Уладзімер Колас: Ліцэй — гэта нармальна

Пачаў дзясяты год свае працы Беларускі Гуманітарны Ліцэй — адзіная ў краіне сярэдняя навучальная ўстанова, якая працуе ня толькі па-беларуску, але й на грунце нацыянальнае культуры, гісторыі, нацыянальных інтарэсаў. З гэтае нагоды наш карэспандэнт сустрэўся з дырэктарам Ліцэю Ўладзімерам Коласам.

 

— Мінула дзевяць гадоў. Ці не пазбавіўся за гэты час Ліцэй пэўнага рамантычнага арэолу першага пэрыяду?

— Безумоўна, пазбавіўся. Увогуле, у мяне да рамантыкі стаўленьне ўжо досыць цьвярозае, хоць былі раней нейкія ўяўленьні ідэалістычныя. Як пры рэалізацыі любога праекту, калі ён напаўняецца канкрэтным сэнсам і зьместам, тое, што спачатку плянавалася, зьмяняецца, мяняецца і карціна, і сутнасьць. Але гэта нармальна.

 

— Што Вы можаце прыгадаць з самага радаснага ды з самага непрыемнага, складанага з таго, што адбылося за гэтыя гады?

— Самым радасным было тое, што мы стварыліся. А самае непрыемнае тое, што нашым выпускнікам, на жаль, жывецца ня вельмі лёгка: рэалізавацца ў тым, да чаго мы іх рыхтуем, ім вельмі цяжка. Але самае крыўднае тое, што пэўная колькасьць выпускнікоў губляецца і губляюць тое, што ім давалі ў Ліцэі.

 

— Як вырашаюцца праблемы з кадрамі?

— Цяжкае пытаньне. Акрамя рамантыкі і прыгожай ідэі, нечым канкрэтна матар’яльным мы прывабіць ня можам. Людзі працуюць больш на энтузіязме. У нас ёсьць касьцяк, які ад самага пачатку ў Ліцэі, мы на яго абапіраемся. Гэта Лявон Баршчэўскі, Алена Леановіч, Вольга Дзядзюля, Вінцук Вячорка, Анатоль Ракіцкі, Вольга Дадзіёмава, Людміла Марозава, Дзіна Бабрыцкая, Валянціна Сіўковіч. Шмат чаго зрабіла для вырашэньня кадравай праблемы завуч Ірына Сідарэнка.

 

— А каго б вы хацелі бачыць сярод сваіх выкладчыкаў?

— Усіх, каго б я хацеў бачыць выкладчыкам, я бачу ў Ліцэі. Мы карыстаемся вялікай сымпатыяй з боку ўсіх, хто мае дачыненьне да справы беларускай культуры, і мы гэта выкарыстоўваем, запрашаючы пры магчымасьці цікавых і таленавітых людзей. У прынцыпе, я хацеў бы бачыць у сябе ў Ліцэі, можа, не выкладчыкамі, а лектарамі, прамоўцамі, усіх тых, хто спрычыніўся да разьвіцьця беларускай культуры. Бо важная ня толькі акадэмічная адукацыя, а і магчымасьць кантактаў з выбітнымі асобамі, адчуваньне іх аўры. Гэта і ёсьць тое, што называецца выхаваўчым працэсам.

 

— Ці не існуе больш пагрозы, што Ліцэй аб’яднаюць зь іншымі навучальнымі ўстановамі?

— Гэта ўжо забыта, цяпер мы існуем як цалкам самастойная адзінка, хоць, праўда, у нас ёсьць навукова-мэтадычнае аб’яднаньне: мы супрацоўнічаем з Пэдунівэрсытэтам. Мы гэтага не дамагаліся, рашэньне было спушчанае зьверху, але супрацоўніцтва наладзілася даволі плённае і ўзаемакарыснае.

 

— Ці адчуваеце Вы пэўную розьніцу паміж першымі навучэнцамі і сучасным пакаленьнем ліцэістаў?

— Глябальнай розьніцы няма. Можна сказаць, што тады было больш пасьляперабудовачнага рамантызму, большы эмацыйны ўздым адчуваўся ў іх. У цяперашніх больш асьцярожнага ды прагматычнага скептыцызму, менш увагі і цікавасьці да ідэі беларускага адраджэньня, мо таму, што яно ўжо існуе як дадзенасьць, няма навізны. Але зьявілася цалкам асэнсаванае жаданьне працаваць менавіта ў гэтым рэчышчы. Аднак узроставыя — як станоўчыя, так і адмоўныя — якасьці, уласьцівыя гэтаму веку, усё тыя ж: наіўнасьць, юнацкі цынізм, дух супярэчнасьці, гарэзьлівасьць.

 

— Да чаго моладзь ставіцца найбольш скептычна?

— Чорнага, татальнага скепсісу няма, але ёсьць калі не падаўленасьць пануючым расейскамоўным асяродзьдзем, дык, хутчэй, празьмерная пакорлівасьць, зь якой яны гэтую рэчаіснасьць успрымаюць. Баюся, што ў іх малавата жаданьня яе мяняць. Я ўжо, праўда, адчуваю, што ператвараюся ў прадстаўніка сталага пакаленьня, якое бурчыць на моладзь, але кожнае пакаленьне глядзіць на ўсё сваімі вачыма. Мы ім сваіх вачэй не пазычым, ды ім гэтага і ня трэба: яны бачаць далей за нас, будуць жыць даўжэй за нас у зусім іншай рэальнасьці, да якой ужо сёньня рыхтуюцца і якую ствараюць. Як бы мы ні хацелі паўплываць на іх, спрагназаваць канчатковы вынік немагчыма.

