Аляксей Фралоў

На Палесьсі ёсьць сьвятыні

Нібы зь іншага сусьвету, з мрояў ці легендаў. Іх няма ў Зборах помнікаў, у энцыкляпэдыях, часам пра іх ня ведаюць і маладзейшыя мясцовыя жыхары. Толькі бабулькі й дзяды адкажуць на вашае пытаньне станоўча і, нібы па сакрэце, адкрыюць вам ня толькі шлях, як туды дабрацца, але й якое таямнічае паданьне...

 

У Кажан-Гарадку, на ўскрайку, ёсьць узвышша, якое тутэйшыя людзі называлі Відушавай гарой. Гавораць, нібы менавіта на ёй быў пахаваны слынны рымскі паэт Авідый, які быццам загінуў тут, на Палесьсі. З таго часу гару пачалі называць Відушавай, а побач з тым славутым пахаваньнем яшчэ ў даўнія часы зьявіліся магілы вядомых (і ня вельмі) мясцовых жыхароў... Магчыма, акурат той пагорак, дзе сёньня могілкі, зьвязаны зь легендаю. Можа й не. Але дакладна тое, што на тых могілках у Кажан-Гарадку, прыхаваная старымі хвоямі й густымі ялінамі, стаіць драўляная капліца. Гэты невялікі старадаўні храм, не зафіксаваны ў энцыкляпэдыях, нібы прыйшоў зь беларускіх казак. Суворыя, сьцямнелыя ад часу бярвеньні неашаляваных сьценаў утвараюць аднанэфавы аб’ём з трохграннай апсыдай. Чатырохсхільны дах абапіраецца на шырокія кансолі. Вэртыкальныя нашчыльнікі, прастакутныя невялікія вокны зь ліштвамі сьціпла рытмізуюць экстэр’ер. У інтэр’еры, у алтарнай частцы, праглядаюцца простыя барочныя рэмінэсцэнцыі. Усё выглядае на тое, што храму ня менш як 150—200 гадоў. Асабліва заварожвае фасад капліцы з арыгінальным драўляным «парталам» і даўнім звонам, прымацаваным пад самым карнізам...

Кажуць, у 1863 годзе ў Кажан-Гарадок прыйшлі паўстанцы Каліноўскага. Яны хаваліся пэўны час у старой драўлянай капліцы...

 

Капліца, прывіды і Ленін

Гісторыю яшчэ аднаго палескага помніка — мэмарыяльнай капліцы ў гонар вызваленьня сялянаў ад прыгону 1861 году — распавёў нам адзін ленінец (жыхар вёскі Ленін). Пэўна, ён мае рацыю — каплічка пабудаваная ў канцы 60-х — у 70-я гады ХІХ ст., гэта відаць па псэўдарускіх галоўках. Але ў астатнім — помнік вельмі самабытны. Невялічкі, амаль квадратны ў пляне драўляны аб’ём з інтэр’ерам, адкрытым празь вялікую паўцыркульную арку ўваходу ў навакольную прастору. З бакоў, у ваконных праёмах, дзе раней нібыта былі вітражы, зьвісаюць напаўабарваныя ветрам тканіны — «запавесы». Ад сьнегу і дажджу яны прыкрываюць невялічкі алтар з абразамі, над ім правісае падшыўная столь «а ля купал»... Выгляд амаль містычны, як у Міцкевіча («Ані сьвечак, ні газьніцаў. Вокны ўскрыйце тканіною...»)

Асабліва рамантычная капліца ўночы, калі прывіднае месяцовае сьвятло прабіраецца скрозь чорныя лапы-галіны вялізных дрэваў. Праўда, мясцовыя людзі пабойваюцца хадзіць тут у цёмную пару. Штось палохае іх на тых могілках. І, мабыць, ня прывід камунізму... Кажуць — гэта тутэйшы анэкдот:

«Звычайна жыхары як сьцямнее, абыходзяць тое месца за мілю. Але было неяк адной жанчыне ніяк не абмінуць шляху праз могілкі — ён быў найкарацейшы, а яна вельмі сьпяшалася дадому...

