Лісты ў рэдакцыю

 

Эліта мусіць быць сьціплай

Разумны чалавек іншае нацыі, у нашым выпадку Ежы Клачоўскі, аналізуючы цяпершчыну й гісторыю Беларусі, бачыць, што ўсё, што мы маем, гэта дзякуючы сэрцу, мозгу й матору нацыі — нацыянальнай беларускай эліце. І ён збоку можа заклікаць: "Беларусы, шануйце сваю эліту, бо яна расцэньваецца на вагу золата".

Цяпер, у артыкуле "Беражыце эліту", аўтар яго кажа: "...Не прыпамінаю, каб нехта ў нас ставіў гэтую задачу на першае месца. На першым месцы заўсёды былі заклікі ратаваць незалежнасьць і мову, а вось ратаваць нацыянальную эліту — носьбіта гэтых ідэалаў — не заклікалі!" Гэта папрок.

Пытаньне, хто гэта мае заклікаць ратаваць эліту? Ратаваць мову і імкнуцца здабыць незалежнасць заклікае беларуская нацыянальная эліта. Выглядае, што папрок ёй, чаму на першым месцы яна не заклікае: "Гэй, беларускі народзе, беражы нас, бо бяз нас прападзеш!"

І як ратаваць? Пэўне раіць: не гаварыце на вуліцы па-беларуску, бо вас гумовымі палкамі паб'юць. І не займайцеся беларускай вызвольнай справай, бо вас арыштуюць, пасадзяць у вязьніцу, будуць з ваc зьдзекавацца, а то й расстраляюць.

Ісус Хрыстос, найлепшы прыклад ідэйнай эліты, ці ён заклікаў людзей берагчы яго і не спрычыняць яму фізычнай шкоды — не ўкрыжоўваць яго, бо, маўляў, хто тады будзе навучаць людзей ідэям любові, праўды?

Калі ідэйны беларус стане перадусім думаць пра сябе і прапаноўваць сябе й такіх, як ён — эліту, ён перастае быць прадстаўніком яе. Думаючы перадусім — "на першым месцы" — пра захаваньне сябе, ён можа схіліцца да вышуку выгаднейшага жыцьця, пайсьці на ўслугі рэжыму, які зьнішчае беларускую мову і незалежнасьць.

Чужынец можа заклікаць: "Беларусы, шануйце сваю эліту!" А самой эліце: "Шануйце й беражыце нас!" — заклікаць няёмка ды шкодна.

Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта

 

Няскладныя вершы Міцкевіча

Прачытаў ліст сп.Станішэўскага. Вось што згадалася: я не хацеў бы пакрыўдзіць палякаў — я і сам напалову паляк — але ж у польскіх паляках вельмі цікавае стаўленьне да ВКЛ ды іншых падзеяў, агульных для нашых народаў. А менавіта.

Калі пачынаеш казаць паляку, што Міцкевіч, Манюшка, Агінскі ды й ня толькі яны — БЕЛАРУСЫ, палякі ўсьміхаюцца і глядзяць на цябе, як на ціхага вар'ята. Але ж панове! Тады была такая, а ня іншая сытуацыя. У тыя часіны каб стаць вядомым, трэ было пісаць свае геніяльныя творы не па-беларуску, а па-польску.

Але ж зьвернемся да Міцкевіча. Кожны раз, калі чытаю "Пана Тадэвуша", зьвяртаю ўвагу на тое, што часьцяком трапляюцца такія вершы, якія на першы погляд ня вельмі рыфмуюцца. Ды гэта толькі на першы погляд. Калі прачытаць іх "па-беларуску" (у нашых мовах ёсьць шмат аднолькавых выразаў, якія адрозьніваюцца толькі націскам ды адной ці дзьвюма літарамі) дык атрымліваецца вельмі прыгожа ды з рыфмаю. Што гэта, калі ня сьведчаньне таго, што Міцкевіч адрухова, аўтаматычна ўжываў у некаторых момантах беларускія выразы?

Ігар Банцар, Варшава

 

Як родныя дзеці

Зь вялікай увагай чытаю ўсё, што датычыць Вільні, і стала надта сорамна за нядаўнія выказваньні сп.Шарэцкага на гэты конт. А вось ліст Валдаса Банайціса з Новай Вялейкі мяне ўзрадаваў, бо відно, што кранае яго тая "канфэсійная статыстыка", як і ўвогуле праўда пра Вільню.

Праўда пра Вільню — гэта стрэмка, якая, можа, і ня надта далягае літоўцам, але ад якой няможна пазбавіцца. Дый беларусы ня ўсе спрэс думаюць, як Шарэцкі. Але мы хрысьціяне, і ў нашай сытуацыі ставімся да Вільні, як родная маці зь біблійнага суду Салямона да свайго дзіцяці — жыла б і квітнела любая Вільня. А далей... Быць таго ня можа, каб нашчадкі Вялікага Княства заўсёды мусілі атрымліваць візу, каб укленчыць перад Маці Божай Вострабрамскай або прывезьці дзяцей агледзець старадаўнюю сталіцу.

Ніколі не кажы "ніколі".

Вікторыя Бувак, Горадня

У-у-у...

Шаноўная рэдакцыя, іншы раз у вашых аўтараў словы беларускія, а сынтакса расейская. Чаму пішуць: станцыя коштам у 10 мільёнаў жыцьцяў, рэжысэр атрымае ганарар у 5 тыс. даляраў? Па-беларуску: пайшоў у лес, веру ў Бога, пазычыў у цябе, сукенка ў гарошак, — "у" у большасьці выпадкаў мае значэньне накірунку дзеяньня, адметнасьці, ці — часавай прасторы: у чацьвер. Канструкцыі ж тыпу "у які ўжо раз", "гэта абыдзецца нам у..." , "груз вагою ў тону" — калькі з расейскага канцылярыту.

Алена Ціхановіч, Прага.

 

"НН" — корань будучыні

Піша вам заўсёдны чытач і прыхільнік вашае працы, нашай газэты. "Наша Ніва" — ня проста газэта для сапраўднага Беларуса. Уявіць сабе Беларусь без "НН" немагчыма. Уявіць Беларусь немагчыма і без "Советской Белоруссии". Аднак "НН" — гэта і корань, і будучыня нашая. "СБ" ж — сымбаль беларускай рэальнасьці: Беларусі безь беларускасьці і, нарэшце, безь беларуса. Падобнае існаваньне чалавека, калі ён не атаясамляе сябе ў пэўных, натуральных, адпаведных сваёй нацыянальнасьці, утульных умовах, прыводзіць урэшце да абрыдласьці, ілжы ды бездухоўнасьці.

Кастусь Гакевіч, Гомель


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0