БТ вачыма беларуса

ПЕСЬНІ І САРКАФАГІ

 

У сераду ня сумна прайшлі праграмы «Добрай раніцы» і «Добры вечар, Беларусь!» — пра беларускія імёны на геаграфічнай мапе. Паказвалі мала, затое расказалі шмат, дый гледачы ў жывы эфір званілі. Узгадалі і пра Дамейку, і пра выспу Полацак, забыліся хіба толькі пра горную хрыбціну Чэрскага.

Сучаснае беларускае імя, на жаль, мала вядомае шырокай публіцы, уласнай пэрсонай прысутнічала ў пятніцу ў праграме «Сёньня з вамі...» Слынны майстра, апэратар «Беларусьфільму» Юры Ялхоў; гэта ён зьняў любімыя зь дзяцінства «Прыгоды Бураціна» ды «Чырвоны Капялюшык». Распавёў пра свае прызнаныя ў Саюзе вынаходніцтвы, зробленыя ў чыста савецкім стылі: прыходзілася ўласнаручна выпраўляць дрэнную савецкую кінастужку. Сп.Ялхоў — прыхільнік думкі, што прыгажосьць уратуе сьвет; вельмі любіць здымаць проста кветкі, як чыстую красу, і вельмі ня любіць бачыць вялізарны «саркафаг» у цэнтры Менску, як чыста зусім адваротнае...

Увечары гэты саркафаг вісеў фонам праз увесь тэлерасказ пра сьвяткаваньне Новага году ў Менску. Менчукі, што не дабраліся ў ноч на тры нулі да Кастрычніцкага пляцу, і астатнія беларусы паглядзелі на натоўп, на добрую ілюмінацыю, на стандартны канцэрт ды паслухалі стандартныя словы віншаваньняў-зычэньняў ад артыстаў ды простых грамадзянаў.

Танцы з фаервэркамі напрыканцы сьвята й тэлепраграмы выглядалі ня вельмі аптымістычна, бо былі пад славутую тэму з «Карміны Бураны», зусім не навагоднюю. Да таго ж, як ні мудравалі аўтары тэлевэрсіі пры мантажы, усё роўна бачна было, што танцоры дрэнна ведалі, што рабіць з тымі ручнымі фаервэркамі, ды толькі думалі, як вочы прыкрыць.

Увогуле падалося, што асабліва весела ды відовішчна на Кастрычніцкім не было. Чарговы канцэрт на адкрытай пляцоўцы, хіба што зь елкай ды прыгожымі гірляндамі. А саркафаг, якія дэкарацыі перад ім ні будуй ды пад якім ракурсам ні здымай, усё адно будзе выглядаць хіба як маўзалей.

Паглядзець, мусіць, цікава будзе «Джаз уночы» ў аўторак — блюз і джаз з фэстывалю «Блюз жыве ў Менску». У чацьвер апоўдні і ў пятніцу пад вечар у «Нашы краі» — пра ўдзел Беларусі ў першай сусьветнай выставе ХІХ ст. Аматары спорту мусяць не прапусьціць матч зорак Усходне-Эўрапейскае хакейнай лігі — субота, 17.00.

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0