БТ вачыма беларуса

Сумленьне Шарамета

 

Як і трэ было чакаць, гучныя фразы пра ледзь ня заўтрашняе адкрыцьцё другога нацыянальнага каналу выйшлі пшыкам. Раструбілі дый змоўклі. Не таму, што расхацелі, а таму што зразумелі — аднаго жаданьня мала. Між тым, нават расейскія грошы так хутка ў цяперашнюю Беларусь зацягнуць не ўдалося.

Са словаў Кісяля, перадумалі ўжо перакрываць ОРТ. Быццам бы будуць ствараць новую сетку вяшчаньня, каб і любым расейцам не перашкаджаць, і вяшчаць на ўсю краіну якасна. Рабіць тое будуць, безумоўна, разам з замежнымі інвэстарамі. І дзе ж тых інвэстараў пад гэткі круты праект шукаць?! Хто дасьць грошы на тэлебачаньне, якое павінна стаць «правадніком пэўнай сацыальнай тэндэнцыі, скіраванай на фармаваньне прагрэсіўнай грамадзкай сьвядомасьці», і даваць «адпаведны ідэалягічны адпор апазыцыі» (цытуем Мясьніковіча)?

А пра тое, на што нам ОРТ, вельмі красамоўна кажа той факт, што й Павал Шарамет там ужо працаваць не жадае. Ён вярнуўся ў Менск і напісаў заяву на імя генэральнага прад’юсэра ОРТ Канстанціна Эрнста, у якой кажа, што адмаўляецца болей браць  удзел у стварэньні праграмы «Время», бо ня меў пры гэтым ніякай незалежнасьці. Паводле ягоных словаў, за яго вырашалі, пра што гаварыць, як гаварыць і нават дробныя акцэнты расстаўлялі. Ягоную ж новую ўласную праграму пра міжнародныя падзеі ўвогуле дагэтуль не пускаюць у эфір. За гэтай заявай, відавочна, стаіць сорам як за цяперашнюю палітыку Расеі, так і за «лёкайскую» пазыцыю расейскай журналістыкі.

А «Народны альбом» зь ягонай абноўленай вэрсіяй у паўнюткай канцэртнай залі «Менск» з БТ не здымаў ніхто. Здымала толькі фінская дзяржаўная тэлерадыёкампанія. Прад’юсар «ФТ» Ілона Лаўрыкайнэн сказала, што гэта ім вельмі цікава, што музыка — супэр і што, як у Суомі паглядзяць запіс канцэрту, дык можа й да сябе запросяць.

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0