Прыкарпацкая Русь

Ніхто дакладна ня ведае, хто яны, колькі іх і дзе яны. Яны жывуць у шасьці краінах, але ня маюць сваёй уласнай. Часам яны пішуць кірыліцай, часам — лацінкай. Некаторыя зь іх лічаць сябе славакамі, некаторыя — палякамі ці румынамі. Ці вугорцамі. Ці югаславамі. Многія ўвогуле адказваюць на пытаньне «Вы хто?» звыклымі для сялянаў усходнеэўрапейскага паўзьмежжа словамі: «Тутэйшыя». Але шмат хто цьвёрда перакананы, што яны — русіны.

 

Сьнежань 1991. Рэфэрэндум аб украінскай незалежнасьці. 78% жыхароў закарпацкай Украіны (або: «прыкарпацкай Русі») выказваюцца за тое, каб зрабіць іхны рэгіён больш самастойным. Рэакцыяй украінскіх уладаў была поўная адсутнасьць усялякай рэакцыі. Тымчасам русіны ня спалі ў шапку: у траўні 1993 году фармацэўт прафэсар Іван Тур’яніца з гуртам сяброў ды калегаў фармуе Часовы ўрад Прыкарпацкай Русі, пасьля чаго нечакана трапляе ў аўтакатастрофу, зарганізаваную, як ён лічыць, «украінскім нацыянал-фашысцкім рэжымам». Ён выжыў, ня зьнік і ягоны ўрад. Ягоных сяброў не перасьледуюць, але не пускаюць на тэлевізію і ў прэсу.

Чаго патрабуюць русіны? Яны жадаюць мець уласную дзяржаву ў межах цяперашняй Транскарпацкай вобласьці Ўкраіны зь цеснымі сувязямі з русінамі Славакіі ды Польшчы. Чальцы Часовага ўраду згодныя перадаць кіеўскім уладам клопат пра бясьпеку новай краіны. Усё астатняе: унутраная ды замежная палітыка, адукацыя, ахова здароўя і гэтак далей — павінна быць у кампэтэнцыі русінаў. Будзе ўведзеная нацыянальная валюта, хутчэй за ўсё, таксама грыўня.

На працягу ўсёй сваёй новай гісторыі русіны жылі ў Аўстра-Вугорскай Імпэрыі сярод спрадвечных лясоў на схілах Карпатаў. Пасьля першай сусьветнай вайны, калі Імпэрыя распалася, русінаў падзялілі паміж сабой Польшча, Вугоршчына, Румынія, Югаславія ды тое, што ў хуткім часе зрабілася Савецкім Саюзам. Большасьць русінаў у міжваенны час апынулася ў Чэхаславаччыне. Менавіта там яны атрымалі найбольшую аўтаномію ў правінцыі з назвай Прыкарпацкая Русь. Гэтая аўтаномія дасягнула свайго піку, калі Брытанія ды Францыя пагадзіліся на падзел Чэхаславаччыны ў Мюнхене ў 1938 годзе. Ажно шэсьць месяцаў русінская дзяржава была незалежнай адзінкай сярод рэшткаў былой краіны. Калі нацысты ўвайшлі ў Прагу, Закарпацкую Русь праглынула Вугоршчына. Але не надоўга — напрыканцы другой сусьветнай вайны Сталін далучыў яе да Савецкага Саюзу. СССР зьнік, і Закарпацьце сталася часткай незалежнай Украіны. А русіны як секлі свой лес праз усю сваю гісторыю, так і цяпер сякуць. Сякуць, праўда, ня толькі яны. Украінскія лесанарыхтоўчыя кампаніі літаральна зьлізваюць з горных схілаў дрэвы — русінскае нацыянальнае багацьце.

Колькі ўсяго русінаў? Ва Ўкраіне іх каля мільёну, у Славаччыне сто тысяч, у Польшчы шэсцьдзесят тысяч, ды невялікія групы ў Румыніі, Вугоршчыне, югаслаўскай правінцыі Ваяводзіна. Ёсьць яшчэ адзін нюанс, надзвычай важны для кожнай нацыі, якая марыць займець сваю краіну: вялікая дыяспара ў Штатах. Дзе й жыў самы вядомы русін, мастак і дызайнэр Энды Ўоргал — у дзяцінстве Андрэй Варгола. Карацей, русінаў падзяляе з паўтузіна дзяржаўных межаў. Русіны засталіся і па абодва бакі ўсходняй мяжы NATO. Польшча ўжо далучылася да паўночнаатлянтычнага альянсу, а Славаччына ўступіць у яго праз пару гадоў. Дарэчы, Часовы ўрад Прыкарпацкай Русі вітае набліжэньне межаў NATO.

Русінаў падзяляюць ня толькі мытні, але і канфэсіі. Сярод іх ёсьць і праваслаўныя, і ўніяты. Звычайны малюнак русінскай вёскі: старажытная драўляная ўніяцкая царква побач з новай праваслаўнай. Справа вось у чым: камуністы, як прыйшлі да ўлады, пачалі адбіраць ва ўніятаў цэрквы ды аддаваць іх праваслаўным. Пасьля зыходу чырвоных праваслаўныя мусілі вярнуць цэрквы іх законным уладальнікам, а сабе пабудаваць новыя.

Русінам яшчэ далёка да курдаў ці касавараў. Цяпер іх прадстаўнікі патрабуюць толькі асноўных правоў нацыянальнай меншасьці — такіх, як адукацыя на роднай мове. Русіны жадаюць атрымаць магчымасьць афіцыйна падаваць у анкеце сваю нацыянальнасьць у часе новага агульнаўкраінскага перапісу, назначанага на 2001 год. Менавіта гэты перапіс пакажа, ці сапраўды ўжо цяпер ёсьць шмат людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе як русіны. Калі іх акажуцца дзясяткі тысяч, гэта сур’ёзна. Пакуль што ўкраінскія інтэлектуалы абвінавачваюць у падтрымцы русінскага руху сілы, што імкнуцца падарваць маладую ўкраінскую дзяржаўнасьць. Ці ўдасца русінскім лідэрам даказаць пазытыўнасьць і самакаштоўнасьць свайго руху? Карпацкі «вядмедзь», русінскі сымбаль, яшчэ толькі прачынаецца. Нездарма русінскі гімн пачынаецца словамі: “Годзе зімовага сну…”

Падрыхтаваў Алесь Кудрыцкі
паводле The New York Revue of Books


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0