Беларуская алімпіяда па матэматыцы

 

На пачатку 1999 году, калі на зімовых вакацыях найбольш падрыхтаваныя старшаклясьнікі зьехаліся ў Магілёў на традыцыйную абласную алімпіяду, ім было прапанавана па заканчэньні паўдзельнічаць у яшчэ адной — беларускай матэматычнай алімпіядзе, на якой патрабавалася разьвязаць толькі адну задачу з запісам разьвязаньня на беларускай мове. І якасьць матэматычнага разьвязаньня, і якасьць выкарыстанай мовы ацэньваліся ў балах, па суме якіх і вызначаліся пераможцы. Патрэба ў такой алімпіядзе, на думку яе ініцыятараў, магілёўскага ТБМ і суполкі «Кола сяброў», была абумоўленая дыскрымінацыяй беларускай мовы і апартэідам беларускамоўных.

Журы дадатковай алімпіяды ў прызначаны дзень і час чакала добраахвотнікаў у вялікай зале ўнівэрсытэту і гадала, колькі прыйдзе. Хваляваньне было натуральным, бо і асноўная двухдзённая алімпіяда стаміла ўдзельнікаў, і дадому сьпяшаліся — дзень быў разьезны. Прыйшлі 27 школьнікаў. Пераважна з элітных установаў абласнога цэнтру. Натуральна, у паловы з мовай былі праблемы. Цікава, што добрая мова была ў тых навучэнцаў ліцэяў, гімназіяў, якія вырасьлі ў горадзе, дзе мовай карыстаюцца меней.

Перамог у алімпіядзе ня той, хто лепш ведаў матэматыку і добра ўмеў разьвязваць матэматычныя задачы, а той, хто спалучаў гэтае майстэрства з майстэрствам валоданьня мовай: Букарава Дзіяна, Рыгор Міхалап і Антось Кавальчук. Лепшае матэматычнае разьвязаньне было ў Юрася Грушэцкага, але нізкія балы за мову адкінулі яго ўрэшце толькі на шостае месца.

Слушнасьць ідэі магла выявіць толькі другая такая алімпіяда, бо першую не было з чым параўноўваць. І вось роўна праз год «алімпійцы» вобласьці былі зноў запрошаныя пазмагацца за пяць прызоў ТБМ. На гэты раз прэтэндэнтаў было ўжо сорак. Шырэй адгукнуліся раёны. Выявілася, што некаторыя настаўнікі матэматыкі ўжо чакалі такой алімпіяды і рыхтавалі «пад яе» сваіх вучняў. Асобныя вучні прыехалі адмыслова на гэтую алімпіяду. Такім чынам, ідэя беларускай алімпіяды прыжываецца, пра што сьведчылі і цёплыя словы настаўнікаў на адрас арганізатараў. Шэсьць удзельнікаў былі ўжо знаёмымі журы, яны прыйшлі паспаборнічаць другі раз.

Важным для нас было і тое, што настаўнікі станоўча ацэньваюць зьмест прапанаваных задач. Тут сапраўды ёсьць праблема. Арганізатары абласных і рэспубліканскіх алімпіяд за 40 гадоў перабралі традыцыйнае кола школьных задач і цяпер нібыта вымушаныя ўключаць задачы, тэматыка якіх усё далей адыходзіць ад школьнай праграмы. На разьвязваньні такіх задач адмыслова натрэніроўваюцца асобныя вучні, найперш прэтэндэнты на «алімпійскія» прызы з прэстыжных установаў (дзе перамогі на алімпіядах лічацца абавязковымі). І атрымліваецца, што перамагае на алімпіядзе не найразумнейшы (як гэта і павінна быць), а той, хто лепш намуштраваны на пэўнага характару задачах.

І настаўнікі адразу заўважылі і адзначылі, што задачы беларускай матэматычнай алімпіяды выгодна адрозьніваюцца: яны не выходзяць за межы школьнай праграмы, але патрабуюць здольнасьці варыятыўна карыстацца набытымі ведамі.

Але галоўнае выявілася пасьля таго, як працы вучняў былі правераныя. Якасьць узрасла — і матэматычных разважаньняў, і — асабліва! — мовы.

Лепшае матэматычнае разьвязаньне задачы і на гэты раз было знойдзена ў таленавітага хлопца Ю.Грушэцкага. Але цяпер і ягоная мова была адной зь лепшых: адна памылка на 50 словаў. На гэты раз ён не пакінуў нікому шанцу апярэдзіць сябе. І Грушэцкі не адзін такі. З шасьці паўторных удзельнікаў пяць палепшылі сваю мову.

Рыгор Міхалап пры відавочным росьце і ў матэматыцы, і ў мове зноў апынуўся на другім месцы. А трэцяе заняла Дзіяна Скачкова з Крычава. Нечакана, бо Дзіяна прыехала ў Магілёў на абласную алімпіяду па беларускай мове, па заканчэньні якой вырашыла паспрабаваць свае сілы і ў матэматычнай алімпіядзе.

Магілёўская арганізацыя ТБМ зьвярнулася да Міністэрства адукацыі з прапановай правесьці аналягічную алімпіяду для ўсёй краіны. І тады берасьцейцы (бо ў гэтым годзе рэспубліканская матэматычная алімпіяда праводзіцца ў Берасьці) атрымаюць унікальную магчымасьць удзельнічаць у І-й беларускай матэматычнай алімпіядзе Беларусі: удзел у ёй будзе вольнадаступным.

Натуральна, што існаваньне дзьвюх паралельных алімпіядаў — ня норма. Наша мара, каб новая алімпіяда як мага хутчэй зьнікла з-за адсутнасьці патрэбы ў ёй, бо беларускімі стануць алімпіяды дзяржаўныя. Але гэтага давядзецца пачакаць.

Міхась Булавацкі, Магілёў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0