Праз шахту — да Ларысы Геніюш

Пётар Рашэтнік, які жыве ў Баранавічах, у гады сталіншчыны трапіў у лягер. Там ён пазнаёміўся зь вядомай беларускай паэткай Ларысай Геніюш. Гэтая гісторыя стала нагодай для нашае гутаркі са спадаром Пётрам.

 

— У 1949-м годзе я папаў у Мінлаг Комі АССР, пасёлак Інта. Працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце (ДАК). Там сустрэў афіцэра БКА Раманчука Сымона. Мы пасябравалі… Неяк у 1950-м Сымон сказаў, што этапам прыбыла ў наш лягер паэтка Ларыса Геніюш.

Жанчын прыгналі на працу на наш ДАК. Сымон Раманчук, карыстаючыся выпадкам, падвёў мяне да Ларысы Геніюш і прадставіў.

У лягеры зьняволеныя аб’ядноўваліся па нацыянальнасьцях, у зямляцтвы. Зразумела, было й беларускае зямляцтва. Мы стараліся трымаць сувязь з усімі беларусамі, таксама й з жаночага лягеру. Перадавалі туды запіскі — «ксівы». Так завязалася перапіска з Ларысай Геніюш. Яна пісала нам свае вершы. Мы атрымоўвалі пасылкі, а яна — не (не было каму слаць, бо Янка Геніюш таксама недзе сядзеў). Таму стараліся неяк дапамагчы, перадаць нейкія харчы са сваіх пасылак…

Пасьля зьняволеных-жанчын зьнялі з ДАК і перавялі на працу ў тундру. Мы бачылі іх толькі тады, калі іх вадзілі на працу.

Зноў сустрэліся мы вясной 1953 году. Я працаваў на ДАК, а мой сябра — Мікола Канаш, таксама беларус — на шахце. Працоўныя зоны былі абцягнутыя дротам і ахоўваліся. Ларыса Геніюш знаходзілася ў 4-м жаночым лягерпункце. Мікола даў мне рыштунак і вопратку шахцёра, і мы спусьціліся ў шахту. Па рэйках вузкакалейкі прайшлі кілямэтры два. Па дарозе да нас далучыўся адзін немец. Наверх палезьлі праз вэнтыляцыю — гэта недзе 70 мэтраў.

Выбраліся наверх каля самага жаночага лягеру. Пачалі перакідваць праз дрот запіскі ў лягер. Дзяўчаты кідалі нам свае. Я папрасіў паклікаць Ларысу Геніюш. Яна прыйшла, але добра паразмаўляць нам зь ёй не пашчасьціла. Вартавы на вышцы бачыў нас ад самага пачатку і, вядома, выклікаў ахову.

Дзяўчаты заўважылі, што на падводзе едзе начальнік лягеру з аховай. Яны пачалі крычаць, што мабыць за вамі едуць ужо, уцякайце. Мы — у тую дзюрку, пад зямлю, па драбінах. Там унізе — бачым, ідзе інжынэр шахты з салдатамі.

Мікола Канаш працаваў у шахце й кажа: «Падымаймася назад — наверх!» Крыху падняліся, там была старая выпрацоўка. Кінуліся па ёй да самага канца. Схаваліся ў нейкай шчыліне.

Інжынэр падвёў ахову амаль да нашага сховішча, ды чуем, кажа, што далей ісьці небясьпечна, можа заваліць, ці будзе выбух, калі далей будзе мэтан… Але тут адзін з аховы пасьвяціў ліхтарыкам у наш бок і заўважыў нашыя ногі: «А ну, вылязайце!»

Мы выйшлі, нас павялі — ахова ззаду. Калі дайшлі да адтуліны, Мікола сеў на прыступкі, падкурчыў ногі й паехаў наніз. Ахова за ім, але не дагнала.

У мяне пытаюць:

— Ты хто?

— Я не шахцёр! — адказваю.

А калі спускаесься ў шахту, адмысловая вопратка з нумарам павінна быць. У мяне спэцоўка, каска, ліхтар і акумулятар. Нумар паляка аднаго — Дамброўскага. Той кажа, што не даваў і ня ведае, хто. У мяне пытаюць:

— Хто даў?

— Не скажу.

Пайшлі тады яны глядзець вопратку ў «разьдзявалку». Адна мокрая! Па нумары даведаліся — Канаша. Той ужо пасьпеў пераапрануцца і аддаць запіскі. Прывялі яго. Я ім кажу, што ня быў ён са мной, ды наогул мы не знаёмыя.

Начальнік лягеру:

— Якой хто нацыянальнасьці? Беларусы абодва? Усё ясна!

