турма

Снобы з Усходу

 

З увагі на інтэграцыйную трасцу апошніх гадоў, трэба асобна сказаць пра грамадзян Расейскай Фэдэрацыі ў нашай калёніі. Сярод небеларусаў тут іх, бадай, найбольшая колькасьць.

З тых часоў, як па ўсіх напрамках сёньняшняга жыцьця ўсчаўся інтэграцыйны лямант, я вельмі раўніва прыглядаюся да тых, з кім у будучыні, магчыма, прыйдзецца зьліцца ў жарсных абдымках братняй любові. Мала хто ўсур’ёз задумваецца пра наступствы хаўрусу з Расеяй з турэмнага боку. Мне здаецца, што менавіта тады нашы родныя й без таго кволыя (у сэнсе здольнасьцяў барацьбы з сапраўднай злачыннасьцю) праваахоўныя органы завыюць па-сапраўднаму. Бо пацякуць шматводнай ракой у Беларусь чырвоныя марынаркі «сонцаўскіх», «тамбоўскіх», «яраслаўскіх», безьліч іншых дробных і буйных бандыцкіх груповак, а таксама легіёны «вольных мастакоў» крадзяжоў і гвалту.

Расейцы ў калёніі — жудасныя снобы. Яшчэ й вельмі пагардлівыя. Прытым зусім беспадстаўна. Увесь час яны енчаць аб тым, якая дзярмовая краіна Беларусь, які гэта мянтоўскі край, які скамарох Рыгоравіч, які тут затурканы, другасны народ і г.д. Яны трымаюцца асобнымі групкамі, лічачы сябе вялікімі эстэтамі, з вышыні гледзячы на астатніх. Між тым, астатнім гэтае стаўленьне абсалютна да фені. Усе гэтыя незрэалізаваныя «новыя рускія» жлабы нагадваюць пэрсанажаў вядомага анэкдоту пра няўлоўнага Джо. Няўлоўнага таму, што нікому не патрэбны. Сапраўды, усе гэтыя вышэй азначаныя вязьні — гэта ніжэйшы эшалён расейскага крыміналітэту, які пацягнуўся ў Беларусь, дзе яшчэ ў пэўным сэнсе нічога не падзелена (NB: але мы з вамі добра ведаем, хто на самой справе ў беларускай хаце гаспадар!), — празрыстая мяжа, побач наетая Польшча, аўташаша эўрапейскага значэньня і да таго падобныя спакусы.

Цікавая дэталь: у дачыненьні да амаль усіх асуджаных расейцаў ажыцьцяўляецца своеасаблівы «апартэід» з боку нашых айчынных судзьдзяў. Бедакі атрымалі дадаткова 2—3 гады звыш звычайнага для падобных дзеяньняў тэрміну літаральна «толькі за тое, што ты сюды прыехаў». Іншым сказам, за што братка-беларус атрымлівае пяць-сем гадоў турмы, расеец — усе дзесяць, а то й больш.

...Тутэйшыя рускія «пацаны» найбольш прыемным заняткам чамусьці лічаць набыцьцё і гартаньне выдатна ілюстраваных «аўтамабільных» часопісаў. Лічаць сябе выбітнымі знаўцамі ў гэтай галіне. Але аб якасьцях уласных самаходаў сьціпла не распавядаюць. Ну, і канечне, паводле іхных легендаў, кожны меў у сваіх маршансках нейкі ашаламляльна прыбытковы бізнэс, мех баксаў, тузін даўганогіх мадэлек-палюбоўніц, уласную «бэрэту» ў кішэні і кожны неаднаразова ўдзельнічаў у крывавых «разборках». Калі мяне «дастае» слухаць гэтае трызьненьне, я заўжды задаю прамоўцу забойнае пытаньне: «Калі ты такі з усіх бакоў круты, дык навошта ты да нас прыпёрся?!»

Уцямнага адказу яшчэ ніколі не было...

Зьміцер Гарбуноў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0