«НАРОДНЫ АЛЬБОМ» У МЕНСКУ

 

У суботу 26 лютага ў канцэртнай залі «Менск» ігралі «Народны Альбом». У Менску імпрэзы чакалі два гады — ад першай ТЮГаўскай прэзэнтацыі ў 1997 годзе.

Заля ведала ўсе словы, а «Надзеньку» дык сьпявала хорам разам з inсognito, чыю ролю выконваў Вольскі з натуральным «чымаданам пустым у руках». На думку аўтара тэкстаў Міхала Анемпадыстава, гэты момант стаўся кульмінацыяй канцэрту. «Мы цэлыя два гады не выступалі ў Беларусі, — кажа Міхал Анемпадыстаў. — За гэты час праект адшліфаваўся і загартаваўся, мы прывезьлі якасна іншы прадукт. «Народны Альбом» — гэта найперш відовішча».

Заля зьдзівіла іншым — гледачы танчылі нават седзячы. Пакуль «Альбом» бадзяўся «ў Эўропе», народ вывучыў песьні зь яго на памяць. Ужо неўзабаве па запісе «Альбому» ўвосені 1996 году ў апусьцелай студыі зачыненага «Радыё 101,2» на імя музыкаў і радыё пайшлі лісты з просьбамі пра ноты да «Альбому». Публіка апошняй «альбомаўскай» імпрэзы зьдзівіла яшчэ пярэстасьцю свайго ўзроставага складу. Найперш — вялікай колькасьцю дзяцей.

«Народны Альбом» — гэта сьцёб ня толькі з савецкіх ці польскіх штампаў, але й зь беларускіх нацыянальных мітаў пра Заходнюю Беларусь. Але захоплівае «Альбом» ня столькі сьцёбам, колькі душэўнасьцю, музычным апавяданьнем пра тое, як «пад прыгнётам панскім дзетак гадавалі».

Сантымэнт да эпохі 20—30-х гадоў жыве ці не ва ўсёй Эўропе. Бо ж гэта быў кароткі і радасны перадых між жахамі дзьвюх войнаў. А мы яго ўспрымаем і як пэрыяд, калі жылі яшчэ суайчыньнікі, якія ня ведалі савецкае ўлады. «Народны альбом» — цалкам у стылістыцы часу, у які ён нас пераносіць, гэта крыху м’юзікл, крыху кабарэ, часам апэрэта. Усё разам — фэерыя. Сапраўды народная.

Вінцэсь Кутрынка