Далі нам 20 сутак. А калі адседзелі, у мяне зьнялі 3 месяцы заліку. Павінен быў вызваліцца вясной, а вызвалілі восеньню…

Пасьля Ларысу Антонаўну адправілі на этап у Абезь. Празь нейкі час вярнулі назад. Якраз памёр Сталін, і нас расканваіравалі. Неяк яна прыйшла да мяне на завод, адразу ж усе беларусы сабраліся разам… Трэба прызнаць — трымалася яна дастойна.

З Інты яе этапам паслалі ў Мардовію, станцыя Поцьма, ад яе прыйшло пару лістоў, а пасьля сьлед згубіўся. Яе мужа з Варкуты таксама прывезьлі ў Мардовію, а адтуль разам іх перавялі, некуды яшчэ…

Пасьля вызваленьня Геніюшы прыехалі ў Зэльву. Ларыса Антонаўна стала друкавацца. Пачала перапісвацца з былымі зьняволенымі. Адзін зь іх, Пётар Саўчук, быў сябрам яе мужа. Ён і расказаў мне, што Ларыса Геніюш жыве ў Зэльве, я й паехаў туды…

Жылося ім там цяжка! Янка й Ларыса адразу па вызваленьні адмовіліся ад савецкага грамадзянства, бо ў 1939 годзе жылі ў Чэхаславаччыне. (Янка Геніюш за панскай Польшчай скончыў Праскі Ўнівэрсытэт і там застаўся.) Прыяжджаў Танк, яе ўгаворваў, яна ж адказала: «Я грамадзянка БНР!»

Адразу пасьля вайны, калі Геніюшы былі яшчэ ў Чэхаславаччыне, яе брат спрабаваў іх забраць да сябе ў Англію. У Празе да іх прыходзілі людзі з ангельскага пасольства, прапаноўвалі пераехаць у Англію. Але Янка сказаў: «Я сацыяліст», і не паехаў.

У Зэльве сьлежка за Ларысай Геніюш была страшэнная. Пад выглядам пажарных прыходзілі чэкісты — лазілі па хаце, на гару — нешта забароненае шукалі. Шмат хто зь мястэчка быў завэрбаваны, каб толькі назіраць за Геніюшамі. Калі мы сабраліся на яе 70-я ўгодкі, маёр Хоха сядзеў у суседняй хаце з падслухоўваючым апаратам.

У яе не было пэнсіі. Танк угаворваў Ларысу Антонаўну прыняць грамадзянства Саюзу і атрымоўваць пэнсію… Давалі 35 рублёў — як не грамадзяніну СССР. Мелі яны савецкія пашпарты са штампам «без гражданства». Янка працаваў доктарам-вэнэролягам і рэнтгенолягам, але таксама ўвесь час меў нейкі перасьлед…

Мы, былыя палітвязьні, нас тады яшчэ шмат было, зьбіралі грошы й пасылалі ёй. Пасьля пачалі выдавацца яе кнігі. Ларыса Геніюш пачала атрымоўваць за іх нейкія ганарары, сьмяялася й казала: «Я — капіталістка!»

Калі памёр Янка Геніюш, я даведаўся позна, і таму спазьняўся на пахаваньне. Даехаў да Слоніма, а там узяў таксоўку да Зэльвы. Пасьпеў прыехаць і нават нёс труну. Народу тады шмат было.

Пасьля Андрэй Вайтовіч са Слоніма зрабіў помнік, а пасьля мы зь ім і Дудкам Іванам з Баранавічаў яго паставілі ды зрабілі агароджу...

Ларысе Геніюш помнік ставілі яе сваякі й сябры. На пахаваньне прыехала многа народу з Горадні з унівэрсытэту, беларускія пісьменьнікі, таксама тыя, з кім ёй давялося адбываць тэрмін у лягерох. Быў міністар Краўчанка, пісьменьнікі Лужанін, Сачанка, Бічэль-Загнетава, Арлоў, шмат іншых вядомых людзей. Але было й шмат «людзей у штацкім», якія круціліся паўсюль, прыслухоўваючыся да размоваў. Нават мёртвая Ларыса Геніюш не давала ім спакою, была для рэжыму небясьпечнай…

Амаль кожны год у дзень яе нараджэньня каля яе магілы зьбіраюцца яе былыя сябры па лягерох, тыя, хто ведаў яе. Адбываецца невялічкі мітынг памяці нашай слаўнай беларускай паэткі і змагаркі за Вольную Бацькаўшчыну.

Запісаў Руслан Равяка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0