Найбуйнейшы музэй найноўшага мастацтва

«Арт-сэзон» — традыцыйная калектыўная мастацкая выстава, на якой Полаччына падрахоўвае культурныя здабыткі мінулага году. Адмыслова да гэтай падзеі традыцыйна выдаецца аднайменная газэта. Сёлета ў газэце гаварылі пра здабыткі апошняга дзесяцігодзьдзя і пра эвалюцыю мастацтва. Сяргей Шыдлоўскі ў сваім невялікім эсэ «Полацкая марка» напісаў: «Полацак — горад жывых, і ўсе ягоныя нэкропалі, крушні, лябірынты-клады маюць духовы сэнс, толькі матэрыялізаваўшыся ў міце — міце сучаснага квітнеючага гораду — першай і найпершай сталіцы беларускага мастацтва». Шыдлоўскі заклікае ўсіх палачанаў мэтанакіравана папрацаваць на гэты жыцьцядайны міт.

У «Арт-сэзоне-99» узялі ўдзел як вэтэраны і дэбютанты. Зь Віцебску са сваімі творамі прыехалі былыя ўдзельнікі полацкага мастацкага аб’яднаньня «4-63» — Васіль і Галіна Васільевы. Побач свае творы прадэманстравала новая полацкая мастацкая суполка «Белы круг». Уразіў наваполацкі мастак Ігар Куржалаў сваім «мадзільянеўскім» трыпціхам «Камуналка», прысьвечаным вечнай тэме — каханьню.

Адметнасьцю сёлетняга «Арт-сэзону» стаўся шырокі ўдзел фотамастакоў. Побач зь вядомымі на Полаччыне майстрамі Э.Цецярэўскім, А.Елькіным, А.Дубатоўкам свае творы паказалі дэбютанты: Віктар Ушак (новы загадчык аддзелу культуры Полацкага гарвыканкаму) і Кірыл Смалякоў (навучэнец 11 клясы наваполацкага ліцэю).

У дзень адкрыцьця «Арт-сэзону» адбылася прэзэнтацыя яшчэ аднаго праекту, грандыёзнага і доўгатэрміновага. У залі быў выстаўлены макет другога паверху Полацкай карціннай галерэі, якая зойме адрэстаўраваную частку былога Езуіцкага калегіюму. Гэта будзе найбуйнейшы музэй беларускага выяўленчага мастацтва ХХ стагодзьдзя.

Алесь Козік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0