Залатыя алімпійцы

Падрыхтоўка кожнага зь іх каштуе нам пад 100 тысяч даляраў

15 верасьня ў аўстралійскім горадзе Сыднэі распачнуцца 27-я Летнія Алімпійскія Гульні. На падрыхтоўку беларускіх алімпійцаў пакуль зь бюджэту выдзелілі 10 мільёнаў даляраў. Пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Грыгараў, намесьнік міністра спорту ды турызму. Гэта ўсяго 60% ад патрэбнай сумы. Ці знойдуцца яшчэ неабходныя 6 мільёнаў?

Вядома, знойдуцца, мы на нашых спартоўцаў нічога не пашкадуем. Нават калі прыйдзецца шукаць на самым высокім узроўні. Менавіта таму нядаўна прэзыдэнт Нацыянальнага Алімпійскага Камітэту А.Л. ініцыяваў выключэньне са складу гэтага самага камітэту 47 сябраў. У тым ліку вышэйзгаданага Грыгарава ды начальніка ўпраўленьня спорту таго самага міністэрства Зьмітра Шычко. На іх месца ў НАК увялі віцэ-прэм’ера Барыса Батуру, намесьніка генпракурора Пятра Іваненку, кіраўніка КГБ Уладзімера Мацкевіча. Гэта самыя моцныя перастаноўкі ў беларускай алімпійскай камандзе за ўвесь час яе існаваньня. Пасьля гэтага тактычнага ходу наша каманда мае рэальныя шанцы на атрыманьне 6 пятых і 3 сёмых месцаў у Сыднэі.

На сёньня беларускія спартоўцы па выніках адборачных спаборніцтваў ужо дабіліся 133 пуцёвак на Алімпіяду. Усяго ж, паводле папярэдняй ацэнкі, у склад нашай дэлегацыі ўвойдуць каля 260 чалавек, у тым ліку да 170 спартоўцаў. Значыць, на кожнага спартоўца мы маем вытраціць пад 95000 тыс. даляраў.

Зрэшты, спэцыялісты лічаць, што вытраціць можна й па 93000 тысячы на спартоўца, а рэшту, 340000 даляраў, пакінуць у распараджэньні кіраўніка Алімпійскага камітэту, якому трэба асабіста рыхтавацца да трыюмфальнага заняцьця 9-га месца на зімовых Алімпійскіх гульнях разам з усёй нашай хакейнай камандай.

Аднак яшчэ далёка ня ўсе месцы на Алімпіяду разьмеркаваныя. Што будзе, калі беларусы заваююць больш за 170 ліцэнзіяў?

Прэс-аташэ НАК Пятро Рабухін сказаў, што з-за фінансавых праблемаў спартоўцы, няздольныя змагацца за алімпійскія мэдалі, у Сыднэй не паедуць. Але ці зможа маладое пакаленьне спартоўцаў вырасьці ў сапраўдных зорак, не панюхаўшы алімпійскага пораху? Таму няздольных змагацца, трэба думаць, у нас ня будзе.

Усіх нас цікавіць, у якіх спортах беларусы могуць рэальна разьлічваць на почасьці. Несумненна, у спартыўнай ды мастацкай гімнастыцы. Нашага Івана Іванкова ведаюць на ўсім сьвеце. Мы чакаем мэдалёў і ад нашай вясьляркі Кацярыны Карстэн (Хадатовіч). Першая ракетка сьвету ў настольным тэнісе Уладзімер Самсонаў таксама нацэльваецца на ўзнагароды самай высокай вартасьці. Беларусы маюць шанцы на прызавыя месцы ў кулявой стральбе, лёгкай атлетыцы, плаваньні, цяжкай атлетыцы, боксе, вольным ды грэка-рымскім дужаньні.

А як жа краіна аддзячыць сваім алімпійскім героям? Паводле сп.Рабухіна кожны беларускі спартовец, які заваюе залаты мэдаль, атрымае 60 тысячаў забароненых у.а., за срэбра паабяцалі 40 у.а., а ўладальнік бронзавага мэдаля можа разьлічваць на 22,5 тысячы ў.а. Акрамя таго, чэмпіёнам Сыднэю ўлады абяцаюць бясплатнае жытло ў нядаўна збудаванай у Менску Алімпійскай вёсцы. Разглядаецца й пытаньне арганізацыі на базе гэтай вёскі калгасу «Алімпійскі» і комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы. Нашы спартоўцы мусяць быць упэўненыя ў сваёй будучыні!

Богусь Біятлянёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0