Адам Глёбус

Зладзейнік

З «Дамавікамэрону найноўшага»

 

Дробнатвары Зладзейнік жэр вінаград у машыне. І сок ён жлукціў у «мэрсэдэсе». У тым самым малочным «мэрсе», які набыў на першыя скрадзеныя грошы. Ну, есьць сабе рэдкавусы чалавечак ягады ў легкавіку. Каму справа? А вось і знайшліся нераўнадушныя. І дзе, сярод падначаленых Зладзейніка. Бо ўсе супрацоўнікі зладзюжнага фонду з ідыёцкай назваю «Ноўшая гісторыя» не павінны былі ведаць, што іх шэф сілкуецца даражэзнымі прысмакамі. Зладзейнік кансьпіраваўся. Таму вадкае манга высмоктвалася з рыльца бутэлькі на скураным сядзеньні дагледжанага «мэрсіка».

Супрацоўнікі фонду люта ненавідзелі начальніка, але не таму, што ён краў. Яны самі хацелі зладзейнічаць, толькі магчымасьці ня мелі, а таму старанна сачылі за Зладзейнікам, каб гэтую магчымасьць займець. Паяданьне вітамінаў за стырном было толькі адной з дэталяў партрэту найноўшага беларускага вуграватага Зладзейніка, які намалявалі падначаленыя ў дакладной запісцы, а прасьцей — даносе, адасланым грантадаўцам.

Фонд «Ноўшая гісторыя», як і большасьць падобных арганізацыяў, існаваў за кошт амэрыканскіх падаткаплацельшчыкаў. Нэгры ў Тэхасе вызваліліся ад рабства, але ня скінулі кайданы падаткаў. Яны плоцяць, а кангрэс ЗША разьмяркоўвае, Нейкая кропля з тых грошай ідзе на паліваньне чэзлага парастка беларускай дэмакратыі. А што такое белдэмакратыя? Змаганьне з камуністычнай мінуўшчынай і яе наступствамі ў дадзеным гістарычным пэрыядзе.

Зладзейнік меў адукацыю гісторыка. У згодзе з навамоднымі павевамі не любіў камуністаў, і ягоныя інтарэсы супалі з амэрыканскімі. Ён стварыў фонд, які мусіў выкрываць заганы камунабальшавіцкай дэспатыі. Усе, акрамя адной — Зладзейнік сам не напісаў і нікому не замаўляў артыкулы пра эканамічныя злачынствы камуністаў. І не таму, што ягоныя погляды разыходзіліся з поглядамі грантадаўцаў. Проста злодзей робіцца злодзеем з-за няздатнасьці разумна працаваць з капіталам. Грантасмок цягнуў заакіянскія даляры і кляйміў камунякаў за сьмяротныя грахі. Кляйміў жорстка. Зрэшты, абліваць гразёю ўтрая лягчэй, чым той бруд адшкрабаць. За семдзесят гадоў панаваньня на тутэйшых абшарах камунякі столькі гвалту начынілі й столькі гадасьцяў навыраблялі, што безь перабольшаньня іх дзеяньні можна клясыфікаваць як генацыд супраць беларускай нацыі. І Зладзейнік, хаваючыся за пачэснай справаю — змаганьнем за дэмакратыю — пачаў прыўлашчваць адзін бакс за другім. Мэтад абраў стары, апісаны Мікалаем Гогалем у бессьмяротных «Мёртвых душах».

«Хто будзе лічыць дзяцей, што бралі ўдзел у конкурсе сачыненьняў «Наша жыцьцё 1965- 1985 гадоў?» — задаваў сабе пытаньне Зладзейнік, абгрызаючы вінаградную гронку. І адказваў: «Хто-хто? Дзед Ніхто! Ніхто ня будзе пералічваць! Колькі скажу, столькі й будзе». І лічыў, і прыпісваў, і дадаваў… У справаздачах замест двух кампутараў фігуравалі чатыры, замест аднаго факсу — тры, замест сотні вучняў — дзьве... Зладзейнік дзяліў сумленна й чэсна: палова сабе, палова астатнім.

