Славамір АДАМОВІЧ

Дробы і шрот

 

...пра сьцяг

У №4 «НН» Сямён Шарэцкі тлумачыць, чаму ён у Вільні зьняў бела-чырвона-белы сьцяг. І гэтым упадае ў яшчэ адну — каторую ўжо лікам! — памылку. Бо хто апраўдваецца, той вінаваты на пяцьдзясят, а хто настойвае на сваім апраўданьні — вінаваты на ўсе сто.

Да закону турмы, які сфармуляваны ў кароткіх «Ня вер!», «Ня бойся!», «Не прасі!», мы мусім дадаць чацьвертае: і не апраўдвайся!

 

***

Мудры палітык што зрабіў бы, трапіўшы ў сытуацыю Р. Пракаповіча і С.Шарэцкага? Вы будзеце сьмяяцца, але мудры правёў бы свае палітпопрадкі ў іншым — без сьцягоў на сьценах — памяшканьні. А не, дык і на вуліцы. Вось і ўся калізія, спадары. Пры ўмове, што гэтая гісторыя са сьцягам не была задуманая спэцыяльна.

 

***

Яшчэ ў 1996-м выйшла кніга Сяргея Новікава «Каб вярнуцца». У ёй — гісторыя ўзыходжаньня беларускіх альпіністаў на самую цяжкадаступную гару ў Гімалаях — Канчэнджангу (трэцяя вяршыня сьвету, вышыня — 8586 м). У верасьні—кастрычніку 1994 году 12 чалавек атакавалі гару пад беларускім бела-чырвона-белым сьцягам. На гэтым гераічным шляху загінулі расейка Кацярына Іванова, баўгарка Ярданка Дымітрава і наш Сяргей Жвірбля. Дайшоў адзін Віктар Кульбачэнка, дайшоў, каб запісаць у сваім дзёньніку: «Схіл Канчэнджангі, па якім я падымаўся на вяршыню, паціху зьнікае ў ірваных аблоках. Дастаў з рукзака бела-чырвона-белы сьцяг Беларусі і замацаваў яго камянямі на вяршыні».

... Пасьля экспэдыцыі Віктару ампутавалі фалянгі пальцаў на левай і паўпальцы на правай руцэ.

Я думаю, тое, што зрабілі нашыя альпіністы, гэта і ёсьць самая сапраўдная і ў прамым сэнсе слова чыстая палітыка!

 

***

У «Беларускім кнігазборы» выйшлі ўспаміны Платона Крэня. Стандартны цяпер наклад — 500 асобнікаў. Пранізьлівыя радкі тэксту. Усё ў ім ёсьць: і наш беларускі боль, і зьнявагі, і перамогі, і доўгі шлях нацыянальнага самавызначэньня... Яшчэ адна настольная кніга для сучасных беларускіх патрыётаў.

 

... пра піва з шакалядам і байкот

У Беларусі паменела беларускага піва і зьявілася рознае расейскае: нават у плястыкавых дзьвюхлітровых бутлях, нават у пяцілітровых бочачках. За месяц да Калядаў прапалі шакалядныя цукеркі менскай «Камунаркі». Затое завалілі нас іхнымі «Русскими узорами». І ўжо ў адной тутэйшай газэце нехта Лупінос абяцае, што іхны «Бабаеўскі» можа хоць зараз прыкупіць кантрольны пакет акцыяў нашай «Камунаркі».

Гэтая шакалядна-піўная экспансія з маскалёў вяртае ў слоўнік беларускага нацыянальнага супраціву прызабытае слова байкот. Што-што, а байкот можа сабе дазволіць кожны беларус. Тым болей, што іхныя прысмакі нам задарагія. Таму ўжо агучаную формулу «Слухай сваё» дапоўнім больш ёмістай: «Спажывай сваё!»

 

... пра нэафітаў

20 студзеня ў халоднай залі сталічнага Дому літаратара маладыя спрабавалі гаварыць па-беларуску. Найлепей гэта ўдавалася паэтцы Вальжыне Морт і Альгерду Бахарэвічу, хоць апошні і беспадстаўна зрываўся на крык.

Заўважым: а) ня варта крычаць, калі ўмееш гаварыць; б) сіла ў слове, а ў голасе — дэцыбэлы.

Вечарыну маладых літаратараў вяла Ганна ў фальклёрным строі. Дапамагаў ёй Афрыканэр у кашулі з шэрага ільнянога палатна. Ганна раздавала выступоўцам дранікі. Афрыканэр з плястыкавымі алігатарамі ў роце чытаў свае белмоўныя тэксты.

Сяргей Мінскевіч прасьпяваў пра сіняга кіта. Праўда, наблытаў з порамі году, параўнаўшы Піліпаўку з «крещенскими морозами».

З 28 лістапада паводле новага стылю (дзень сьвятых Гур’я, Паісія, Маркела ды Зьмітра) пачынаецца апошні гадавы пост — Калядны, альбо Піліпаўскі, які цягнецца да самых Каляд (24/25 сьнежня). У гэты час ваўкі зьбіраюцца ў зграі, а людзі ў вёсках — на вячоркі й попрадкі. У каго ў вёсцы ці мястэчку няма сваіх бабы-дзеда, тым варта пазнаёміцца з нашай беларускай Бібліяй — акадэмічным зборам Беларускай народнай творчасьці (БНТ).


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0