Страйк на кірмашах

Замёрлі на тым тыдні базары. Прыватныя прадпрымальнікі страйкуюць. Прыдушаныя новымі падаткамі, яны пачалі з 1 лютага месяц пратэсту. Улады разьюшаныя.

Апошнімі гадамі з-за перабояў у дзяржаўным гандлі людзі ў нас прызвычаіліся хадзіць на рынак. Адначасова зьявілася цэлая кляса прадпрымальнікаў, якія самі зрабілі сабе працоўныя месцы, самі вядуць свой бюджэт, не вісяць на шыі ў дзяржавы, але й гатовыя пастаяць за свае правы. Ім не патрэбны ніякі апякун-бацька, бо іхныя правілы гульні — канкурэнцыя. Вось жа гэта і не падабаецца Лукашэнку, які ўсё хоча разьмяркоўваць сам, каб людзі безь яго не маглі пражыць ды каб за яго галасавалі.

Уладам выгадна выстаўляць прадпрымальнікаў круцялямі-падманшчыкамі — у горшых савецкіх традыцыях. Старшыня Падаткавага камітэту Беларусі Мікалай Дзямчук, адстаўкі якога патрабуюць страйкоўцы, кажа ў «Звяздзе», што доля паступленьняў у дзяржаўны бюджэт ад дробных бізнэсмэнаў складае ўсяго крыху больш за 1%. Самі прадпрымальнікі называюць зусім іншую лічбу — 20%.

Афіцыйныя СМІ пераконвалі прадпрымальнікаў выйсьці на працу, робячы акцэнт на тым, што ў любым разе яны не даб’юцца посьпеху, і найбольш згубіць той, хто найпазьней выйдзе. Аднак страйк працягваецца. Паводле ацэнак лідэра страйкоўцаў Валер’я Леванеўскага, на сёньняшні момант страйк трымаюць 87% усіх дробных гандляроў Беларусі. У Менску і на «Дынаме», і ў «Ждановічах» працуюць ня больш, чым 10% страйкбрэхераў, а народу прыходзіць сьвет, бо людзі чулі Лукашэнкавы абяцанкі заваліць нашы базары самалётамі танных тавараў.

А калі не дапамагаюць угаворы, улады пачынаюць запалохваць. Так, у Ждановічах у суботу міліцыя спрабавала вытурыць з рынку прафсаюзных лідэраў, а на Ўладзю Кожуха, намесьніка кіраўніка тутэйшай філіі, склалі пратакол.

Ці ўдасца Лукашэнку прыдушыць гандляроў — пабачым. Ясна, што сабе ў мінус ніхто працаваць ня будзе. Ясна таксама, што зьнікненьне клясы прыватных прадпрымальнікаў прывядзе да папаўненьня шэрагаў насельніцтва бязвольнага, скоранага і застрашанага, якое жыве на падачкі рэжыму. Дробныя ж прадпрымальнікі — гэта грамадзкі слой, які ня скурвіўся, які гатовы жыць сваёю галавой і ні ў кога нічога не прасіць. Яны самі зарабляюць грошы на сябе і сваіх дзяцей. Лукашэнка, падобна, вельмі хоча зламаць прадпрымальнікаў, разумеючы вялікае сымбалічнае значэньне гэткага «залому рук» — як у 1995-м перамогі над мэтрапалітэнаўцамі — каб умацаваць сваю ўладу і страх у грамадзтве. Як і тады з мэтрапалітэнаўцамі, цяпер гэта выпрабаваньне на супольную салідарнасьць. Гандляры — ня самыя шанаваныя людзі ў вачох тых беларусаў, якія ненавідзяць багатыроў і прыватную ініцыятыву, але, няма сумневу, гістарычна гандляры сёньня ўяўляюць прагрэсіўны слой грамадзтва.

Барыс Тумар


 

І ў Крычаве на рынку — пуста

31 студзеня каля сотні прыватных прадпрымальнікаў крычаўскага рынку накіраваліся ў мясцовы райвыканкам. Абкладзеныя непамернымі падаткамі, яны напісалі ліст на імя старшыні райвыканкаму А.Сіваева з патрабаваньнямі:

1.Адмяніць падатак на даданую вартасць для прадпрымальнікаў, у якіх таваразварот (аб’ём паслуг) не перавышае 3000 мінімальных заробкаў.

2.Паменшыць плату за гандлёвае месца, бо плата за адно гандлёвае месца на крычаўскім рынку за адно імгненне ўзрасла ў 2,5 разы — з 170 да 400 рублёў за дзень.