Астатнія не задаволіліся паловаю. Сярод іх знайшліся завадатары-верхаводнікі. Яны падбухторылі народ да паўстаньня ў найноўшым фондзе. Спачатку прайшла падрыхтоўка. На Зладзейніка назьбіралі кампрамату. Калі ты ўмееш зьбіраць кампрамат на процьму камуністаў, зусім ня цяжка назьбіраць на аднаго антыкамуніста. Тым больш, Зладзейнік пасьпеў ужо напалавініць сабе на кватэру за дваццаць тысячаў баксаў, на рамонт у ёй за дзесяць, на мэблю, на гараж, ну і на малочны «мэрсэдэс» са скураю на сядзеньнях. Трэба ж недзе ягады трускаць. Адно кепска: у «мэрсе» ня зварыш кавы.

Зладзейнік любіў каву з цукрам. Таму ў шуфлядзе ягонага працоўнага стала заўсёды хаваўся пакецік з распушчальнай каваю й слоік з цукрам-пяском. Фандавікі некалькі разоў траплялі ў мярзотныя сытуацыі з-за той кавы. Калі нехта потайкам пазычаў у Зладзейніка лыжачку кавы або драбок цукру, той абавязкова заўважаў, і пачынаўся скандал. Злодзей гістэрычнымі інтанацыямі й бруднымі слоўцамі абвінавачваў усіх агулам у крадзяжы. Супрацоўнікі фонду спрабавалі знайсьці меткі, па якіх шэф адсочвае недастачу, але не адшукалі. Зладзейнік быў спрытнейшы за падначаленых. І ня дзіўна, бо хто гэта набірае падначаленых разумнейшых за сябе? Толькі ўсё цячэ й незваротна мяняецца, адны дэградуюць, другія разумнеюць.

Падначаленыя паўсталі… Зладзейнік прыцёгся на працу й пабачыў голыя сьцены. Кампутары, сталы, дакумэнты, жалюзі, тэлефонныя апараты, кнігі, рукапісы, ксэраксы зьніклі разам з супрацоўнікамі. Прапала й кава з салодкім пяском. Зладзюга пачаў кідацца ва ўсе бакі. Намерваўся заяву ў мянтоўку пісаць, але своечасова й прадбачліва перадумаў.

Разьбірацца ў інцыдэнце прыехалі польскія рэвізоры: таўставаты дзядзька зь люлькаю й сухарлявая кабетка ў акулярах, вялізных, як вочы ў балотнай страказы. Яны старанна правялі сьледзтва й давялі, што подпісы на фондаўскіх дакумэнтах падробленыя, лічбы завышаныя ўдвая, а калектыў фонду «Ноўшая гісторыя» спрэс складаецца са злодзеяў рознага кшталту й маштабу. Але найбольшым дзівам для рэвізораў было тое, што галоўны Зладзейнік не зьбіраўся нічога адмаўляць. Ён прызнаў усе факты прыўлашчваньня сродкаў і сказаў, што такі ў яго выбар, такая пазыцыя і праца ягоная каштуе роўна столькі, колькі ён паклаў у сваю глыбокую кішэню. На пытаньне: «Як ты, хлопча, будзеш жыць далей?» Зладзейнік набраў поўныя грудзі паветра й панес: «Я га-а-а буду га-а-а выдаваць га-а-а гістарычны часопіс «Шуфля» га-а-а. Буду га-а-а выкладаць га-а-а ў школе га-а-а і ва ўнівэрсытэце га-а-а. Наогул га-а-а, у мяне га-а-а вялікія пляны!». Рэвізоры разгубіліся. Зладзейнік скарыстаў момант ніякаватасьці й пакінуў іх са стосам фальшывых дакумэнтаў на стале.

30.10.1999


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0