Чалавек дабіўся праўды

Прадпрымальнік зь Пінску, актывіст БНФ Мікалай Буры пры канцы лістапада быў арыштаваны на кірмашы.

У яго cканфіскавалі ўсе грошы ды яшчэ далі дзьве ночы адміністратыўнага арышту. Пасьля трох месяцаў змаганьня за праўду на гэтым тыдні ён нарэшце дабіўся, што гарадзкі суд прызнаў яго невінаватым.

60-гадовага прыдпрымальніка Мікалая Бурага арыштавалі на цэнтральным рынку за тое, што ён нібыта незаконна набыў 1 даляр ЗША і паклаў яго ў кішэню курткі. Калі пасьля абшукваньня даляра ў вонкавай кішэні не знайшлі, супрацоўнікі падаткавай міліцыі Петрашэвіч і Шчука абвінавацілі спадара Бурага ў тым, што валюту ён выкінуў па дарозе ў пастарунак, а потым увогуле зьмянілі абвінавачваньні і заявілі, што затрыманы купіў не адзін, а ўжо 20 даляраў. Але і 20-даляравай купюры ў прадпрымальніка не знайшлі. Са словаў міліцыянтаў, дык ён яе таксама выкінуў. У выніку, нягледзячы на шматлікія парушэньні супрацоўнікамі міліцыі існуючай працэдуры затрыманьня, нядбайнае вядзеньне пратаколу і іншае, судзьдзя Пінскага суду Лешчанка прысудзіў канфіскаваць у сп.Бурага ўсе грошы, што былі пры ім, а гэта ў пераліку больш за 100 даляраў, ды пасадзіць яго на двое сутак ў СІЗА. Але абласны суд, куды пацярпелы зьвярнуўся са скаргай, прызнаў, што справа вялася са шматлікімі парушэньнямі. «Пратакол судовага паседжаньня напісаны вельмі неахайна, пратакол агляду Бурага — нечытэльны» — гэта толькі некаторыя з заўваг абласнога суду. Рашэньне Пінскага суду было прызнанае несапраўдным, і зь Берасьця справа была адпраўленая назад у Пінск на перагляд да іншага судзьдзі. У выніку ўчора судзьдзя Татарэвіч пастанавіў, што грошы ў пацярпелага былі канфіскаваныя незаконна — іх вернуць. На жаль, пра двое сутак, ні за што праведзеных у камэры, ніхто не ўзгадаў. Пра абясцэньваньне грошай — таксама.

Дарэчы, сп.Буры добра знаёмы зь беларускай Фэмідай. Летась яго двойчы затрымлівалі на кірмашы за тое, што перад падпольнымі прэзыдэнцкімі выбарамі ён зьбіраў подпісы за Пазьняка.

Паводле афіцыйнай інфармацыі з пракуратуры, летась значна павялічылася колькасьць супрацьпраўных дзеяньняў міліцыянтаў. Колькасьць наўмысна сукрытых супрацоўнікамі міліцыі злачынстваў падвысілася амаль у два разы, да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнутыя 40 міліцыянтаў, каля 120 справаў вяліся супрацоўнікамі ГУУС з парушэньнямі правілаў.

Аляксей Дзікавіцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0