«Каб знайшлі, дык пакралі б»

 

У 1985 годзе на гэтыя каштоўнасьці выпадкова натыкнуліся рабочыя, якія рамантавалі сыстэму вэнтыляцыі. Знаходку перадалі музэйшчыкам. Музэйшчыкі паведамілі пра яе ў ЦК літоўскай кампартыі. Нагадаю — быў 85-ты год. Дык вось, у ЦК прынялі рашэньне схаваць скарбы ад Масквы. Каб не забрала. Каштоўнасьці падзялілі, запакавалі і ўначы разьвезьлі па таемных сховах. Ніхто лішні не даведаўся. І толькі празь дзесяць гадоў пра гэта стала вядома публіцы...

Зьдзіўляе ня гэтак дэтэктыўная гісторыя пра знойдзены і перахаваны скарб, як паводзіны людзей: рабочых, якім хапіла цяму й сумленьня, каб адразу зьвязацца са спэцыялістамі; археолягаў і мастацтвазнаўцаў, у якіх ужо былі напагатове скрыні й цэтлікі; камуністаў-«цэкоўцаў», якія ўсталі на абарону нацыянальных інтарэсаў у той зусім не нацыянальны час. Усе яны шчыра маўчалі цэлых дзесяць гадоў...

Калі б такі самы скарб знайшоўся ў 80-я гады ў Беларусі, што б магло адбыцца зь ім? Такое пытаньне я задаў вядомаму беларускаму археолягу й гісторыку Алегу Трусаву. Вось ягоны адказ:

«Нават каб гэткае было знойдзена ў пачатку 91-га, усё б вывезьлі ў Маскву! І далейшы лёс быў бы гэткі: частку папросту пераплавілі б на золата, а самае каштоўнае аддалі ў гэтак званы «Гохран». Быў такі орган — Гохран СССР».

Беларускія археолягі й гісторыкі змушаныя былі здаваць знаходкі ў Маскву. Навукоўцы з Расеі, якія праводзілі раскопкі ў Беларусі, звозілі знаходкі сабе. У сваёй практыцы археоляга, а пазьней і дэпутата Вярхоўнага Савету спадар Трусаў сутыкаўся з гэтым шматразова:

«Гэткіх прыкладаў маса, — кажа ён. — Вось унікальны бялыніцкі скарб залатых манэтаў, знойдзены прыблізна ў той самы час. Знайшлі пад Бялынічамі, а зьвезьлі адразу ў Маскву. Але там яго ня зьнішчылі, бо ён унікальны. Ён патрапіў у Гохран. Я, як быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі, хацеў вярнуць яго назад, яшчэ за часамі СССР. Напісаў афіцыйныя лісты. І мне з Масквы, дарэчы, прыслалі адказ, у якім паведамлялася, якія каштоўнасьці, зьвезеныя зь Беларусі, яны захоўваюць. Я гэты сьпіс і Кебічу даваў, і Мясьніковічу. І потым даваў, як незалежнасьць атрымалі. І нармальныя людзі даўно б гэта ўсё вярнулі! Гэта ж дакумэнт. Там усё напісана, адкуль і што паходзіць, пачынаючы з 1964 году. Гэта дванаццаць скарбаў. Толькі тых, што ня зьнішчылі, не пераплавілі! Бо асноўную масу манэтаў, царскіх, да прыкладу, ды іншых, перадавалі ў Маскву, а там іх пераплаўлялі ў звычайныя зьліткі. А самае ўнікальнае здавалася ў Гохран, дзе і захоўваецца...»

Беларускія камуністы ніколі не ўяўлялі сябе бацькамі нацыі, кіраўнікамі дзяржавы — што БССР, што РБ. Для іх «нацыянальныя каштоўнасьці» і «нацыянальныя сымбалі» — пустыя гукі. Таму параўноўваць іхныя паводзіны з паводзінамі літоўскіх камуністаў не выпадае. Але можна параўнаць паводзіны простых людзей. Віленскія рабочыя, адкрывальнікі скарбу, таксама ўсталі на ягоную абарону. А што б на іх месцы зрабілі беларусы? — спытаўся я ў спадара Трусава.

«Каб знайшлі беларусы, — сказаў ён, — дык працэнтаў 80 пакралі б. Астатняе здалі дзяржаве, каб атрымаць 25 % ад кошту знойдзенага. Адзін наш трактарыст на Берасьцейшчыне, напрыклад, у першыя гады незалежнасьці знайшоў велізарны скарб рымскіх манэтаў. Здаў дзяржаве. І два гады валаводзілі, каб выплаціць яму гэтыя грошы. Пра гэта пісалі ва ўсіх газэтах...»

Трактарыста дзяржава ўсё ж падманула. Бо выплачаныя грошы ў беларускіх рублях па колішнім афіцыйным курсе ніяк не дараўнаць да сапраўднай рынкавай вартасьці тых антычных манэтаў. Але, прынамсі, скарб застаўся ў руках навукоўцаў, застаўся ў Беларусі. Мне самому даводзілася бачыць, як людзі раскрадалі знойдзеныя ўнікальныя скарбы, ня ведаючы іх рэальнага кошту. Як напрыклад, у вёсцы Матылі Шчучынскага раёну, дзе мэханізатары знайшлі збан са скарбам галяндзкіх манэтаў і рэчаў XVI ст. і пахавалі сабе па кішэнях. Яны не разумеюць, што гэтыя рэчы ўдвая каштоўнейшыя, калі яны разам, што дапамагае іх атрыбутаваць і вывучыць.

Кіраўнікі ня верылі й ня вераць у тое, што свая дзяржава ёсьць. А людзі ня вераць гэткай дзяржаве, якая ня верыць у сябе саму. Таму лічаць сябе правамоцнымі прыўлашчыць тое, што знайшлі ў сваёй, прынамсі, зямлі. Але мой субяседнік, спадар Трусаў, лічыць, што справы ўсё ж павярнуліся да лепшага. Цяпер нічога з таго, што знаходзяць у зямл, і таго, што рэквізуецца на мытнях, не аддаюць у Расею. Створаны ацэначныя камісіі пры менскіх ды абласных музэях. Парадкуецца заканадаўства... І калі ў Беларусі будзе знойдзены, нарэшце, скарб Напалеона, ён цяпер застанецца ў нас. А вось складзены спадаром Трусавым сьпіс нашых каштоўнасьцяў, якія ляжаць у маскоўскіх сэйфах, чакае пары, пакуль у краіне зьявіцца свая ўлада. Гэты сьпіс будзе надрукаваны і стане тэмаю асобнай размовы ў «Нашай Ніве». Чакайце.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0