Рэфэрэндумы Ўладзімера Арлова

18-19 студзеня на запрашэньне Бярозаўскай раённай арганізацыі ТБМ у тутэйшай бібліятэцы і ў школках Бярозы і Белаазёрску, вёсак Першамайскай і Малеча выступаў пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які прадстаўляў сваю новую кнігу, напісаную разам з Генадзем Сагановічам, «10 вякоў беларускай гісторыі».

 

Шчыры расповед пра сваё першае каханьне да першаклясьніцы Ірачкі, успаміны пра студэнцкія гады, што падштурхнулі юнака да першых творчых спробаў і ўсьведамленьня сваёй нацыянальнай адметнасьці, — усё гэта зацікавіла прысутных. Вучні старэйшых клясаў проста завальвалі пісьменьніка пытаньнямі на самыя розныя тэмы: ад творчых плянаў да адносінаў да кіраўніка краіны. У выніку сустрэчы выходзілі за межы заплянаванага часу, а ў першы дзень у райцэнтры ператварыліся ў дзевяцігадзінавы марафон выступаў, адказаў на пытаньні і пераходаў ад аднаго месца сустрэчы да другога.

Трэба думаць, што высновы сп.Арлова пра тое, што без гістарычнай памяці беларускі народ ня мае будучыні і што толькі ў сваёй незалежнай Беларусі мы здолеем дасягнуць дабрабыту, шчасьця і спакою, не пакінулі абыякавых. Прынамсі пра гэта сьведчыць «лес» рук на імправізаваных «рэфэрэндумах» за незалежнасьць Беларусі.

Сяржук Русецкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0