Тры ўнівэрсытэты, якія трэба скончыць кожнаму

 

25 студзеня Беларускі калегіюм у залі Купалаўскае бібліятэкі зладзіў прэзэнтацыю кнігі Ўладзімера Арлова й Генадзя Сагановіча «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі». Падзея стала сэнсацыяй. Ніхто не чакаў гэткага наплыву публікі. У невялікай залі сабралося блізу паўтысячы чалавек: людзі занялі ўсе вольныя месцы й прынесьлі крэслы з суседніх аўдыторыяў бібліятэкі. Нават у часе імпрэзы не спынялася плынь людзей, ахвочых пабачыць і паслухаць жывых клясыкаў. Калі ўжо не было куды сесьці й дзе стаць, а ля дзьвярэй у залю стоўпілася шматлікая грамада, Уладзімер Арлоў сказаў: «Нам вельмі няёмка, заходзьце, сядайце нават на сцэну». У выніку, па-за сьпінамі герояў вечара стварыўся сур’ёзны «прэзыдыюм».

Уладзімер Арлоў, які паўстаў у «іпастасі літаратара з дыплёмам гісторыка», пачаў свой выступ эмацыйна: «Мы з Генадзем трошкі разгубленыя й вельмі ўсьцешаныя гэткай колькасьцяй людзей, якія прыйшлі сюды. І гэта сьведчыць ня столькі пра цікавасьць да кнігі, як пра ўвагу да беларускае гісторыі». Арлоў пачаў выступ з чытаньня сваіх і чужых афарызмаў, што пэрыядычна выклікалі ўхвальнае плясканьне публікі: «Ёсьць людзі, у якіх жыве Бог, ёсьць людзі, у якіх жыве д’ябал, а ёсьць людзі, у якіх жывуць толькі мікробы… Нацыяналіст — гэта гісторык, які стварае рамантычнае мінулае нацыі… Плюралізм у адной галаве называецца схізафрэніяй… Каб стацца інтэлігентам, трэба скончыць тры ўнівэрсытэты: адзін — дзеду, другі — бацьку, і адзін — самому… Народ, які меў сваю дзяржаву, мусіць мець яе зноў…»

Генадзь Сагановіч у цёмна-сінім строгім гарнітуры на тле па-простаму апранутага Арлова паўстаў перад аўдыторыяй у выглядзе сьвятара — у ім панавалі засяроджанасьць і спакой. З пэўнай утрапёнасьцяй ён распачаў гаворку пра гісторыю напісаньня «Дзесяцёх вякоў беларускай гісторыі»: «Кожная кніга мае свой лёс. Ідэя стварэньня гэткага выданьня задумлялася даўно і ўпершыню паўстала 20 жніўня 1991 году, калі я з Уладзем адмыслова дзеля гэтага сустрэўся на другі дзень путчу. Тады мы абмеркавалі яе будучы зьмест, хоць і быў сумнеў, што ў тых умовах яна магла ўжо не спатрэбіцца. Урэшце сумневы зьніклі: палітыка палітыкай, а гісторыя застаецца гісторыяй. За восем гадоў шмат што моцна зьмянілася, у тым ліку і некаторыя падыходы да апісаньня падзеяў мінуўшчыны. Большасьць тэкстаў належыць майму сябру Ўладзімеру Арлову, а я тут як быццам з боку прыпёку. (У.Арлоў: «Генадзь зрабіў роўна траціну кнігі. На яго лёг і цяжар складаньня храналягічных табліц».) Падзеі ў кнізе трактуюцца не адыёзна і тэкст забясьпечаны нармальным відэашэрагам. Выбар падзеяў, магчыма, ня самы ўдалы, але пра гэта ўжо мяркуйце вы, чытачы».

Генадзь Сагановіч адказаў на пытаньне з залі, ці будуць перакладзеныя «Дзесяць вякоў…» ды ягоная «Невядомая вайна» ў расейскую мову, што конча патрэбна ў справе пашырэньня гістарычных ведаў: «Усё ўпіраецца ў фінансы. Пераклад «Невядомае вайны» яшчэ важнейшы, і найперш яе трэба выдаць па-ангельску. Беларуская эміграцыя згадзілася на дапамогу ў выданьні, але іншая рэч, найскладанейшая — знайсьці грошы. Таму канкрэтнае працы для перакладу пакуль ня робіцца. Цяпер у мяне назьбірана ў два разы больш фактуры для «Невядомае вайны», таму кніга мае быць перапісаная. Гэта не азначае, што ў выніку будзе зьменены сэнс і стаўленьне да тае вайны, але панарама істотна мяняецца».

Што да напісаньня працягу кнігі ад 1918 году да нашых дзён, У.Арлоў зацеміў: «Кнігу-працяг напішуць бяз нас. І яна ўжо фактычна ёсьць — гэта праца Яна Запрудніка «Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях». У ёй добра апісаныя падзеі нашага часу, таму карыстайцеся ёю».

«Дзесяць вякоў…» — адна зь нешматлікіх беларускіх кніг, што ў паваенным часе сталі выходзіць у Вільні. Сымбалізму тут, як высьвятляецца, няма. На думку Арлова, «каб знайшліся сродкі, кніга пабачыла б сьвет і тут, у Менску». Яна мелася выйсьці ў 1996 годзе ў «Мастацкай літаратуры», атрымаўшы станоўчыя водгукі ў Інстытуце гісторыі, але была выкрэсьлена з плянаў выдавецтва паводле рэкамэндацыі згары.

Забарона кнігі дадала ёй папулярнасьці. На карысьць гэтага сьведчыць колькасьць ахвочых набыць рарытэт. Трыццацёх прынесеных аўтарамі кніг не ставала для задавальненьня патрэбаў публікі. Большасьць сышла з залі расчараваная й скіраваная на сядзібу Таварыства Беларускае Мовы — па кнігу. Прычынаў сумаваць няма. Нават тыя, хто не пасьпеў атрымаць запаветных аўтографаў (чарга да Ўладзімера Арлова й Генадзя Сагановіча расьцягнулася на гадзіну), змогуць неўзабаве гэта зрабіць. У першай палове лютага ў Менску і ў Гомелі адбудуцца чарговыя прэзэнтацыі кнігі, пра якія абавязкова будзе інфармацыя і ў нашай газэце.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0