Тысяча плюс дваццаць

(з нагоды малога юбілею)

 

«16.09.80 г., аўторак. Нанёс мне візыт Мікола Ермаловіч: падарыў ён мне №9 часопіса «Нёман», у якім ягоны артыкул з нагоды 1000-годзьдзя Беларусі. Зрабіў ён і дарчы надпіс. Сказаў, што пісаў ён Максіму Танку з просьбаю нейкім чынам адзначыць гэтую глябальную дату, аднак Танк нават не адпісаў яму. І ўся Беларусь маўчыць, як быццам ёй заняло гістарычную памяць...»

Гэта запіс у дзёньніку Барыса Мельнікава, добраахвотнага і незалежнага храніста, аўтара ўнікальнага дыярыўша ў 16-ці тамах, якія ахопліваюць тры апошнія дзесяцігодзьдзі нашага агульнага жыцьця, дзень у дзень, месяц па месяцы, год за годам.

Але ж ня ўсім заняло тады гістарычную памяць. Артыкул у «Нёмане» тыражом 140000 экзэмпляраў, на тыя гады, пагадзіцеся, не абы што. Дрожджы былі закінутыя, працэс ішоў, цеста заварушылася. Група мастакоў ужо з паўгода рыхтавалася адзначыць гэты юбілей. Ішла карпатлівая арганізацыйная і падрыхтоўчая праца, абмяркоўвалася праграма і месца сьвяткаваньня, рыхтавалася юбілейная сувэнірная прадукцыя. Яўген Кулік і Мікола Купава стварылі прыгожыя віншавальныя паштоўкі, мы іх аддрукавалі салідным накладам. Зразумела, патаемна, на славутым «Паддашку», у майстэрні Куліка. Друкавалі з дапамогай звычайнага прэсу для выцісканьня соку. Гатовыя віншаваньні рассылаліся, для падтрымкі духу, нацыянальна сьведамым ці хаця б зарыентаваным дзеячам культуры, навукі, мастацтва. Маладая мастачка Тамара Васюк зрабіла тыраж юбілейных керамічных мэдалёў, я рабіў адпаведны плякат. Адным словам, клопату было.

Ёсьць агульнаэўрапейская ці нават сусьветная традыцыя (законам ці правілам гэта цяжка назваць): дату нараджэньня сваёй дзяржавы кожны народ адлічвае ад першага пісьмовага ці летапіснага згадваньня князя або княства, караля ці каралеўства, хана, ханства, фараона, імпэратара і т.п. Расейцы адсьвяткавалі сваё тысячагодзьдзе ад зьяўленьня ў летапісе скандынава Рурыка, пад 862-м годам. Баўгары адлічваюць сваё дзяржаўнае існаваньне ад легендарнага князя Аспаруха, які нібыта прывёў іх зь берагоў Волгі на берагі Дунаю. Украінцы свой нядаўні юбілей (1500-годзьдзе Кіеву) літаральна выкапалі з-пад зямлі, бо гэтую вельмі прыблізную дату вызначылі архэолягі.

У нас усё выглядае прыстойна. «Рогволод имаше волость свою Полотске а Тур в Турове...» — два беларускія князі, два беларускія княствы. Гэта не легенда, гэта летапіс, 980-ы год ад нараджэньня Хрыстовага.

Яшчэ адзін запіс з «Дыярыўшу» Б.Мельнікава.

 

«28.12.80 г., нядзеля... К 14 гадзінам мы з Марысяй прыехалі да мастака Віктара Маркаўца ў майстэрню. Неўзабаве тут сабралася даволі многа народу, каб адзначыць 1000-годзьдзе Беларусі. Быў рэалізаваны такі парадак дня: даклад, кароткая храналёгія гісторыі Беларусі, чытаньне матэрыялаў даўнейшай палемікі ў часопісе «Полымя» (Прашковіч-Люкевіч+Трашчонак-Алексютовіч). Пасьля перапынку слухалі мэлёдыі з «Полацкага сшытку», ... было чытаньне вершаў вядомых і новых аўтараў. Нарэшце, была паказана вялікая сэрыя слайдаў. Усё прайшло добра — сьвяточна, узьнёсла...»

Адкрываў вечарыну, помню, Кулік, даклад, натуральна, — Ермаловіча, храналёгію давялося чытаць мне. Слайды паказваў Пятро Драчоў, свае вершы чыталі Генадзь Тумаш і Алесь Разанаў. Вядомых аўтараў дэклямавалі Гена Мацур і Басалыгава дачка Іра. Сапраўды, было ўзьнёсла. А ведаеце, чаму? Бо без гарэлкі. Толькі квас і морс, гарбата і па кропельцы добрага сухога віна. Не было скокаў і сьпеваў. Хоць і свойская кампанія, але ж надта сур’ёзная нагода нас сабрала.

Адбывалася ўсё гэта ў сумеснай майстэрні Марачкіна і Маркаўца на Дзімітрава (былой Вялікай Татарскай) у доме №3. Дом — ХІХ стагодзьдзя, апошняя камяніца, што засталася ад вуліцы. Зараз гарадзкія ўлады інтэнсыўна стараюцца яго зьнесьці, не зважаючы на лёс 12 мастакоў, што працуюць у даўно не рамантаваных, без ацяпленьня майстэрнях.

На жаль, не засталося агульнага фотаздымку з гэтай вечарыны, не было дзе ўсім згрупавацца, каб трапіць у аб’ектыў. Не пералічваю я і ўсіх удзельнікаў, гэта ж не пратакол. Але працяг вечарыны, тады даволі небясьпечны, а сёньня забаўны, заслугоўвае колькіх словаў. Паштоўкі, пра якія ішла гаворка вышэй, трапілі нейкім чынам за мяжу, ажно ў Лёндан. Я мяркую, што гэта заслуга Сакрата Яновіча, беларускага пісьменьніка і грамадзкага дзеяча зь Беласточчыны, які ў тыя гады даволі часта прыяжджаў у Менск. Лёнданскія беларусы апэратыўна паштоўкі размножылі, зрабіўшы надрук на адвароце: «Тайнае юбілейнае выданьне з БССР». І кінулі тыраж назад на радзіму, па розных адрасах і ўстановах. Ота ж усхадзілася КГБ! Застаяліся віжы і ваўкадавы, а тут сьвежая, стопрацэнтовая контра, сур’ёзная праца. Селі на хвост мастакам, Яўгена Куліка вылічылі хутка, бо ён на сваіх творах заўсёды ставіць манаграму . З Купавам было складаней. Нягледзячы на тое, што па творчай манеры, плястыцы, почырку мастакі-графікі лёгка вылічылі Міколу — ніхто не прадаў. Не прызнаўся і аўтар, так што і сёньня, відаць, справа яго не закрытая.

20 гадоў прайшло з таго часу. Нарадзілася і вырасла новае пакаленьне беларусаў, бяз шораў на вачах і путаў на нагах, без забабонаў і атавістычнага страху перад сыстэмай, уласьцівага многім маім равесьнікам. Жыцьцё іх, калі азірнуцца, умясьціла неверагодную колькасьць сур’ёзных падзеяў, фактаў і імёнаў. Магчыма, нашая праца, нашыя мэтады і нашыя колішнія праблемы здадуцца ім сьмеху вартымі, але так было. І гэта сталася ўжо фактам нашай беларускай гісторыі.

Уладзімер Крукоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0