Прызнаньне маёра КГБ

 

Літовец Вітаўтас Вайтас пакінуў працу ў сакрэтнай службе пасьля падзеяў 13 студзеня 1991 году, калі ў Вільні пад танкамі генэрала Ўсхопчыка загінулі людзі. Як вядома, незалежная Літва ня стала карыстацца паслугамі рэспубліканскага КГБ, нават не ўзялася рэфармаваць яго. У будынку КГБ у Вільні зрабілі Музэй генацыду, а службу бясьпекі краіны стварылі новую, на чыстым месцы.

Цяпер, калі тая старонка гісторыі літоўскага грамадзтва перагорнутая, Вітаўтас Вайтас вырашыў распавесьці журналістам пра некаторыя сакрэты кагэбісцкай кухні, не баючыся нікога асабліва закрануць — няма ў Літве КГБ, і тых мэтадаў болей не выкарыстоўваюць. Між тым у нас «кавалі другія, а ланцуг той самы». Цікавае з расповедаў Вайтаса пра тое, чаго ён навучыўся ў менскай школе КГБ у Вайсковым завулку, гэта, напрыклад, гэбісцкія сцэнары дыскрэдытацыі апазыцыйнага руху ў часы перастройкі, што ставіліся ва ўсім былым СССР, у тым ліку і ў Беларусі.

 

«Закарміць» посьпехамі

«У нас увесь час была інфармацыя пра тое, што адбываецца ў грамадзтве, — кажа Вітаўтас Вайтас. — Мы ведалі, хто што кажа, у каго якія пляны. «Саюдзіс» можна было называць рэвалюцыяй, путчам, пераваротам, вызвольным рухам ці яшчэ як-небудзь, але з нашага пункту гледжаньня гэта быў бунт, тэорыю якога мы добра вывучылі.

Бунт можна ліквідаваць сілай або мэтадам «перанасычэньня», г.зн. даць столькі свабоды, каб у бунтароў парушылася страваваньне. Памятаеце, як гэта пачалося ў Літве: эканамічная самастойнасьць, вяртаньне сьцягу і г.д. Адзін са сцэнароў прадугледжваў тэрмінова і нават з гакам задаволіць гэтыя патрабаваньні. Усе асьлеплі б ад радасьці, пачаліся б непазьбежныя праблемы пераходнага пэрыяду, расчараваньне, а тады ўвадначасьсе ў патрэбны момант найбольшага расчараваньня пераменамі — рэфэрэндум, адпаведная падрыхтоўка грамадзкае думкі, і народ сам «сваім волевыяўленьнем» замацоўвае адмову ад рэформаў».

У Літве гэты варыянт не прайшоў, не знайшлося лідэра-здрадніка, які б прадаў нацыянальныя інтарэсы, хоць момантаў грамадзкага расчараваньня «вагноркамі»-«зайцамі» і рэзкіх павышэньняў квартплаты не бракавала. У іншых краінах — знайшліся.

 

Навязаць раскольнага лідэра

«Усё пачынаецца з таго, — працягвае маёр Вайтас, — што ў грамадзтве ўзьнікае пэўная група, якая з кожным днём расьце. У ёй няма афіцыйнага лідэра, а неафіцыйны, калі ён вось-вось зьявіцца сам, яшчэ больш умацуе гэтую групу. Таму ў апазыцыйнай групе мы знаходзім злобнага, канфліктнага чалавека або чалавека, які па сваіх якасьцях ніяк ня можа стаць папулярным лідэрам. Аднаго інфарматара мы просім прапанаваць яго ў старшыні сходу. Другому інфарматару даем указаньне патрабаваць ад будучага лідэра, каб ён абавязкова на мітынгу сказаў прамову. І так далей. Усё, лідэр ёсьць. Той, які ў будучыні расколе і аслабіць сваёй непапулярнасьцю групу».

У апошнім сюжэце маёр Вайтас робіць выразны намёк на лідэра Саюдзіса, піяніста і прафэсара музыкі Ландсбэргіса. Маўляў, для Літвы і тутэйшага дэмакратычнага руху менавіта гэты «злы і канфліктны» чалавек быў вылучаны з падачы КГБ. Аднак час не апраўдаў гэбісцкіх разьлікаў. У Літве. Затое можна меркаваць, што гэты тыповы сцэнар спрацаваў у іншых новаствораных краінах.

Толькі два старыя, сьціплыя сакрэты безадносна да беларускай рэчаіснасьці, а колькі цікавага! Вось каб знайшоўся нейкі добры чалавек зь менскіх службаў, каб падзяліўся сакрэтамі навейшымі. Бо вядома ж, ня ўсе яны цешацца тым, што з нашай краінай вырабляюць.

Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0