Адам ГЛЁБУС

Суайчыньнікі-8

 

Пазьняк

Культурнік-палітык Зянон Пазьняк перастаў быць лідэрам беларускай апазыцыі. Яго зьмянілі палітыкі “новай хвалі”. Але справа Пазьняка жыве й буяе. Справа чалавека, які браўся зрабіць і не зрабіў, будзе, як ні крыўдна, жыць вечна. Зірні навокал: Пазьнякоў процьма, на кожнай галіне сядзіць свой маленькі Пазьнячок. Гермянчук-Пазьняк -- у журналістыцы, Вячорка-Пазьняк -- у філялёгіі, Някляеў-Пазьняк -- у літаратуры, Шарэцкі-Пазьняк -- у парлямэнтарызме. Зянон Пазьняк, як іртуць, рассыпаўся на процьму шарыкаў-Пазьнякоў. І як цяпер сабраць гэтых Пазьнякоў? І хто іх зьбярэ?

 

Крываблоцкі

Калі бацька прывёз школьніка Валодзю Крываблоцкага зь вёскі Хвалава, што на Берасьцейшчыне, у сталічны Менск, ён і думаць ня думаў пра казытлівую сытуацыю, у якой апынецца. Напачатку ў школцы-інтэрнаце для адораных дзяцей па музыцы й выяўленчым мастацтве, дзе здаваў іспыты Вовачка, усё ішло гладка, пакуль не задалі кампазыцыю -- малюй, што пажадаеш, што на душу ляжа, што ўразіла больш за ўсё на сьвеце. І Вовачка намаляваў. Экзамэнатары іржалі, як коні, калі пабачылі Вовачкаву кампазыцыю з жыцьця жывёлаў. На малюнку зубар пакрыў зубрыху. Бацька, пачуўшы іржаньне, ня вытрымаў і зайшоў у клясу, пачырванеў, як бурак і спытаў: “Дык што, ня возьмеце?” “Возьмем!” -- адказалі экзамэнатары. За школаю бацька спытаў у Вовачкі: “Дзе ж ты такое бачыў, сынок?” “А памятаеце, тата, як быка да каровы даводзілі? Вось я падумаў, і ў зуброў тое самае адбываецца”.

 

Семчанка

Шрыфтавік Павал Семчанка ніколі ня носіць партфэля ў правай руцэ. Ён шкадуе руку майстра. Аберагае ад непатрэбных цяжараў. Семчанка так любіць рукапісныя шрыфты, што й выгляд займеў старажытны: барада, як у праваслаўнага сьвятара ў ХІІІ стагодзьдзі. І таму нікога не зьдзівіла развага пра лячэньне зубоў у далёкай мінуўшчыне. Семчанка меркаваў, што старажытны чалавек рабіў зубныя плёмбы з дубу. Ад тэорыі ён перайшоў да практыкі й забіў малатком сабе ў зуб кавалачак дрэва. Праз колькі дзён барадаты твар разьнесла й скасабочыла. Доктар уратаваў аматара рукатворчасьці ад болю, але зуб давялося выдзерці.

 

Рыбак

Зь пісьменьнікам Алесем Рыбаком лёс зводзіў мяне двойчы. Рыбак рэдагаваў маю першую празаічную кнігу “Адзінота на стадыёне”, рэдагаваў акуратна, і канфліктаў не было. Яму не спадабалася слоўца “рамбаза”, я яго замяніў. Папрацавалі й разышліся. А вось першая мая сустрэча з Рыбаком уразіла. Я з бацькам чакаў Алеся на Краснай плошчы, каля помніку Мініну й Пажарскаму. Рыбак выйшаў з Крамля, падышоў да мяне й аддаў пачак сшыткаў з “лашчонымі” аркушамі. “Пішы, Валодзя, пішы!”. Пішу…

Бяляцкі

Люблю лічыць. Раз, два, тры… З гэтага музыка пачынаецца й паэзія гэтаксама, а з паэзіі ўся літаратура выцякае. Мой погляд такі. Ёсьць іншыя. Але іх не люблю. Не, ня погляды, а тых, хто ня ўмее лічыць -- не паважаю. Да прыкладу нейкі кепскі арытмэтык -- спадар Кавальчук --напісаў аповесьць “Вясельле на хутары” і надрукаваў у часопісе "Arche". О гэтыя літхутары! І на гэты хутар “зь лесу даляталі… рэдкія камары”. Памятаеш пра рэдкую птушку й сярэдзіну Дняпра? А тут такі рэдкі камар, які далятаў на сярэдзіну хутара. А можа Кавальчук пралічыўся? І камароў было шмат? Дапускаю. Цалкам. Вось эпізод, які даказвае няўменьне Кавальчука лічыць.

“Вось да вогнішча падышлі Пётра з Валяю…

(Заўважу, аўтар, ён жа лірычны герой, ужо сядзеў каля кастра. -- А.Г.).

-- Сапраўды казак, -- з гонарам за Пётру прагаварыў я да Валі.

Яна, сарамліва (а як жа інакш? -- А.Г.) пасьміхаючыся, прамаўчала…”

Апускаю трызьненьні аўтара, але заўважу, што ніхто нікуды ад вогнішча не сыходзіў, і ў наяўнасьці ёсьць тры асобы: Валя, Пётра, які пазьней зарыгае ўвесь хутар, і Кавальчук.

“У хуткім часе да агня прыйшоў яшчэ адзін хахол Генік. І мы сядзелі ЎТРОХ моўчкі каля вогнішча. Пётра змоўк, і кожны з нас думаў пра нешта сваё, а можа ні пра што ня думаў…”

А пра што думаў аўтар, калі гэта пісаў у 1992 годзе й выдрукаваў у 1999? Пра што ён думаў 7 гадоў? Пра жаночыя ногі! Я ўпэўнены. Вось цытата: “… плынь сьвядомасьці несла мяне, як па шпалах, па жаночых нагах…” Моцна!

Люблю я лічыць, люблю і ўмею. А яшчэ я люблю вылічваць. І вылічыў, што Алесь Кавальчук -- гэта праваабаронца Алесь Бяляцкі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0