ў гэты дзень. Kasia, Slava & Cо засталіся задаволеныя сваімі «разагравальшчыкамі». А публіка балдзела ад патройнай прэзэнтацыі: улісавага «Падарожжа», Касіных «Цэпелінаў» і цмокавай адзінай-першай праграмы. А музыкі кайфавалі ад якаснай апаратуры і шчырасьці публікі.

Пад уражаньнем ад цёплага прыёму і ветлівасьці мясцовае міліцыі (уявіце сабе маёра, які а першай ночы ціхенька грукае ў гатэльны нумар, просіць «ня шумець», прычым — «пажалуста») яны забыліся на дробныя непрыемнасьці пачатковага этапу выправы — адсутнасьці ў краіне саляркі, з-за чаго на месца музыкі прыехалі літаральна за пару хвілінаў да канцэрту.

Скуль у Горках сотні беларускіх фанаў-альтэрнатыўшчыкаў — пакуль застаецца загадкай. Але студэнты пераконвалі музыкаў, што калі тыя прыедуць яшчэ раз, дык канцэрт можна ладзіць на пляцы. А пра тое, што горацкая Акадэмія — гэта Alma Mater аднаго Першага Прэзыдэнта, удзельнікі ўзгадалі толькі калі пабачылі гаротны стан гатэлю. Ды адразу ж забыліся, бо завязалася прыязная бяседа з нашымі беларускімі «горцамі». Вырашылі, што ў Горках трэба ладзіць фэстываль. А пазьней перанесьці туды беларускую рок-сталіцу і перайменаваць места назад у Горы.

Ян Качулка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0