ГІСТОРЫКІ СТВАРЫЛІ НАРОДЫ

У.Арлоў і Г.Сагановіч пачалі ўсебеларускае турнэ з кнігаю «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі»

 

У Гомелі плянавалася, што за дзень адбудзецца некалькі сустрэч у ліцэях, на філялягічным факультэце ўнівэрсытэту й агульнагарадзкая імпрэза. Але на філфаку памеркавалі, што менскія госьці могуць нагаварыць лішняга.

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інжынэраў чыгункі — першае, што наведалі менчукі — вылучаецца сярод гомельскіх ВНУ строгай дысцыплінай у «найлепшых» традыцыях савецкага часу. Але гомельскі бард Андрэй Мельнікаў сваімі песьнямі адразу ж скіраваў кантакт публікі з гасьцьмі ў бок дыялёгу й цеплыні. У.Арлоў зарыентаваў публіку з музычна-агітацыйнае рыторыкі А.Мельнікава да бліжэйшых к рэчаіснасьці зьяваў: чытаньне нарысаў «Чарніла» й «Анэкдот» з «Слоўніка Свабоды», любоўная лірыка з кнігі «Фаўна сноў» былі ўспрынятыя на «біс!». Дасьціпнае апісаньне нашае рэчаіснасьці найлепей паказвае прычыну ўсіх праблем. У.Арлоў мяркуе, што беларусам бязь іхнага тонкага пачуцьця гумару заставалася б толькі «цешыцца, што расейцы займаюцца сэксам сем разоў у нядзелю, і ня ведаць, што яны робяць у будзённыя дні». Як палюбіць сваю Бацькаўшчыну праз родную гісторыю, найлепей патлумачыў Г.Сагановіч, згадаўшы, як у часе археалягічных дасьледзін Наваградзкага замку быў уражаны літоўскаю дзяўчынаю, якая, прытуліўшыся да рэштак цытадэлі, шаптала «Міндаўгас... Міндаўгас...» Найпрыгажэйшыя ў сьвеце беларускія дзяўчаты — гэта тое, на думку спадароў У.Арлова й Г.Сагановіча, што найлепей рэпрэзэнтуе нашую краіну ў сьвеце. Жаночая палова аўдыторыі не магла застацца абыякавай да камплімэнтаў.

Госьці таксама атрымалі свае характарыстыкі. Гэтак адна з навучэнак параўнала абліччы Ў.Арлова й Г.Сагановіча з чортам ды Ісусам Хрыстом, і была ўражаная, што гэтыя «два вонкава абсалютна розныя чалавекі здольныя былі супольна выдаць адну кнігу». «Каб быць пісьменьнікам, ці абавязкова мець бараду, і што яна для Вас сымбалізуе?» — пытаецца адна студэнтка. У.Арлоў: «Мне, каб быць пісьменьнікам, трэба мець бараду. Я яе не галіў ад унівэрсытэцкага часу; нават на вайсковых зборах пашчасьціла захаваць. У мяне яна мае розныя адценьні, што ў антычныя часы сьведчыла пра пароду чалавека». «Я пачаў адпускаць яе й вялікія патлы ў асьпірантуры. У старажытныя часы яна сымбалізавала мудрасьць і мужчынскую моц, а ў Вялікім Княстве Літоўскім яе насілі радавітыя асобы», — прызнаўся Г.Сагановіч. Грамадзкі дзеяч А.Карніенка й бард А.Мельнікаў засьведчылі сваю індывідуальнасьць своеасаблівымі досьціпамі: першы паведаміў, што ў яго «адбываецца нутраная міграцыя валасоў зь верхняе часткі галавы на ніжнюю», а другі салідарызуецца з «нашымі барадатымі хаўрусьнікамі» — мусульманамі. А.Мельнікаў, каб не ягоныя прамовы ў апраўданьне беларускае мовы й трасянкі (!) з спасланьнем на ІІ Устаўную грамату Рады БНР, мог бы прэтэндаваць на ўлюбёнца жаночае публікі, якая пад канец сустрэчы ў паўголасу падпявала ягоныя песьні. Г.Сагановіч і У.Арлоў гаварылі меней палітызавана і больш натуральна, чым гомельскі прыхільнік ісламу. У.Арлоў, засыпаны, як поп-зорка, пытаньнямі аб інтымным жыцьці, і Г.Сагановіч, які толькі пачаў абмяркоўваць магчымасьць часавых прорваў у сярэднявечнай гісторыі, мусілі разьвітацца з будучымі гомельскімі транспартнікамі, бо нечакана паўсталая кабета бальзакаўскага веку сьпінаю да гасьцей агучыла перад аўдыторыяй галоўны жыцьцёвы прынцып сучаснасьці: «Главное — самодисциплина». 200 хлапцоў і дзяўчат былі вернутыя ў рэальнасьць.

