Маскоўскі афіцыёз малюе Пуціна вялікім міратворцам на саміце G8 у Нямеччыне. Як жа, зрабіў шырокі жэст у пытаньні супрацьракетнай абароны! Прапанаваў Бушу выкарыстоўваць для адсочваньня магчымых пускаў іранскіх ракетаў Габалінскую РЛС, якую Расея арандуе ў Азэрбайджане. З Аліевым ужо дамоўлена.

Увогуле гэта нагадвае стары анэкдот: купі казу — прадай казу! Буш, які не выключаў эскаляцыі напружанасьці ў гэтым пытаньні, пэўна ж, уздыхнуў з палёгкай. Ва ўсякім разе, назваў прапанову сябра Валодзі цікавай. Пуцін пераможна абвесьціў: "Мы дамовіліся з Джорджам, што нашыя адмыслоўцы возьмуцца за гэтую працу як мага хутчэй…".

Канешне, называць крамлёўскага гаспадара вялікім міратворцам не выпадае. Нашто было тады палохаць Эўропу перанацэльваньнем ядравых ракетаў?

"Пуцін зразумеў, што перагнуў кій, і вырашыў адгуляць назад, — падзяліўся са мной меркаваньнем менскі аналітык Андрэй Фёдараў. — Але пасьля папярэдніх ваяўнічых заяў элемэнт недаверу і насьцярожанасьці з боку Захаду будзе заставацца".

Канешне, з той Габалой яшчэ віламі па вадзе. І Вашынгтон сто разоў падумае, і Маскве можа спатрэбіцца новы ўсплёск канфрантацыі перад выбарамі, каб разагрэць электарат ды адмахнуцца ад заходніх прэтэнзіяў да "сувэрэннае дэмакратыі".

І ўсё ж фактам ёсьць тое, што намеціўся варыянт кампрамісу. Са слоў Пуціна, "гэта здыме неабходнасьць разьмяшчаць нашыя ўдарныя комплексы у беспасярэдняй блізкасьці ад эўрапейскіх межаў".

Іначай кажучы, у выпадку паразуменьня між Масквой і Вашынгтонам адпадуць пляны маскоўскіх стратэгаў выкарыстаць Беларусь, у прыватнасьці, разьмясьціўшы тут апэратыўна-тактычныя ракеты "Іскандэр". Нагадаю: беларускае кіраўніцтва апошнім часам настойліва рэклямавала свае паслугі дзеля "адэкватнага і асымэтрычнага адказу" амэрыканцам. Пэўна ж трымаючы ў галаве эканамічныя бонусы. Цяпер шанцы на іх становяцца яшчэ болей прывіднымі. Бо Пуцін палічыў за лепшае скарыстацца паслугамі Аліева, а не Лукашэнкі. І асымэтрыя можа атрымацца ня ў той бок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?