пазытывы

Круцельскiя грошы

 

Касiрка ўзяла банкноту ды пачала адлiчваць рэшту. Пералiчыўшы паперкi, яна раптам спахапiлася: сума ў руках была цi ня ў дзесяць разоў большая за тую, што насамрэч трэ было аддаць. Кабета даслала колькi красамоўных эпiтэтаў на адрас «дэнамiнатараў» ды пералiчыла рэшту наноў.

Як выявiлася, зусiм не абавязкова разумець прынцып дзеяньня iржавай фiнансавай машыны Беларусі, каб разжыцца за кошт дэнамiнацыi. Дастаткова толькi прыгледзецца да саміх рублёў.

З «новых» грошай спраўна прыбралi Пагоню ды тры залiшнiя нулi. Гэтага, вiдаць, падалося замала, i мастакi намалявалi яшчэ адну паперку з выявай Нацыянальнае бiблiятэкi вартасьцю 10 рублёў ды крыху зьмянiлi колеры банкнотаў. Мо зьмянiлi, а мо й пераблыталi. Так цi йначай, але колер «берасьцейскай» пяцiдзесяцiрублёўкi надта нагадвае белсаўпрофаўскiя паўмiльёны, а сотня з балетам для няпiльнага вока выглядае акурат як стары мiльён. Вось i робяцца беларусы (часьцей несьвядома) дробнымi махлярамi, калi расплочваюцца адной банкнотай тады, як патрэбны дзясятак такiх самых паперак. Што вы думаеце — такiя самыя беларусы бяруць гэтыя грошы, ня гледзячы, ды яшчэ i рэшту добрую даюць.

Дэнамiнацыя прывучыла народ несьвядома падманваць. Мы спрабуем лiчыць «па-новаму», хаця дэнамiнаваныя банкноты ўжо амаль два месяцы застаюцца маленькай кропляй у моры папяровых нулёў. Загадкавай дзесяцiрублёўкі ўвогуле амаль нiхто ня бачыў.

Некаторыя вяртаюцца да старой сыстэмы падлiку «на мiльёны», бо так больш звыкла, а значыцца, зручней. Але большасьць кажа «пяць», а дае пяць тысячаў, бярэ тысячу, а думае «адзiн». Здаецца, дэнамiнацыю можна было праводзiць i без выдаткаў на друк новых грошай — народ, як вынiкае, можа ўявiць сабе што заўгодна і ня бачыць таго, чаго ня трэба. А што, калi дэнамiнацыя — гэта толькi пачатак? Што, калi чарговы дэкрэт загадае лiчыць iнфляцыю зьнiжанай, скажам, у сто разоў, а заробкi ў сто разоў падвышанымi? Цi, як у Оруэла, нам скажуць: «Вайна ёсьць мiрам. Свабода ёсьць рабствам. Няведаньне ёсьць сiлай»?

Алесь Кудрыцкi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0