Працяг гомельскага турнэ аўтараў «Дзесяцёх вякоў» адбываўся ў адукацыйным цэнтры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Як і ў Менску, імпрэза пачалася з чытаньня У.Арловым з нататніка сваіх і чужых выслоўяў: «Ілжывых гісторыкаў трэба караць сьмерцю, як фальшываманэтнікаў... На прапанову далучыць сваю краіну да гітлераўскага Райху, дацкі кароль сказаў, што не гатовы кіраваць гэткаю вялікаю краінаю... Пушкін ня мае ніводнага верша, прысьвечанага маці... Міцкевіч ніколі ня быў у Варшаве, жыў два тыдні ў Познані, а пахаваны на Вавэлі... Вып’ем за вялікі расейскі народ у яго этнаграфічных межах... З старой беларускай актавай кнігі: «Каб дзеўкі кахалі, каб кулі міналі, каб шаблі ня бралі»... Калі ў цябе няма магчымасьці закрычаць, дык трэба хаця б запішчаць...» Далей гутарка пайшла пра гісторыю.

Г.Сагановіч: «У мінулым большасьць людзей ня мела нацыянальнае сьвядомасьці, што існавала ў форме этнічнасьці, але ня пэўнага сьветагляду, што панаваў бы ў міжлюдзкіх дачыненьнях. Толькі пры канцы XVІІІ — пачатку ХІХ стагодзьдзя Эўропа вызначылася паводле нацыянальнае прыналежнасьці, гісторыкі ж заўжды былі ў авангардзе нацыяльнага руху, і гісторыкі стварылі народы. Ужо ў пачатку ХХ ст. усё, што было беларускім, было падзелена. Спазнаць жа сябе мы можам толькі праз спазнаньне мінулых тысячагодзьдзяў...» «Прыродаахоўнікі маюць прынцып стварэньня экалягічна чыстае «кроплі» вакол сябе. Давайце ствараць вакол сябе «кроплі» беларускасьці», — параіў У.Арлоў ахвочым ды баязным гаварыць па-беларуску. Паўтары сотні чалавек цікавіліся й стаўленьнем гасьцей да зьвязу Беларусі й Расеі, які сп.Арлоў і Сагановіч назвалі «абсурдам» і «недарэчнасьцю» з гледзішчаў адпаведна грамадзяніна й гісторыка. На разьвітаньне з Гомелем аўтары «Дзесяцёх вякоў беларускай гісторыі» пакінулі ў роздуме аўтара неагучанага запыту «есть ли место в Белоруссии для нас, злобных Великоруссов?», павячэралі ў сядзібе гомельскае «Талакі» ды зьніклі ў цемры слаўнага места Гомельскага. Апошні штрых візыту падвёў У.Арлоў аўтографам на мапе Гомельскае вобласьці ў яе частцы на ўсход ад дзяржаўнае мяжы РБ: «Жыве Беларусь у ейных этнаграфічных межах».

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0