Складайма слоўнікі!

Ідэя разьвіцьця беларускага слоўніка, пра што мы пісалі ў папярэднім нумары «НН», сталася нагодаю новага дыялёгу з чытачамі. Мы ўжо атрымалі першыя водгукі, якія пацьвердзілі нашыя спадзяваньні і сумневы.

 

«Кампанiяй «Мова-2000» Вы пачынаеце вельмi патрэбную i карысную справу, — піша Аляксандар Рагойша зь Менску. — Я лiчу, што рэдакцыя нi ў якiм разе не павiнна плянаваць для сябе пазыцыю староньняга нэўтральнага назiральнiка ў маючай адбыцца дыскусii. Да месца будуць i Вашы каментары, i меркаваньнi запрошаных лiнгвiстаў».

Безумоўна, рэдакцыя «НН» зьбіраецца самым актыўным чынам удзельнічаць у дыскусіі — пагаджацца, спрачацца, камэнтаваць, прапаноўваць. Аднак вырашаць — што вартае, а што нявартае — мы ня будзем. Досьвед іншых, хоць бы тых самых эстонцаў, паказвае, што вырашае ў гэткай справе само жыцьцё і жывая моўная практыка. Упадабаны тэрмін пачынаюць ужываць у сваіх пісьмовых і вусных тэкстах звычайныя людзі — і аўтары, і чытачы. Прыжываньне адбываецца стыхійна. «Мінак», «лусьцік», «шапік» — мы ўжо добра разумеем гэтыя словы, хоць ніякае фармальнае рэглямэнтацыі ніколі не было.

 

«Вы прапануеце стварыць сытуацыю канкурэнцыi тэрмiнаў. Якi зь iх будзе мець перавагу ў масавай сьвядомасьцi? Мне здаецца, што не абавязкова самы прыгожы цi самы непаўторны, а той, якi вымаўлялi i мы, i/цi да нас. I чым даўней, тым лепш. Памятаеце, аргумэнты прыхiльнiкаў «талера»? Талер вядомы з часоў ВКЛ! А аргумэнты супрацьлеглага боку? Рубель старэйшы за талер! Таму будзем мы i надалей карыстацца i аўтобусамi, i тэлефонамi, i тэлевiзарамi — тут продкi альтэрнатывы нам не прапаноўваюць. I зноў таму ж мы лёгка перайшлi цi пяройдзем ад таможнi да мытнi, ад налогу да падатку, ад магазiну да крамы. А колькi выдатных тэрмiнаў, схаваных у летапiсах, старадруках, яшчэ чакаюць свайго часу! Можа, лепш сюды скiраваць высiлкi паважанага люду паспалiтага? А то дажылiся, што свае ж лiтаратурныя помнiкi бяз слоўнiка не разумеем».

Гэтая заўвага сп.А.Рагойшы абсалютна слушная. Перш чым выдумляць нешта новае, трэба агледзець як сьлед тое, што мы калісьці мелі — у абсягах часу (скарбы старабеларускай мовы) і прасторы (дыялектная разнастайнасьць). Яшчэ Якуб Колас заклікаў: перш чым запазычваць, «абшукаць кішэні ўласнае памяці». Дарэчы, у тых самых эстонцаў плён лексычнага наватарства 60—80-х гадоў сабраны ў слоўніку, які завецца «Новыя і забытыя словы».

 

«З другога боку, як чалавек пераймае тое-сёе ў суседзяў, так i мова ня можа заставацца нязьменнай. Цi трэба да гэтага працэсу ставiцца адназначна адмоўна? Ну, каму цяпер замiнае, што такiя беларускiя словы, як жарт, каштаваць, коўдра, кiраваць насамрэч нямецкага паходжаньня?»

Зноў жа слушна. Аднак, трэба зазначыць, што адна рэч — калі словы ўзьнікаюць у працэсе натуральнага разьвіцьця мовы, як згаданыя вышэй жарт ды коўдра, а зусім іншая — калі людзі, што ў «нармальным» жыцьці гавораць не па-беларуску, валакуць у афіцыйную «літаратурную» мову ўсё, што ні трапіцца пад руку — і кофе, і карандаш, і грамхарч.

 

«I ўжо маё глыбокае перакананьне — навуковая тэрмiналёгiя ня можа абысьцiся без запазычаньняў. Яна даўно не беларуская, не расейская, а iнтэрнацыянальная; калi я ўбачу ў ангельскiм тэксьце entropy цi ў нямецкiм Entropie, я заўсёды зразумею: размова iдзе пра энтрапiю. Навуковы тэрмiн трэба разглядаць проста як набор гукаў цi лiтараў, якi безварыятыўна азначае пэўнае паняцьце; што яшчэ стаяла за гэтымi гукамi ў роднай для iх мове, на пачатковай стадыi вывучэньня дысцыплiны ўвогуле лепш ня ведаць, бо пачнецца блытанiна ў галаве. Прыклады: атам (непадзельны, грэц.), уран (iмя бога, лац.), файл (стос папер, ангель.). Здавалася б, вось яно, нямеранае-неўзаранае поле для сапраўдных беларускiх лiнгвiстаў-наватараў? Шлях шкодны. Гэта быў бы яшчэ адзiн фактар, якi адразаў бы нас ад сусьветнай цывiлiзацыi».

