Лісты ў рэдакцыю

 

Падтрымаем Веру Церлюкевіч

Крыху са спазьненьнем прачыталі №6 ад 7 лютага, дзе гутарка зь Верай Церлюкевіч, якая падала позву ў суд на Зімоўскага. Уражвае, што жанчына здольная аддаць усю сваю пэнсію, ды яшчэ пазычыць дзеля абароны свайго гонару й гонару іншых людзей. А ці многа знойдзецца сярод нас, маладзейшых і здаравейшых за яе, ды са значна большымі заробкамі тых, хто гэтак жа «выкіне проста так» хоць бы чвэрць той сумы?

Зьвяртаемся да чытачоў «Нашай Нівы» і ўсіх добрых людзей: кампэнсуем разам страты спн.Веры ды дапаможам ёй, каб яна магла давесьці працэс да канца. Яна заслугоўвае нашай дапамогі. Дзеля гэтага дасылаем на адрас рэдакцыі 500 новых рублёў. Хай грошай будзе сабрана больш за тыя 15 мільёнаў, якія патраціла Вера, але менш за 3 мільярды, якія яна патрабуе праз суд. Гэта ўжо справа сумленьня сп.Зімоўскага.

Марына і Аляксандар, Менск

 

ТБМ памыляецца

У 1992 г. Камісіяй па культуры БНФ «Адраджэньне» была распрацаваная канцэпцыя адраджэньня гістарычнай гарадзкой тапанімікі Менску і наданьня новых найменьняў вуліцам, плошчам і іншым аб’ектам гарадзкога асяродзьдзя. Гэтую канцэпцыю падтрымала Тапанімічная камісія Беларускага краязнаўчага таварыства. Тая канцэпцыя зводзілася да наступнага:

1) Поўнае аднаўленьне гістарычных назваў дакаляніяльнага пэрыяду, найперш у межах Верхняга гораду і гарадзкога валу (гэта рэальныя сьведкі незалежнасьці Беларусі — ВКЛ і самакіраваньня Менску). Гістарычны цэнтар гораду — запаведнік архітэктуры, гістарычны і тапанімічны.

2) Захаваньне назваў каляніяльнага акрэсу, узьнікненьне якіх адбылося натуральным чынам на мясцовай глебе і традыцыях, ды якія цалкам адпавядаюць беларускім моўным асаблівасьцям, і якія не абцяжараныя элемэнтамі каляніяльнай, імпэрскай ідэалёгіі.

3) Аднаўленьне мясцовай мікратапанімікі на абшарах былых прадмесьцяў і сучасных новых раёнаў гораду (напр. Ляхаўка, Цівалі, Каменная Горка і г.д.)

4) Запаўненьне тапанімічных пустак і перайменаваньне назваў каляніяльнага акрэсу нацыянальным гістарычным і культурным матэрыялам.

У гэты блёк траплялі імёны выдатных дзеячоў гісторыі і культуры Беларусі ад Рагвалода, Усяслава Чарадзея ды Эўфрасіньні Полацкай да Вітаўта Вялікага, Льва Сапегі, Радзівілаў, Ф.Багушэвіча ды М.Багдановіча.

Імя Ф.Багушэвіча прапанавалі надаць вуліцы Чырвонаармейскай (каляніяльная назва Скобелеўская). Такі выбар быў не выпадковы: вуліца прылягае да гістарычнага цэнтру, на ёй разьмешчаны Нацыянальная Бібліятэка і гістфак БДУ. Канцэпцыю перадалі ў Менгарвыканкам, але там жа і пахавалі. Хоць прапанова слушная.

У сувязі з гэтым вялікае зьдзіўленьне прапанова ТБМ аб наданьні імя Ф.Багушэвіча вул.Інтэрнацыянальнай. Гэтая вуліца мае гістарычныя назвы: у адзін бок ад Дамініканскай (Энгельса) — Панцырная, або Вялікая Зборавая, у другі бок — Валоцкая, або Валокі Полацкія. Вуліца ў гістарычным цэнтры гораду, і назвы яе ўяўляюць вялікую гістарычную і культурную каштоўнасьць. Прапанова ж ТБМ неабдуманая і небясьпечная.

Гэты ж ліст я дасылаю сп. У.Ярмошыну.

М.Купава, старшыня Нацыянальна-культурнай камісіі Партыі БНФ

 

Прысьвячаецца Віктару Шніпу

Адзін сабака ўстаў раніцай, глянуў у люстэрка, а на яго глядзіць адтуль Граждан. Пайшоў тады сабака ў ЗАГС і зьмяніў сваё прозьвішча на Саграждан.

В.В., Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0