Акрамя штомесячнага вялізнага фіксаванага падатку прадпрымальнікі павінны плаціць мэтавы транспартны збор у памеры 2% ад чыстага прыбытку і мэдычны збор у памеры 1% ад чыстага прыбытку. Тыя, хто займаецца рэалізацыяй гарэлкі й віна ды тытуню, павінны плаціць 5% ад заробку.

Што самае крыўднае, дык гэта тое, што грамадзяне з расейскай прыпіскай усе гэтыя мясцовыя падаткі ня плоцяць. А тыя падаткі, якія яны плоцяць, плоцяць з ульгамі, па меншых стаўках. Ад іх не патрабуюць весьці бугальтарскага ўліку. Што ж атрымліваецца? Мы, беларусы, горшыя за расейцаў? Чаму яны пануюць на нашых рынках?

Адправіўшы ліст у райвыканкам і не дачакаўшыся адказу, гандляры самі накіраваліся туды, каб паслухаць тлумачэнні крычаўскага кіраўніцтва. Але на сустрэчу зь імі ніхто ня выйшаў. Тады некалькі актывістаў накіраваліся ў кабінэт намесьніка старшыні М.Гердзія. Той пацепнуў плячыма — маўляў, нічога ня ведаю пра ліст і патрабаваньні. І ўвогуле, нічым дапамагчы не магу…

У адказ на поўную абыякавасць уладаў і нежаданьне нават выслухаць, прадпрымальнікі распачалі забастоўку. Зараз на крычаўскім рынку не гандлюе ніводная ятка, тое самае на прывакзальным мінірынку, не працуе ніводны прыватны шапік.

7 лютага прадпрымальнікі зноў зьбяруцца каля будынку райвыканкаму — яны ўпарта шукаюць дыялёгу з уладамі. Ці кіраўнікам Крычава дадуць загад перамаўляцца, пабачым.

А.Кузьмін


 

Ці Пратрымаюцца да 15-га?

Гарадзенскiя прадпрымальнiкi страйкавалi ўвесь мінулы працоўны тыдзень. У пятнiцу яны зьехалiся на свой рынак «Паўднёвы», каб параiцца. Тут мiлiцыянты ў цывiльным затрымалі скарбнiка прафсаюзу Ўладзiмера Соўца. У яго затрымшчыкi ўзялi пачак рэзалюцыяў прадпрымальнiцкага мiтынгу, якi адбыўся ў сталiцы 31-га студзеня. Усе астатнiя пасядалi ў машыны i «бусы» ды ў калёне каля ста аўтамабiляў выехалi за горад. Там, на ўзбочыне пад лесам, яны сустрэлiся з прафсаюзным лiдэрам Валер’ем Леванеўскiм. Ён папрасiў усiх пратрымацца хаця б да 15-га (калi зьбярэцца агульнабеларускi страйкам), бо на Горадню ўсе зважаюць. Што да грозьбы Лукашэнкi завезьцi «дзяшовы» тавар самалётам з Турцыi, дык публiка згадзiлася: хай прывозiць, «наш аэрадром гатовы прыняць хоць Боiнг».

Але, здаецца, ужо здаюцца. У суботу й нядзелю гарадзенскі цэнтральны рэчавы базар працаваў ва ўсю, працаваў часткова і базар «Паўднёвы».

Сяргей Астраўцоў


 

Гандляроў дасталi

Нечаканая па маштабах i вастрынi прадпрымальнiцкая забастоўка сталася галоўнай падзеяй Магiлёва мiнулага тыдня. 1 лютага адбыўся першы мiтынг, ён сабраў каля 100 гандляроў на марозе побач з Домам культуры швейнiкаў у цэнтры горада. А ў пятнiцу адбыўся яшчэ больш масавы сход. У iм удзельнiчалі каля 350 чалавек. Пагутарылi на сходзе i наконт таго, як змагацца са страйкбрэхерамi. Аказваецца, ёсьць добрая зброя. Калi ты працуеш па цяперашніх правілах, то працуй. I плацi па штрафах. Прадпрымальнiкi зьбiраюцца пераўтварацца ў пакупнiкоў i патрабаваць ад здраднiкаў усе сертыфiкаты, талоны i дазволы.

Прадпрымальнiкi адчулi сваю моц. Яны ведаюць, што ўлады губляюць жывыя грошы (больш за 500 новых мiльёнаў) у бюджэт, якiя яны штомесяц туды стабiльна прыносяць. I ўпэўненыя, што перамогуць. Вырашана 15 лютага сабрацца iзноў. А да таго страйкаваць.

Сымон Глазштэйн


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0