У гэтым месцы, бадай, варта даць слова іншаму ўдзельніку дыскусіі, які якраз мае на гэты конт інакшую думку. Улад Яндзюк з Прагі, колішні выдавец самвыдавецкага часапіса «Кампутарная прахтыка», прапануе праект невялічкага слоўніка кампутарнай тэрміналёгіі, зь якога мы падамо хіба некалькі прыкладаў:

«Вытвар — Product (Software)

Злучво — Interface

Ладаваньне — Loading, Booting (OS)

Прахон (Досяг) — Access

Спокладзень — Packet, Package

Спокліч — Password

Сьціск — Compression...»

Усяго ў слоўнічку каля 200 словаў.

Шчыра сказаўшы, прызвычаіўшыся да англамоўнай кампутарнай тэрміналёгіі, цяжка зразумець тэрміны іншамоўныя — што беларускія, што расейскія, што польскія або чэскія. Часам нават прыходзіць у галаву бунтоўная думка: а можа іх і зусім не перакладаць? Ну, як бы там ні было, пытаньне гэтае добра-ткі спрэчнае. Чакаем вашых меркаваньняў.

У лістах чытачоў зноў «усплывае» і праблема карэктнага правапісу запазычаньняў. Сп.А. Рагойша працягвае:

«Так ужо склалася, што ў навуцы i тэхнiцы цяперашнiм часам асноўныя перайманьнi iдуць з ангельскай мовы. Добра было б, каб «НН» замовiла ў спэцыялiстаў i потым надрукавала ясныя правiлы пераносу ангельскай тэрмiналёгii непасрэдна ў беларускую. Можа тады я, нарэшце, зразумею, чаму трэба вымаўляць кампутар, а не камп’ютар, а гэта ж блiжэйшы да арыгiнальнага гучаньня варыянт. Альбо чаму hit i hacker з амаль нячутным прыдыханнем h ператварылiся не ў хiт i хакер, а ў гiт i гакер (самы цымус: hot-dog = гот-дог, дзе адным i тым жа гукам г замененыя i прыдыханьне h, i выбухное g). Цi прыйшла ўжо пара пiсаць гiндзi, гiпi ды гакей?»

Справа кадыфікацыі правапісу «тарашкевіцы», як мы спадзяемся (ужо 5 гадоў!), у блізкім часе аформіцца ў канкрэтных выданьнях — зборы правілаў і слоўніку, дзе можна будзе спраўдзіць правапіс англа- ды іншамоўных словаў па-беларуску. Гэтая праца будзе плёнам доўгіх дасьледаваньняў і кансультацыяў карыстальнікаў «тарашкевіцы» ў Беларусі і ў замежжы. Вось жа праблема перадачы ангельскага h была прадметам зацятых спрэчак прадстаўнікоў «мэтраполіі» і эміграцыі. Апошнія цьвердзяць, што «х» у гэтых словах — гэта праява жудаснай русіфікацыі, а тым, хто жыве ў Беларусі, здаецца, што нічога страшнага тут няма. Зрэшты, ангельскаму h дакладна не адпавядае ні (фрыкатыўнае) г, ні х. Гэтыя гукі ўтвараюцца крыху інакш і гучаць больш «шумна», чым «амаль нячутнае прыдыханьне» h. Аднак пасьля доўгіх спрэчак пастаноўлена было пісаць «г», а выбухное g, калі ёсьць магчымасьць, перадаваць адмысловай літарай. Аднак слова «хакей» не аддалі. Не чапай сьвятое! (А было б «гокі»...)

А вось сьведчаньне, што праблема слоўніка — не надуманая. Сп.Юры Тарасевіч піша:

 

«Хачу паведаміць вам пра існуючую каля двух месяцаў ініцыятыву «Таварыства Беларускага Слоўніка». Мэты — па магчымасьці — закрыць сэмантычныя прабелы мовы, спраектаваць кампутарную базу лексыкі, стварыць правілы ўпарадкаваньня і унармоўваньня лексыкі, арганізаваць збор лінгвістычнага матар’ялу. Пляны, як бачыце, цалкам напалеонаўскія, аднак, ужо зараз відаць колькі рэальных карысных магчымасьцяў. Менавіта — кампутарная апрацоўка «старых» слоўнікаў (Ластоўскі, Станкевіч) дзеля атрыманьня базы зыходнага матар’ялу для «новага» слоўніка; стварэньне правілаў упарадкаваньня і ўнармаваньня лексыкі (насамрэч, яны ўжо гатовыя, аднак яшчэ не аформленыя для публікацыі); арганізацыя збору і разьмеркаванай апрацоўкі інфармацыі праз кампутарныя сеткі».

Свой допіс сп. Тарасевіч дапоўніў адмысловым «Маніфэстам».

Выказаныя ў праекце ідэі — ня новыя. Яны ўжо ня першы год, як той казаў, лунаюць у паветры. А сёньня, наколькі ведаем, ажно некалькі групаў складаюць беларускія слоўнікі. Вось жа няблага было б усім зацікаўленым нарэшце аб’яднаць намаганьні і талакою наваліцца на гэтую справу. «НН» абяцае дапамогу ў каардынацыі.

Сяргей Шупа


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0