выхад у горад

Канцэрт у белым месьце

 

Едучы на чарговы свой канцэрт, штораз мiжволi думаю: а цi не зашмат табе ўвагi аддаецца ў гэтым сьвеце? Ну, напiсаў пару дзясяткаў песень. Малойца. I можна ледзь не да канца дзён сваiх езьдзiць па ўсёй Беларусi й сьпяваць адно й тое ж.

Дзякуй Богу, шмат дзе яшчэ ня быў, а маладая публiка, гатовая слухаць любыя песьнi, абы па-беларуску, ёсьць паўсюль. Выгодная гэта ўсё ж справа — беларуская аўтарская песьня.

Зрэшты, гэтым разам у Нясьвiжы я быў не адзiн. А ў ценю свайго вялiкага сябры — маэстра Вiктара Шалкевiча. Зiмовы Нясьвiж быў падобны на прыгожую калядную паштоўку. Пакрытыя сьнегам сажалкi, паркi, i акуратны чорны мазочак — замкавая вежа. Ад белага колеру сьлеплi вочы. Людзей амаль не было. Пра дзень сёньняшнi нагадваў пах кепскай сталоўкi ў двары Радзiвiлавага палацу, ды шыльда на старасьвецкiм будынку «Друкарня iмя С.Буднага», ды прыклееная ў замкавай браме афiша нашага канцэрту. Ладжанага прыемнымi маладымi людзьмi, апанаванымi iдэяю зрабiць культурнае жыцьцё свайго гораду не бяднейшым за сталiчнае. Хочацца верыць, што iм гэта ўдасца.

Канцэрт адбываўся пад скляпеньнямi актавай залi пэдагагiчнага каледжу, былой малельнi кляштару бэнэдыктынак, у мурах якога й месьцiцца вучэльня. Некаторыя прыехалi, дзякуючы нiўскай аб’яве, аж з Карэлiчаў. «Калiсьцi тут малiлiся Богу, а зараз займаюцца зусiм iншым», — канстатаваў Шалкевiч. Зрэшты, думаю, Госпад прабачыць нам лёгкае блюзьнерства на месцы былога алтара. Не за мэтал шчыруем. Сеем вечнае. I пасьля кожнага такога выступу пераконваемся, што краiна жыве. Яна яшчэ загаворыць на поўны голас, як толькi сёньняшнiя сямнаццацiгадовыя ўступяць у гульню.

Пасьля канцэрту я выйшаў пакурыць на ганак. Асьветлены лiхтарнямi шляхецкi горад захiнаўся ў прыгожы, шляхецкi сьнег. Праз кляштарную браму сыходзiла вельмi мiлая маладая пара. Яна на хаду папраўляла яму каўнер, а ён разглядаў толькi што набытую касэту маiх песень. Я ў чарговы раз адчуў радасьць i гонар.

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0