«Як працуем — так і жывем»

Напярэдадні візыту Лукашэнкі на Блізкі Ўсход газэта «Вести», што выходзіць у Тэль-Авіве па-расейску, надрукавала ягонае інтэрвію. Ох і любяць жа ў нас некаторыя сваё прастарэкваньне выдаваць ледзь не за сьвятое адкрыцьцё...

«У нас няма цесных кантактаў, і гэта дзіўна: у Ізраілі жыве амаль сто пяцьдзясят тысяч нашых габрэеў і сто тысяч жывуць тут, у Беларусі», — заўважыў нелегітымны кіраўнік краіны, якая толькі месяц таму падвяла вынікі апошняга перапісу насельніцтва. «Наша Ніва» цэлы нумар зрабіла пра тое, што за Лукашэнкам колькасьць жыдоў у Беларусі зьменшылася ўтрая — ад 100 да 28 тысяч, а Лукашэнка гэтых зьменаў і не заўважыў. Зрэшты, чаго чакаць у такім пытаньні ад прызнанага лідэра панславізму. Натуральна, ён не вінаваты. «Я не магу на сябе прыняць нават долю віны за тое, што склалася такая сытуацыя. Вінаваты, я думаю, усё ж другі бок.» Мусіць, другі бок церазь сілу вывозіць ад нас нашых жыдоў, якія дзьвума рукамі чапляюцца за тутэйшае бязьбеднае і бясьпечнае жыцьцё.

Беларускія жыды ў Ізраілі, на думку Лукашэнкі, «абавязаны і павінны» дапамагаць Беларусі. Чаму? Таму што, па-першае, іх радзіма — Савецкі Саюз, яны цяпер «працьверазелі і празрэлі, якую краіну згубілі»; па-другое, беларусы ратавалі жыдоў у вайну, і цяпер жыды павінны «аддзячыць, адплаціць»; па-трэцяе, яны жывуць лепей, багацей за нас, а значыць, трэба дзяліцца. Далей ідзе канкрэтны закід на адрас беларусаў. Бо, аказваецца, «кожны народ жыве так, як ён працуе». Гэта значыць, што жыды ў Ізраілі працуюць добра, таму і жывуць лепей, а беларусы-гультаі без Лукашэнкавай пугі зь месца не скрануцца.

Папулісцкія сэнтэнцыі ня маюць канкрэтнага сэнсу. Нехта кажа, што «народ заслугоўвае тую ўладу, якую мае», або што «не народ для ўраду, а ўрад для народу» і г.д. Лукашэнка кажа, што «як працуеш, так і жывеш». Людзі самі вінаватыя ў сваёй беднасьці. Найважнейшыя фактары эканомікі — свабода і разумнае заканадаўства — ва ўлік не бяруцца. Народ — быдла, вось ён так і жыве.

Гэткім духам прасякнуты і маналёг Лукашэнкі пра ўласнае прэзыдэнцтва.

«І сапраўды: прайшло пяць гадоў майго прэзыдэнцтва, мне споўнілася сорак пяць. Пра тое, што я зрабіў добрага, гаварыць ня будзем. Нашмат важней іншае: што я не зрабіў дрэннага з таго, што мог зрабіць як палітык.» Дык чаго ж ён не зрабіў?

Ён не дапусьціў барацьбы за ўласнасьць, расколу ў грамадзтве і міжнацыянальнай ды рэлігійнай розьні. Уся рэч у тым, што нацыянальны скарб Беларусі за мінулыя гады раскрадаўся не чужымі людзьмі, а — пад пільным наглядам першага прэзыдэнта. І ўжо цяпер гэты скарб змалеў настолькі, што наступствы Лукашэнкавага праўленьня будуць параўнальныя з наступствамі вайны, недапушчэньнем якой ён так ганарыцца. Бо ў нас ня толькі людзі ператвараюцца ў жабракоў, жабрачкаю стала сама Беларусь. «Так, нас можна дакараць за тое, што людзі нашы яшчэ жывуць беднавата. Жывуць так, як працуюць.»

Напярэдадні новага году Лукашэнка быў уражаны тым, адкуль у беларускіх людзей столькі грошай! І ў гэтым «адкрыцьці» — поўная падмена паняцьцяў. Па-першае, прэзыдэнт мусіць ведаць пра рэальныя даходы свайго народу і пра тое, адкуль яны бяруцца (а не дапускаць, што народ пры жабрацкім заробку прыкрадае); па-другое, прэзыдэнт ня мусіць зазіраць да людзей у кішэні, бо гэта проста непрыстойна і прыніжае народ. Па-трэцяе, прэзыдэнт мусіць радавацца таму, што рэальныя даходы растуць, а не зларадзтваваць з гэтае нагоды, маўляў, ён ведае пра дзялішкі свайго злодзея-народу, але велікадушна прымружвае на гэта вочы.

«Я прызнаю, што мы не багата жывем, ня так, як жывуць у Ізраілі. Але прабачце — як працуем, так і жывем... А пра тое, што я зрабіў добрага, няхай кажуць потым...»

Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0