БТ вачыма беларуса
ТУМАННЫЯ ПЭРСПЭКТЫВЫ БТ-2
Пры жаданьні нармальную гісторыю можна знайсьці і ў Лельчыцах. «Наш край» распавёў у сваёй праграме пра старажытныя мясцовыя паданьні, пра панскі маёнтак і спробу мясцовай бядноты яго захапіць у рэвалюцыйны час. Пра тое, што па зацьвярджэньні саветаў жыхары Лельчыцаў «хто падаўся ў Польшчу, а хто да войскаў Булак-Балаховіча». Як у 38-м царкву разабралі, а ў 92-м пачалі адбудоўваць. Звычайная гісторыя ня надта гістарычнага беларускага мястэчка — прынамсі для жыхароў падобных мястэчак даволі цікавая.
«Крок-2» зрабіў вялікі прамоўшн «Беларускай музычнай альтэрнатыве» ў Інтэрнэце; пятнічны выпуск «Добрай раніцы» меў у гасьцях музыкаў з «Эківокаў» і «Exist»-у. Усё было супэр, бо «Экзысты» — хлопцы нашыя, і сюжэтаў хапала, і застаўкі арыгінальныя зрабілі, але... Спачатку зарубілі памідораўскі «Цуд на Каляды» і прымусілі хвіліну назіраць гадзіньнік перад навінамі АТН. Потым ужо самі дабраранішнікі паказалі нейкі незавершаны й таму мала зразуметы сюжэт пра «Сьвяты Вечар-2000», а любыя адказы вядучы сваімі камэнтарамі зводзіў на тэму прыхільніц, а праект «Сьвяты Вечар» абазваў «ці квартэтам, ці сэкстэтам». Цераз гэта самым канцэптуальным момантам праграмы стаўся кліп «Крыві» «За туманам».
За тым жа туманам пакуль і стварэньне другога нацыянальнага каналу. Грошай не стае й на адзін; на БТ кажуць, што, калі зробяць усё ж новы канал, дык проста ўсе на яго пяройдуць. Грошы прасьцей знаходзіць пад вольны прыватны праект — але ня з нашым жа інвэстыцыйным кліматам... А добра было б, каб перакрылі ОРТ разам з «нашым Паўлам Шараметам», «нашымі салдатамі ў Чачэніі» і «нашымі палітыкамі ў Думе». І тады ўключаеш тэлевізар, а там замест «нашага» Якубовіча які-небудзь беларускі сямейны тэлеканал «На хвалі ўзаемапаразуменьня»... Супэр!
Арцём Лук’яновіч