Пад вечар падняўся вецер. Чорныя цені дрэваў поўзалі па зямлі, высьветленыя поўняй. Жанчынка з жахам адмервала крок за крокам. Мінуўшы капліцу, яна паступова набліжалася да цёплых агеньчыкаў вясковых хатаў. А вось на ўскрайку могілак і абрыс нейкага чалавека — узрадавалася жанчына і пабегла насустрач.

— Пачакайце, як добра, што я вас сустрэла! Цяпер ужо будзе нястрашна дайсьці да вёскі!

— А чаго вы баіцеся?

— Ды ведаеце, кажуць — розныя здані, прывіды ў поўню з грабніцаў вылазяць. Але цяпер, разам, мне нястрашна!

— І сапраўды, не разумею, чаму людзі нас так баяцца, — адказаў абрыс...»

Тыя могілкі з капліцай знаходзяцца на ўскрайку паселішча Леніна — раней мястэчка, а сёньня вёскі ў Жыткавіцкім раёне. Яго гучнае імя таксама мае легендарны корань. У прывілеі Жыгімонта Аўгуста князю Юр’ю Алелькавічу ад 1568 г. на заснаваньне мястэчка згадваецца яго назва — Ленін (упершыню ў пісьмовых крыніцах). Як бачыце, тапонім існаваў яшчэ да разбудовы паселішча. А вось што гаворыць легенда пра яго паходжаньне:

«Валодаў гэтымі мясьцінамі добры багаты пан. У яго была жонка Алена, якую гаспадар вельмі кахаў. Да дня жончыных імянінаў захацеў пан зрабіць любай дарагі падарунак, які нельга ні разьбіць, ні згубіць. Вось і выбраў ён маляўнічае месца ў сваіх уладаньнях, на беразе рэчкі Случ, і збудаваў для жонкі прыгожую сядзібу. Назваў пан, а за ім і іншыя людзі той маёнтак Аленін, ці Ленін. Стуль і назва мястэчка, якое вырасла вакол сядзібы».

А зараз, на падставе вышэйпаданай інфармацыі і легенды, выкажам гістарычную гіпотэзу:

Заснавальнік мястэчка, князь Слуцкі, удзельнік Лівонскае вайны Юры Алелькавіч пры атрыманьні прывілея на разбудову мястэчка верагодна ўжо меў у спадчыне гэтыя землі са згаданым тапонімам. Ягоны бацька, таксама Юры Алелькавіч, князь Слуцкі, удзельнік Аршанскае бітвы 1514 году, быў жанаты з Аленай, народжанай Радзівіл. Магчыма менавіта для яе стары пан Алелькавіч зрабіў той легендарны падарунак — сядзібу з імём каханай князёўны Алены.

Назва гэтая дайшла да нашых дзён, але набыла іншае адценьне. Паводле досьледаў мясцовага краязнаўцы-ленінца Ўладзімера Баярына, менавіта гэтай нашай вёсачцы зь пяшчотнай назвай сусьветны пралетарыят абавязаны «славным именем вождя». У 1895 годзе Ільіч спыніўся ў Вільні. Каб распаліць сусьветны пажар рэвалюцыі, патрэбныя былі вялікія матэрыяльныя ўліваньні, патрэбны быў стартавы капітал. Ці добра, ці дрэнна ішло ў яго зьбіральніцтва, але надзвычай прадуктыўнай для справы рэвалюцыі аказалася сустрэча з багатымі габрэйскімі купцамі зь мястэчка Ленін. Ільіч быў вельмі натхнёны аказанай яму падтрымкай і паразуменьнем. У памяць пра сустрэчу, у знак братэрства й падзякі гаспадам-таварышам ён узяў дарагую сэрцу назву іх радзімы сабе за псэўдонім. Ленінскі краязнаўца мог бы дэталёва распавесьці пра гэты факт, бо шмат часу прысьвяціў яго дасьледаваньню і мае дакумэнтальныя зьвесткі. Сярод іх — сьведчаньні пра тую сустрэчу саміх ленінцаў, якія пасьля пераехалі ў Ізраіль. Афіцыйная ж вэрсія пра падзеі на рацэ Лена — пазьнейшая і больш ідэалістычна-рамантычная. Ульянаў-Ленін быў вялікі матэрыяліст.

