Героі і ахвяры
Фільм «Адважнае сэрца» з удзелам Мэла Гібсана выйшаў у перакладзе на беларускую мову
От здарылася. Жыў у нашым мястэчку адзін добры чалавек. А потым ехаў з пушчы лесавоз, зачапіў яго бервяном. Памёр, а дзеці збэсьціліся. Сын сядзеў, кажуць, і прапаў недзе пасьля турмы. Дачка скурвілася дый нарадзіла байстручка. Бегае цяпер сам сабе: смаркаты, мурзаты, нахабны і зладзейкаваты. Хто пра ягонага дзеда згадвае? Дзіцё тое людзям, як стрэмка.
Бывае гэтак і з цэлай нацыяй. Курды, баскі, чачэнцы… Трапілі яны, як Марка ў пекла. Ганяць іх па-ўсякаму: крываносыя яны, і крывадушныя, і крыважэрныя. Надта беспакойныя. Трэба супакойваць. Што ім муляе?
Насамрэч, усё ў іх як у астатніх. Толькі волі бракуе. Волі ў сваім краі. Краю свайго няма ў іх. Нібыта на сваёй зямлі жывуць… і не на сваёй.
Вялікая дзяржава, як багаты чалавек, калі прыдбала што, задарма не аддасьць. У вялікай дзяржавы ёсьць закон і войска, грошы і судзьдзі, шпегі і каты. Усё ёсьць, каб трымаць свой парадак. Знойдзецца заўсёды вяроўка ці сякера на долю якога там МакВолеса ці Каліноўскага.
Бо паміж незадаволеных, якіх шмат, бывае народзіцца адзін, пра якога складаюць потым казкі і міты.
Ці хацеў МакВолес прагнаць ангельцаў? Так. Але перш ён хацеў мець зямлю, жонку, дзяцей і нікога не чапаць. Сам гэтак казаў. А ці хацеў ён жудаснай і пакутлівай сабе сьмерці? Не.
Стань на калені і жыві, дазваляюць слугі вялікай дзяржавы. Аддай свае грошы нашым судзьдзям, кажуць яны. Аддай сваіх сыноў, каб яны забівалі нашых ворагаў, патрабуюць яны. Але судзьдзі тыя судзяць ня нашым законам і ворагі тыя нічога нам не павінны, бо дзяржава ня наша. Што рабіць?
Нехта цярпіць. Герой паўстае. Ён перамагае. За ім ідуць. Працятыя нянавісьцю, болем, страхам, брудныя, няголеныя, бязьлітасныя мужчыны. Іншых мала на вайне. Яны не ўцякаюць, бо згадзіліся памерці. Сьмерць побач. Ня кожны ўстрымаецца, каб не рабіць дрэннага.
Калі войска паўстанцаў падыходзіць да гораду, людзі перад ім уцякаюць, каб схавацца за мурамі. Проста людзі. Цягнуць нейкія бябехі, гоняць авечкі. Авечак жа могуць адабраць і зьесьці, а жанчын — згвалціць. Бо гэта — вайна. І ад таго, што яна за волю, за родны край, за зямлю крэўных, вайна ня робіцца іншай.
Асырыя, Ягіпет, Рым, Арда, Расея, Аўстрыя, Брытанія, Турцыя, Трэці Райх, СССР: колькі было імпэрыяў і зьнікла. Дзе тыя, што стваралі і разбуралі іх? Сплываюць рэкі крыві. Застаюцца аскепкі ўспамінаў. Гонар нацыяў за сваіх герояў, што нарадзіліся ў свой час.
А каторыя пасьпяшаліся ці не пасьпелі? Як той акавец, што біў кароткімі чэргамі з гарышча падпаленай хаты ў 54-м? Гэта шарагоўцы, ахвяры.
Пра тое, што можна аддаць за волю, пра тое, што мусіш аддаць за волю, — фільм з Мэлам Гібсанам пра героя. Моцны і сумны. Фільм агучаны па-беларуску, і мова тут гучыць натуральна. Няхай бы падлеткі глядзелі. Выхоўвалі ў сабе павагу да патрыятызму.
Але ня дай Божа, каб беларусам зноў спатрэбіліся героі.
Міхал Залескі