Лыжнік са знаёмым тварам

Учора ў Раўбічах у чарговы раз пракладалі «прэзыдэнцкую лыжню». Лукашэнку чакаў народны аркестар зь вялізным бубнам і ўзмоцненае ачапленьне ўнутраных войскаў.

 

Спачатку была арганізаваная камандная эстафэта, якая складалася зь пяці этапаў — «3 мужчыны, 2 жанчыны». З чыста лукашэнкаўскай камандай спаборнічалі 10 іншых: Саўміну, БДУ, прадпрымальнікаў і, ясна, аховы галоўнага лыжніка краіны. Першая жанчына з каманды Лукашэнкі, замарудзіўшыся, ледзь не запарола ўвесь спэктакаль, і перамога памахала крылом перад тварамі БДУ-шнікаў, але Аляксандар Рыгоравіч, які пабег апошнім, гераічна вывеў сваіх наперад.

Удзельнічаў Лукашэнка і ў асабістым забегу на 5 км. Як ні махалі палкамі дзесь далёка ззаду найлепшыя лыжнікі краіны, і дурні, нарэшце, уразумелі, з каго малявалася постаць на пяцітысячнай купюры: Рыгоравіч быў першым і тут. Нейкі насуплены бээнэфавец заўважыў, што Лукашэнка толькі тым і займаецца, што на лыжах ганяе, бо летась прыйшоў да фінішу другі. Праўда ж у тым, што мінулай зімой першы прыйшоў ахоўнік першага прэзыдэнта, такія ўжо ў ахоўнікаў абавязкі, і падобныя вольнасьці дазваляюцца толькі ім. А можа проста хлопец перабаршчыў…

Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0