Навіны

 

Цудатворац з Хмелева

У вёсцы Хмелева, што пад Жабінкай, будзе закладзены манастыр-пустынь. Малады манах айцец Серафім, які сьвятаром у гэтай вёсцы, мае быццам бы незвычайны дар вылечваць людзей і выганяць зь іх д’ябла. Да яго едуць і зь Берасьця, і з-за Берасьця, і нават з-за мяжы, таму мясцовыя людзі і папрасілі дазволу адчыніць тут невялікі кляштар, кіраваць якім будзе айцец Серафім, і дазвол ім далі, піша БелаПАН.

 

Рээкспарт беларускай электрыкі

З пачатку лета 2000 году Беларусь будзе, магчыма, экспартаваць у Польшчу электрычнасьць, вырабленую на Бярозаўскай ДРЭС. Прынцыповае рашэньне наконт гэтага ўрад і Нацбанк прынялі. Неўзабаве ў Менску мусіць адбыцца сустрэча прадстаўнікоў энэргетычных кампаніяў Расеі, Польшчы й Нямеччыны на гэтую тэму, піша БелаПАН. Рэч у тым, што гэта фактычна будзе ня экспарт, а рээкспарт электраэнэргіі, бо Беларусь сама на свае патрэбы раней купляла электрычнасьць у Літве, а цяпер найбольш — у Расеі.

Б.Т.

На сьмерць Пласкавіцкага

Магілёўскі гісторык Ігар Марзалюк прывёз з маскоўскіх бібліятэк невядомыя дагэтуль паэтычныя радкі, што належаць пяру Сімяона Полацкага, — невядомую вэрсію эпітафіі «На сьмерць яснавяльможнага шляхціца Георгія Пласкавіцкага, забітага Масквой». Сімяон Полацкі напісаў яе на старабеларускай мове. Гэтая ж эпітафія ўжо была вядомая з 60-х гадоў у польскамоўным варыянце. Цяпер высьветлілася, што ёсьць і арыгінальны старабеларускі тэкст. Тэксты абсалютна самастойныя, іх аб’ядноўвае толькі тэма. Эпітафію, на думку сп.Марзалюка, сваякі забітага пана так і замаўлялі: у дзьвюх розных вэрсіях.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Усе прадаюць, а ня ўсіх саджаюць

У Мсьціславе па шэсьць гадоў атрымалі былы старшыня калгасу «Камуніст» Анатоль Гоцманаў і ягоная жонка Надзея. Яны — апошнія ахвяры той вядомай гісторыі, калі Лукашэнка вызваліў ад пасады старшыню райвыканкаму Сяргея Дземідзенку, аблвыканкаму — Кулічкова і галоўнага сельгасначальніка вобласьці Адашкевіча. Свае тэрміны атрымалі Дземідзенка і колішні старшыня райсавету Аляксандар Пятроўскі. Цяпер дайшлі й да калгасьнікаў. А прычына ўсіх страсьцяў — у продажу мяса ў Расею. Гоцманавы быццам бы прадалі за мяжу 15 т.

С.Г.

 

Зімовая атава

Яшчэ ня скончылася зіма, а Пінскі гарвыканкам ужо давёў усім прадпрыемствам і арганізацыям гораду, незалежна ад формы ўласнасьці, заданьне па нарыхтоўцы сена. Нарыхтоўку трэба скончыць да 1 кастрычніка, прычым палову сена трэба накасіць ўжо да 1 чэрвеня. Так тармасяцца, бо на час стойлавага пэрыяду дзеля нармальнага ўтрыманьня летась у сярэднім было назапашана толькі 14 цэнтнэраў корму замест 22 патрэбных.

На тое, што такія дзеяньні супрацьзаконныя і абсурдныя, вэртыкаль не зьвяртае ўвагі. Але ніводнае прадпрыемства не выступіла супраць прымусу — з уладамі лепш не сварыцца. А як ужо там тыя гарадзкія працуюць, паказала правальная леташняя касавіца. Хто ж напрацуе «на дзяздьку»?..

Сёлетняя выканкамаўская пастанова дае прадпрыемствам пэўную свабоду дзеяньняў. Цяпер фірмы, якія ня хочуць шмат касіць, могуць, па ўзгадненьні з падшэфнымі гаспадаркамі, набываць сена на палову з калгасамі альбо рамантаваць для іх сельгастэхніку.

Сярод іншых захадаў улады па падвышэньні колькасьці кармоў — забарона іх вывазу за межы раёну. Адпаведны загад райвыканкаму падпісаны 7 лютага.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

Ядахімікаты — на склад!

Гарадзенскiя ўлады вырашылi змагацца з крадзяжом ядахiмiкатаў. Iх зараз ня будуць трымаць у калгасах, як раней, а на агульных складах з добрай аховай, адкуль калгасы змогуць атрымлiваць iх па частках.

Ядахiмiкаты даволi дорага каштуюць, таму iхны крадзеж дае добры прыбытак. Раней на Гарадзеншчыне была схопленая вялiкая хеўра, якая перапраўляла ў Польшчу кантрабандай крадзеныя калгасныя ядахiмiкаты. У гешэфце ўдзельнiчалi мытнiкi i памежнiкi з нашага i польскага бакоў.

С.М., Горадня

 

Безь яды ні туды і ні сюды

У Смаргоні на тых прадпрыемствах, дзе займаюцца перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі, становішча катастрафічнае. Празь недахоп малака на заводзе сухога абястлушчанага малака аб’ёмы выпуску прадукцыі зьнізіліся больш як на 20%. Менш выпускаюць цяпер і камбікармоў, і аўсяных круп.

М.В., Астравец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0