Хто не зьмяніўся ці што не зьмянілася

Менская інтэлігенцыя і актывісты Таварыства Беларускай Мовы адзначылі 10-я ўгодкі прыняцьця Закону аб мовах урачыстым сходам у падпольлі Чырвонага касьцёла

 

Пачалося ўсё з гімну «Магутны Божа» і вершу «Дзе мой край?». Пасьля «наша Заяц, былая вучаніца 9 класу», як прадставіў яе Алег Трусаў, прачытала сваю слынную «Малітву за беларускую мову». Пасьля на сцэну выйшаў Ніл Гілевіч – Міхаіл Чыгір пачціва паправіў яму мікрафон – і зачытаў свой 10-гадовай даўніны выступ у Вярхоўным Савеце («Вярхоўнай Радзе», — называў ён). Пасьля меў слова «паэт і дыплямат» Генадзь Бураўкін. Стомлены Эдуард Акулін засьпяваў песьні пра Багдановіча. Леанід Лыч меў чытаць даклад, але ня стаў – бо першая частка дакладу ўжо надрукаваная ў «Нашым слове», а другую надрукуюць у наступным месяцы (пры такім падыходзе матар’ялаў гэтай газэце, што выходзіць дзякуючы ахвярнасьці прадпрымальніка Судніка, ніколі не забракне). Замест дакладу ён трохі паўспамінаў-паразважаў.

У залі слухалі кіраўнік ценявага ўраду Грыб і дысыдэнт Шчукін, пробашч Завальнюк і праваабаронца Гюнтэр, архівіст Скалабан і выдавец Санько, пасярод паседжаньня прыйшлі нават рэдактары «ЛіМу» й «Полымя» Пісьмянкоў і Законьнікаў. Заля ў падзямельлі менскага касьцёлу была паўнюткая. Карацей, сабралася ўся менская інтэлігенцыя, такая, якая ёсьць.

Рабілі, як і належыць, шматлікія памылкі: казалі «па гэтаму пытаньню», згадвалі «існаваньне тэкста», заўважалі, што ён «на 10 год мяне маладзей», гарталі «лісты з дакладам», прасілі «з-літуйся, Божа».

Пра што гаварылі?

Пра тое, што «родная мова – найсьвяцейшы скарб», што дзяржава не карыстаецца «мовай Багушэвіча і Купалы, Коласа і Багдановіча», што, цытую Бураўкіна, «сёньня, у дзень 10-годзьдзя, у Маскве валасатымі рукамі палітыкаў забіты яшчэ адзін цьвік у труну...», што «народ з-за сваёй даверлівасьці і дабрыні даверыўся зманкуртаваным палкоўнікам».

Народ увогуле вельмі хвалілі ўсе выступоўцы. Ён не такі кепскі, як «лічылі», ён хоча вярнуцца да роднай культуры, але ўлады не даюць. Асабліва добрым словам згадвалі апошні перапіс, на якім народ паказаў «порсткім інтэграстам», як выказаўся Бураўкін, сваю пазыцыю. Ідэя праводзілася такая: народ у нас правільны, толькі ўведзены ў зман, інтэлігенцыя ў нас правільная, зрабіла ўсё, што магла, толькі мала магла, а ва ўсім вінаватыя неканкрэтызаваныя «ўлады». Карацей, лепшыя сыны народу думаюць, як і сам народ: што славяне заўжды хочуць, як лепш, а выходзіць як выходзіць, і што ўлада – гэта ня тыя, каго я выбраў на выбарах, не канкрэтныя міністар-антыбеларус Х. і міністар-беларусафіл У., а нешта такое ўсеахопнае і неўцелаўлёнае, чаго ня схопіш за рукаво і не пераабярэш (або ня скінеш з поўным сувэрэнным народным правам, калі яно не дае сябе законна пераабраць), але можна пераканаць памяняць пазыцыю, замаліўшы палымянымі прамовамі й рытуаламі.

Бо тое, што адбывалася ў лёхах касьцёла святых Сымона і Алены, як і ўсе падобныя мерапрыемствы, нагадвала рытуальную службу – са сваімі сьвятарамі-паэтамі, малітвамі, замовамі, пакутнікам-Багдановічам, уставаньнямі. Прычым і пастары, і статак перабываюць у дзіўным стане, набліжаным да вечнасьці: можна чытаць прамовы 10-гадовай даўніны, можна выступаць зь ня менш даўнімі анатэмамі, удакладняючы толькі грэшнікаў – раней манкуртаў, цяпер – зманкуртаваных палкоўнікаў, і няма сэнсу нешта аналізаваць ці прыводзіць нейкія лічбы.

Выступоўцы ня раз падкрэсьлівалі, што нічога не зьмянілася за 10 гадоў. Хоць гэта ня праўда. Бо і ТБМ цяпер за Трусава перастаў быць той установай рытуальных паслуг, што хацела, але не магла стаць дзяржаўным міністэрствам мовы, якой ён быў у Менску за часоў Бураўкіна, і канкрэтныя людзі за мову пасядзелі ўжо ў канкрэтных турмах, ствараючы новы нацыянальны эпас і легенды, і стала ясна, што ва ўмовах палітычнага ціску выйсьцем можа быць толькі канкрэтнае палітычнае змаганьне і заваёва інфармацыйнай прасторы канкрэтнымі газэтамі, часопісамі і радыёстанцыямі, а ніяк не абстрактныя, пагатоў бязадрасныя, піліпікі.

Зьмянілася за 10 гадоў хоць бы тое, што народжаны ў сьценах Саюзу Пісьменьнікаў агітпрап зусім аджыў свой час і выклікае ў мадэрным грамадзтве, што ня церпіць паўтарэньняў, толькі алергію. Агітпрап, вершы пра родную мову і клятвы без наступстваў – гэта вярыгі на нагах ТБМ, Саюзу Пісьменьнікаў, газэты «Народная воля» і ўсіх, і ўсяго.

Маладое пакаленьне ўспрымае разьвіцьцё сваёй мовы і культуры не як нейкі трансцэндэнтны абавязак, а як неад’емны элемэнт комплексу палітычных, сацыяльных і эканамічных пераўтварэньняў у краіне, безь якога гэтыя перамены ня маюць шанцаў на посьпех. Разумеючы, што бяз мовы – безь пераменаў — гіне не абстрактны «народ», а канкрэтныя дзеці, якія няма чым лячыць.

Галоўнай жа інфармацыйнай падзеяй сталася ўступленьне Чыгіра ў шэрагі ТБМ. Дзядзька хоча паўтарыць памылку спачатку камуністаў, пасьля дэмакратаў, а пасьля БНФу, зьвяртаючыся па сымбалічную легітымацыю да тых самых паэтаў і пісьменьнікаў. Беларус усё ж такі ў нас Чыгір...

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0