23 новыя сьвятыя

Летась Сынод Беларускага экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы кананізаваў 23 сьвятароў, якія прынялі пакутніцкую сьмерць за Веру ў 30--50-я гады ХХ стагодзьдзя

Пошук імёнаў і біяграфіяў клірыкаў Менскай эпархіі, закатаваных бальшавікамі, пачаў пяць гадоў таму а.Фёдар Крыванос у архіве КГБ. Сярод новых беларускіх сьвятых настаяцель менскае царквы абраза Божай Маці «Усіх тужлівых радасьці» пратаярэй Уладзімер Хіраска, які памёр у 1933-м, адразу пасьля выхаду з турмаў, айцец Васіль Ізмайлаў, настаяцель Барысаўскага храму, які памёр у тым годзе на Салаўках, куды яго саслалі за тое, што не хацеў перадаваць царкву «абнаўленцам», якія падтрымлівалі савецкую ўладу. Ярэя Пятра Грудзінскага, былога дэпутата Дзярждумы ад сялянаў, настаяцеля царквы ў мястэчку Цімкавічы, што на Случчыне, расстралялі ў 30-м. Настаяцеля Сьвята-Троіцкага храму вёскі Цялядавічы з той жа Капыльшчыны Валяр’яна Навіцкага, расстралялі тады сама. Проста на месцы расстралялі ў 33-м разам з групаю вернікаў сьвятара Ўладзімера Хрышчановіча зь мястэчка Языль, што ля Старых Дарог. Былі расстраляныя ў 33-м сьвятары Іван Вячорка зь вёскі Крываносы на Старадарожчыне, Сяргей Радакоўскі зь вёскі Таль Любанскага раёну. Айцец Уладзімер Талюш, арыштаваны за збор сродкаў на выплату падатку дзяржаве сярод прыхаджанаў вёскі Залужжа на Старадарожчыне, загінуў у лягеры. Забіты невядомымі ў 1935 годзе ва Ўзьдзе а.Міхал Навіцкі. Кананізаваныя таксама расстраляныя ў 1937 годзе сьвятары і дыяканы Парфір Рубановіч, Міхал Плышэўскі, Дзьмітры Паўскі, Іван Варанец, Леанід Біруковіч, Аляксандар Шалай, Мікалай Мацкевіч, Іван Панкратовіч, Мікалай Васюковіч, Уладзімер Зубоўка, Дзьмітры Плышэўскі і Ўладзімер Пастэрнацкі. Яшчэ два сьвятыя паходзяць з Заходняй Беларусі. Гэта памерлыя ў лягерах архімандрыт Жыровіцкага манастыру Серафім (Шахмуць) і настаяцель Крыжаўзьвіжанскае царквы вёскі Вялікая Лысіца ля Нясьвіжу Мацей Грыцук.

Цяпер адмысловая камісія зьбірае для кананізацыі зьвесткі пра іншых пакутнікаў. А пакуль кожны год 28 кастрычніка ў Царкве будзе адзначацца як дзень памяці пакутнікаў камуністычнага часу. Абраз зь іх выяваю быў намаляваны майстрамі паводле фотаздымкаў, узятых з крымінальных справаў. З кананізацыяй гэтых 23 асобаў Сабор беларускіх сьвятых павялічыўся адразу амаль утрая.

Паводле Радыё Свабода


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0