Андрэй Хадановіч

Банальнае віншаваньне
Пакункі, падарункі, пачастункі…
Сьвяткуем Новы год (ці Новы рок?).
Нябесны матэматык зьвёў рахункі
і акругляе лік у большы бок,

каб нехта зь нецьвярозым Дзед-    Марозам,
сусьветным дабрадзеем, хатнім геніем,
сустрэў… як гэта?.. цяжка із 
  склерозам…
лінолеюм? рэланіюм? міленіюм!

Абломак Часу патануў у Леце
й кругамі разышоўся па вадзе.
Хай прага невядомага, паэце,
у навагоднім опусе гудзе!

Надзеяй, што таілася пад сподам,
ты сам сябе наіўна ўзнагародзь.
Дык з Новым гудам… гідам…     гадам… годам,
што сёньня дарагі тысячакроць!

А цераз год настане ХХІ-ы
(таксама трыццаць першага ўначы).
Дык будзьма і на будучыя вершы
натхненьне ды паперу берагчы!

Дзьвюхтысячны кранае сэрцы чулых,
але ж таксама мусіць адысьці —
да тысячы дзевяцісот мінулых
й мінулых дзевяноста дзевяці.

30.12.1999

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0