Большы за свой народ

 

Нават калі ня ведаеш, хто такі Багушэвіч, гледзячы на ягоны бюст работы Азгура, што ў Жупранах, адчуеш веліч асобы. Багатыр-паўстанец, паэт. А калі і ў гэтым не разьбірацца, усё адно міжволі запаважаеш гэты вусаты-барадаты партрэт энэргічнага дзядзькі, пастаўлены блізу новагатычнага касьцёла. І праўда, колькі ні прыгадвай іншых вобразаў аўтара «Дудкі беларускай», нічога лепшага ня ўспомніш. Гэты ж бюст быў пастаўлены яшчэ ў 59-м, напрыканцы сталіншчыны, напрадвесьні хрушчоўшчыны. Азгур тут выявіўся ня толькі як таленавіты майстра, але і як тонкі знаўца палітычнае кан’юнктуры... Гэтага яму было не займаць. У 20-х ён ляпіў Зьмітрака Бядулю й скульптара Бразэра, на пачатку 30-х Дзяржынскага й Мясьнікова, пасьля Сталіна, Мао і Энвэра Ходжу. А па вайне, у 47-м (зусім нечаканы выкрунтас) зрабіў партрэты Скарыны й Цёткі. Шмат пазьней, у 80-м, ці то з натхненьня, ці то з кан’юнктурнага чуцьця Азгур раптам зрабіў Гусоўскага. Увага! Гэта быў першы плястычны вобраз паэта-лацініста ў жанры аб’ёмнай скульптуры. А паміж тым Багушэвічам і гэтым Гусоўскім — сотні Марксаў, Энгельсаў, Ленінаў...

Усё творчае жыцьцё перад скульптарам разыходзілася сама меней па трох сьцяжынах: у жыдоўскі бок, у беларускі і ў камуністычны.

Што да жыдоўства Азгура, дык яно скончылася недзе да вайны, разам з тузінам вобразаў жыдоў-дзячоў культуры й дзяржавы. Бадай, разам з рэпрэсіямі супраць тых, чые партрэты ён ствараў. Чаму не вяртаўся да гэтага пазьней? Таму што хацеў быць вельмі, вельмі вялікім. Большым за свой народ. Вось жа й Галакосту ён не прысьвяціў нічога...

Што да беларушчыны, дык яна заўсёды была побач. Сяброўства з Коласам ды Крапівом не прайшло бясьсьледна. Можна распавядаць багата показак пра «Коласа на кучы» ці «самую вялікую статуэтку», аднак менавіта гэткі Колас пасуе архітэктуры й маштабу аднайменнай плошчы. Што да шчырасьці скульптара — гэта крытэрый няўлоўны. Праўда тое, што ў цені дзядзькі Коласа ўтульна пачуваюць сябе маніфэстанты пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, на якіх задуменна пазірае паэт-калос.

А з камунізмам, па гіроніі, справы ў Азгура ня клеіліся. Кожнага разу, ухапіўшы павеў, ён прыпазьняўся з рэалізацыяй сваіх ідэяў... Неяк мой сябра прынес сувэнір — невялікую скульптуру Сталіна, пафарбаваную бронзавай фарбаю, з цэтлікам на шыі «З. Азгур. І.В.Сталін. 1950». Скульптура валялася на сьметніку ў дварах мастацкага музэю. Сябра сказаў, што гэткага дабра там было навалам... Помнік Сталіну ў Менску прастаяў толькі 4 гады, пра Мао ў СССР не было прынята згадваць ужо з 50-га і гэтак далей, нават Ленін з Марксам не пасьпелі дастаяць 10-ці гадоў перад ЦК КПБ. Іх зьвезьлі ў невядомым накірунку ў 91-м...

Азгуравы Леніны добра пастаялі ў Казахстане, Расеі, Асеціі, Дагестане, Украіне. Але і іх, напэўна, больш няма.

Недзе ў пыльных запасьніках перахоўваецца ягоная інтэрнацыянальная сэрыя 50-х гадоў. Каго там толькі няма! Ад Кім Ір Сэна да Хо Шы Міна. Які лёс чакае іх?

Лепшая работа з тае сэрыі — партрэт Рабіндраната Тагора — сустракае наведнікаў Нацыянальнага мастацкага музэю, каля шатні. Прыгожая рэч. Праўда, колькі прамінае тых наведнікаў, гэтулькі застаецца пытаньняў. Хто такі? Чаму тут?

Калі недалёк ад вуліцы Пуліхава, на высокім пагорку паўстаў дамок, майстэрня Азгура, усе зьвярнулі на яго ўвагу. Ахайна выкладзены з чырвонай цэглы, ён дэкараваны з фасаду вялікім бэтонным картушам, падобным, чамусьці, да тэлефону. Таму дасьціпная моладзь назвала гэты будынак «домам пад тэлефонам». Неўзабаве ў вялікіх вокнах, што сьвяціліся вечарамі, пазьяўляліся монстры. Гіпсавыя, гліняныя, бронзавыя галовы вызіралі адтуль чорнымі зімовымі вечарамі. А ўдзень уладальнік гэтага прытулку монстраў хадзіў сабе па садзе з маленькім сабачкам. У мяне кожнага разу займала ў грудзях, калі я прамінаў гэтага чалавека, з шыкоўнай белай шавялюраю, у імпазантным чорным барэце... І кожнага разу карцела загаварыць. Аднаго разу ўсё ж паспрабаваў. «Мы знаёмыя?»— зьдзівіўся ён. «Вы ж выбітны дзяяч беларускае культуры»,— перабраў я, імкнучыся хоць як працягнуць гаворку. «Беларуская культура... А што гэта за такое?» — раздражнёна спытаў ён. Гаворка на тым і скончылася. Хоць мы й віталіся, загаварыць з гэтым чалавекам мне больш не выпадала. А ў тым чырвоным дамку, што «пад тэлефонам», цяпер будзе музэй. Бадай, мне не захочацца й пайсьці туды... А вось да Азгуравага Багушэвіча ў Жупраны й да Коласа заўсёды будуць хадзіць людзі. І ганарыцца той самай культураю, да якой са скепсысам ставіўся стары скульптар-канфарміст.

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0