 

Забытая спадчына

Мабыць, толькі цікаўныя птушкі зьлятаюць сюды «душамі» з высокіх дрэваў, з-пад нябёснага купалу апускаюцца засмучаныя анёлы на паўзламаны «драўляны каўчэг» — старажытную капліцу ў вёсцы Пагост (на Тураўшчыне). Яна стаіць на могілках на ўскрайку вёскі, прыкрытая ад чужога вока маляўнічымі векавымі дрэвамі. На некаторых зь іх таямнічымі абярогамі зьвісаюць старыя калоды. Яны, даўно пакінутыя пчоламі, часта глядзяць у навакольле прарэзамі ў форме сэрца. Здаецца, што мясцовы майстар, адыходзячы з гэтага сьвету, падарыў роднай зямлі частачку сваёй душы. Ён пакінуў вартаўнікоў-назіральнікаў, якія зь любоўю сочаць за сьвятынямі дзядоў — даўнімі крыжамі і старым драўляным храмам, нібы перанесеным зь іншага часу, выкінутым ракою жыцьця на вечны спачын, у прастору забыцьця, на могілкі, куды не дабраліся ні разбуральнікі, ні ахоўнікі спадчыны...

Тыя арыгінальныя мясцовыя крыжы маюць старажытную аснову, простую лацінскую форму, а не чужую, «рускую», як называюць на Палесьсі пазьнейшыя крыжы з дадатковай дыяганальнай перакладзінай. Надзвычай цікавая і сама капліца, якая таксама ня ўключаная ў Збор помнікаў... Пабудову можна датаваць не пазьней як XVIII ст. Многае кажа пра яе барочную стылістыку. Храм складаецца з асноўнага прастакутнага аб’ёму і падобнай (трохі меншай) апсыды, якую яшчэ пакрывае прыгожы гонтавы дах. Па ўсім пэрымэтры пад карнізам праходзіў прыгожы аркатурны пояс, які фрагмэнтарна захаваўся. Тонкі трохпалосны сандрык (з арнамэнтальнай разьбою пасярэдзіне) аздабляе простыя абрамленьні вокнаў і ўваходаў у капліцу. Над цэнтральнай часткай разьмяшчаўся васьмігранны сьветлавы барабан з чатырма лучковымі праёмамі вокнаў, празь якія ў храм праліваліся скрыжаваныя промні сьвятла. На жаль, зараз уся гэтая прыгожая канструкцыя разам з праваленым дахам асноўнага аб’ёму ляжыць пасярод храму і паволі гніе пад сьнегам. Як і рэшткі трохкутнага фасаднага франтону, што ляжаць на зямлі, прыхіленыя да сьцяны. Толькі рупліва прывязаны адвечным белым з чырвонай арнамэнтыкай ручніком да пазасталага апсыднага слупа крыж сымбалічна сьведчыць, нягледзячы на агульнае забыцьцё і запусьценьне, што гэта ўсё ж месца памяці і месца надзеі... На Адраджэньне.

 

Анёлы — людзям!

Тры «невядомыя» палескія капліцы — у Кажан-Гарадку, вёсцы Ленін і вёсцы Пагост — існуюць нібы ў іншым часе і вымярэньні, там, дзе няма Збораў, рэестраў, сьпісаў, Камітэту па «ахове» гісторыка-культурнай спадчыны, ды й аховы сапраўднай. Пра іх не пісалі, а мо й ня ведаюць знаныя навукоўцы, нібы няма тых храмаў. Дасьведчаныя людзі кажуць, што за савецкім часам многія культавыя будынкі спэцыяльна не былі ўнесеныя ў Збор помнікаў, каб не было там іх зашмат. «Няма помніка — няма праблемаў».

А каплічкі тыя перажылі ўсё, перахаваліся за высокімі цьвінтарнымі дрэвамі, каб нагадваць тутэйшым людзям пра самае важнае ў жыцьці, пра Божыя Запаветы, Родны Край і, як тыя анёлы, пра Сьвятую Веру.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0