«Перапіс» — татальны падман?
Сэнсацыйныя разьлікі доктара Каўзы: беларуская нацыя зьнікла
Даўні сябар аўтара і рэдакцыі, д-р Ганорыс Каўза (Dr.Honoris Causa, http://www.cri.coe.us) з унівэрсытэту Більля (Кран-Мантана, ЗША), шчыры прыхільнік і віртуальны саўдзельнік адраджэньня Беларусі, вывесіў на сваім інтэрнэтаўскім сайце новыя сэнсацыйныя вынікі сваіх навуковых пошукаў.
З дапамогаю кампутару і пэўнага амэрыканскага дасьледчага інстытуту, у якім сабраныя ўсе тэлефонныя даведнікі сьвету, д-р Каўза ўласным арыгінальным спосабам параўноўваў статыстычныя зьвесткі апошняга перапісу насельніцтва і апошніх тэлефонных даведнікаў. Былі адбіраныя і падлічваныя ўсе прозьвішчы, што цалкам адпавядалі нацыянальнаму паходжаньню, напрыклад, Ліцьвінчук, Маскалёў, Хохлік, Лях, Швед, Палевікова і г.д., а ўжо на іх падставе разьлічваўся нацыянальны склад насельніцтва ў адсотках. Які ж вынік атрымаў вельміпаважаны прафэсар? Што тычыцца беларускіх фінаў, карэйцаў, амхара і нават расейцаў, атрымалася прыстойная карэляцыя (што значыць супадзеньне) з вынікамі афіцыйнага перапісу. А вось зь беларусамі атрымалася ня проста несупадзеньне, але сапраўдная сэнсацыя — беларусаў няма. Куды ж зьніклі гэтыя таямнічыя жыхары балотаў? І як жа былі атрыманыя т.зв. вынікі г.зв. «перапісу» насельніцтва? А самае галоўнае, чаго маем чакаць зараз ад нацыянальнай большасьці — ліцьвінаў і найбольш агрэсіўнай зь меншасьцяў — сакуноў?
Д-р Каўза запрашае да дыскусіі на гэтую балючую тэму ўсіх сьведкаў, удзельнікаў і зацікаўленых новаадкрытым фэномэнам.
Мы тут прыводзім параўнальную табліцу нацыянальнага складу насельніцтва паводле вынікаў кампутарнага дасьледаваньня і зьвестак г.зв. «перапісу». Кожны можа параўнаць.
Юзік Лабэцкі