 

— Ці ня прыкра Вам бывае чуць расейскую мову на калідорах Ліцэю?

— Мы шмат над гэтым думалі і думаем. Гэта абсалютна нармальная зьява: чаго мы хочам ад нашых дзяцей, ці маем мы права на іх сьпісваць свае грахі і за іх кошт гэтыя грахі выкупляць? А ўводзіць нейкую палкавую дысцыпліну ды караць іх за расейшчыну нельга, бо гэта выкліча дух супярэчнасьці, станецца прычынай падвойных стандартаў. Моладзь будзе ставіцца да гэтага цынічна, і гэта толькі адверне, бо ў нашай постсавецкай мэнтальнасьці існуе мэханізм супраціву ўсяму таму, што навязваецца ўладай ці кіраўніцтвам.

 

— У чым адметнасьць праграмы Ліцэю?

— На жаль, нашая праграма мала чым адрозьніваецца ад праграмы агульнаадукацыйнае школы, бо мы маем дзяржаўныя стандарты, якія цалкам запаўняюць зьмест адукацыі, нешта яшчэ ўпіхнуць вельмі цяжка. Але мы маем сваю праграму па літаратуры, якая не падзяляецца на беларускую, расейскую ды замежную: творы вывучаюцца ў кантэксьце зьменаў гістарычных эпох. Усё ж астатняе, у адаптаваным выглядзе, адпавядае праграме сярэдняй школы з адзінай галоўнай мэтай: каб дзеці маглі здаваць іспыты ў ВНУ. На маю ж думку, праграма павінна быць больш гнуткай, прыстасаванай да сусьветных стандартаў, мусіць быць больш магчымасьці для выбару. Аднак сыстэму зьмяніць вельмі цяжка. Навучаньне — гэта, урэшце, проста трэніроўка мазгоў: карысна ўсё, што б ты ні вучыў. І ў гэтым пляне сваю задачу мы выконваем, дзецям у нас цікава, нягледзячы на вялікія нагрузкі, і іх ня выганіш нават пасьля заняткаў.

 

— Вядома, што Ліцэй падтрымлівае міжнародныя сувязі зь сеткай каледжаў ва ўсім сьвеце. Куды і колькі беларускіх дзяцей ужо паехалі вучыцца?

— Дзесьці каля 15, і вучацца яны ў Нарвэгіі, Італіі, па адным у Індыі, ля Бамбэю, канадзкім Ванкувэры. На жаль, ніхто з нашых абітурыентаў не жадае ляцець вучыцца ў вэнэсуэльскім сельгаскаледжы. Спадзяемся, сёлета нехта знойдзецца. Было б класна. У красавіку ў Ванкувэры будзе праводзіцца сэмінар, у якім прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх камітэтаў аб’яднаных каледжаў, але — з фінансавых прычынаў — туды, напэўна, свайго чалавека паслаць ня зможам. А гэта вельмі карысная рэч, асабліва ў пляне навязаньня новых кантактаў і азнаямленьня з новымі мэтадамі навучаньня ў сьвеце.

 

— Напэўна, на адным з такіх сэмінараў Вы і пасябравалі з прынцэсай Свазылэнду?

— У Свазылэндзе, на жаль, няма прынцэсы, але там ёсьць кароль Свазы ІІ, а ў яго — дзевяць вельмі прыгожых жонак: там не да прынцэсы. Сябруем — гэта гучна сказана, проста мелі магчымасьць пагаманіць на некалькіх імпрэзах з ужываньнем нацыянальнай кухні. Краіна вельмі прыгожая, з добрым кліматам, праўда, я туды прыехаў раньняй вясною, у сьнежні, і было там ня дужа горача — пад 30 градусаў. Там я пазнаёміўся і зь ярданскай каралевай Норай, якую у нас чамусьці клічуць Нур, цяпер яна ўдава: ейны муж Гасан летась памёр. Пашчасьціла пазнаёміцца і з лордам Рычардам Атэнбара, гэта жывая гісторыя сусьветнага кінематографу.

 

— Вы таксама раней працавалі кінарэжысэрам. Ці ня цягне вярнуцца да кінамастацтва? І ці не падобная праца рэжысэра на працу дырэктара ліцэю?

— Я і зараз нешта раблю на гэтай ніве, але гэта ўжо ня тое. А прафэсійныя рэжысэрскія прыёмы вельмі карысныя для накіраваньня калектыву да выкананьня пэўнай задачы: гэта імправізацыя, правакацыі, стымуляваньне пачуцьцяў і дзеяньняў.

 

— Як Вы ставіцеся да актыўнага ўдзелу Вашых навучэнцаў у палітычных акцыях?

— Па-першае, ня так іх ужо і шмат: я сам хаджу часам на дэманстрацыі і гляджу на моладзь, шукаючы сваіх ліцэістаў. Улады нам пэрманэнтна «шыюць справу», нібыта мы толькі гэтым і займаемся, што вучым, як кідаць камяні ды палкі. Але я афіцыйна заяўляю, што палітыкай ды агітацыяй мы не займаемся, мітынгі адбываюцца ў пазаўрочны час, і я так кажу: калі я каго ўбачу пад час урокаў на акцыі, ён будзе пакараны за парушэньне дысцыпліны. Да брутальных праяваў агрэсіі я стаўлюся адмоўна, аднак прызнаю, што ў жыцьці бываюць сытуацыі, калі трэба сябе бараніць, каб самому не атрымаць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0